ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 11 мая 2021
Мінск Ясна +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 сакавіка 2021, 13:58

Амаль 2,3 тыс. медработнікаў Мінска прышчэплены ўжо ад каранавіруса

Фота з архіва
Фота з архіва

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталіцы вакцынай "Спадарожнік V" прышчэплены ўжо амаль 2,3 тыс. медыцынскіх работнікаў. Аб гэтым расказала сёння загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Хомчанка на семінары гарадскога Цэнтра здароўя для спецыялістаў па ЗЛЖ устаноў аховы здароўя Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэты пастаянна дзеючы семінар адбыўся ўпершыню пасля гадавога перапынку. У парадку дня - вакцынацыя ад COVID-19 у Беларусі: на семінары кампанія вакцынацыі аб'ектыўна разгледжана і прааналізавана спецыялістамі цэнтра.

Эпідсітуацыя па COVID-19 у свеце такая, што на 1 сакавіка захварэлі ўжо больш за 113 млн чалавек, больш за 2,5 млн памерлі. І за апошнія сем тыдняў Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначае рост захваральнасці ў шасці рэгіёнах свету. Гэта сведчыць аб тым, што расслабляцца рана. Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваны 288 267 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (на 1 сакавіка). Выздаравеў 278 661 пацыент з раней пацверджаным дыягназам COVID-19.

Кацярына Хомчанка адзначыла, што ў Мінску былі распрацаваны планы мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання віруса, адзін з важных блокаў у якіх - вакцынацыя. Тактыка такая: спачатку прышчапляюць групы рызыкі (медыцынскія, сацыяльныя работнікі, педагогі), ахоп якіх павінен быць не меншы за 75 працэнтаў. На другім этапе будуць рабіць прышчэпку людзям старэйшым за 61 год, якія маюць рызыку развіцця ўскладненняў ад перанесенага захворвання, потым работнікам арганізацый, якія адказваюць за жыццезабеспячэнне Мінска, потым усяму астатняму насельніцтву - усяго не менш за 60 працэнтаў. Дзеці да 18 гадоў не вакцынуюцца, а гранічнай узроставай планкі няма. Створаны ўсе ўмовы, каб вакцына была даступнай - працэдура ў Беларусі бясплатная. У той час як больш чым у 130 краінах вакцынацыя наогул недаступна для насельніцтва.

"Усе паліклінікі Мінска гатовы да правядзення кампаніі. Закуплена халадзільнае абсталяванне, праведзена паверка маразільнага абсталявання, датчыкаў тэмпературнага рэжыму, холадаэлементаў і холадасумак на замарожванне. Гэта значыць, адбылася перабудова шэрага функцыянальных асаблівасцей медустаноў", - дадала Кацярына Хомчанка.

Спецыяліст падрабязна расказала пра саму камбінаваную вектарную двухкампанентную вакцыну "Гам-Кавід-Вак" (вядомую як "Спадарожнік V"). Яна ўводзіцца ўнутрымышачна ў два этапы з інтэрвалам тры тыдні. Кацярына Хомчанка падкрэсліла, што бясплатная вакцынацыя насуперак існуючай сярод насельніцтва прадузятасці не азначае, што прэпарат дрэнны. Вакцына зарэгістравана больш як у 30 краінах. Яе эфектыўнасць - 91,6 працэнта.

"На сённяшні дзень ідзе вакцынацыя медыцынскіх работнікаў. Больш за 2285 супрацоўнікаў правакцынаваны ўжо, цяпер завяршаюць увод другога кампанента", - сказала прадстаўнік санэпідслужбы. Па рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя вакцынацыю можна праводзіць праз 3-6 месяцаў пасля перанесенай інфекцыі. Але ў кожным асобным выпадку трэба глядзець, у якой форме чалавек перанёс хваробу і ці гатовы ён да вакцынацыі. Перад гэтым пацыент праходзіць агляд, і медыцынскі работнік вырашае, ці можна праводзіць працэдуру. Гэта значыць, што трэба рыхтавацца да вакцынацыі і сачыць за станам свайго здароўя. Ёсць і некаторыя проціпаказанні да правядзення прышчэпкі.

Паводле слоў Кацярыны Хомчанка, магчымы розныя рэакцыі пасля вакцынацыі. Гэта боль у месцы ін'екцыі, недамаганне, нязначнае павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль. Гэтыя рэакцыі могуць развіцца на першыя-другія суткі пасля вакцынацыі і прайсці на працягу наступных трох дзён. "Я ўжо вакцынавана дзвюма дозамі "Гам-Кавід-Вак". На першую дозу былі нязначныя дрыжыкі, на другую дозу было кароткачасовае павышэнне тэмпературы. Але за суткі ўсе сімптомы зніклі", - падзялілася яна.

Цяжкіх ускладненняў ні ў каго з прышчэпленых у Мінску не зафіксавана. Але пры гэтым трэба прадаўжаць выконваць астатнія меры прафілактыкі. Гэта масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыраванне, рэспіраторны этыкет, гігіена рук, абмежаванне па наведванні масавых мерапрыемстваў. Максімальна часта трэба праветрываць памяшканні, праводзіць вільготнае прыбіранне, апрацоўваць антысептыкам рукі, паверхні мэблі, прадметаў, да якіх часта дакранаемся. Чым больш слаёў абароны (выкананых мер), тым вышэйшыя шанцы засцерагчыся ад інфекцыі.

Усе прымаемыя меры далі дадатковы станоўчы эфект: у 2020 годзе менш мінчан цярпелі ад інфекцыйных захворванняў. На сённяшні дзень у сталіцы захваральнасць на ВРВІ характарызуецца нізкай інтэнсіўнасцю, 63 працэнты хворых - дзеці. Паводле даных лабараторных даследаванняў, цыркулюе больш за ўсё адэнавірусаў, вірусаў парагрыпу, грыпу А і В у непрышчэпленых гараджан.

Дарэчы, у Мінску цяпер запушчана даследаванне пад эгідай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па вывучэнні папуляцыйнага імунітэту. У ім паўдзельнічае амаль 1 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 600 работнікаў арганізацый аховы здароўя. На базе кожнай цэнтральнай раённай паліклінікі любы жадаючы (не важна, ці хварэў на COVID-19, ці ёсць антыцелы) можа запоўніць анкету і здаць кроў. Забор робіцца тройчы: да 5 сакавіка, потым у чэрвені і верасні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі