Сцяг Аўторак, 23 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2024, 06:18

Амаль 20 тыс. чалавек сталі ўдзельнікамі мітынгу-рэквіема ў Брэсцкай крэпасці 

22 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адбыўся мітынг-рэквіем "Памяці загінулых будзьце дастойныя", прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Удзельнікамі мерапрыемства сталі амаль 20 тыс. чалавек, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На мерапрыемствы, прымеркаваныя да 83-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у Брэст прыбылі каля 40 афіцыйных дэлегацый. У прыватнасці, яны прыехалі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ленінградскай, Арлоўскай, Пензенскай абласцей, Чачні, Башкортастана. Многія брастаўчане лічаць сваім абавязкам прыйсці ў Брэсцкую крэпасць ноччу 22 чэрвеня. Нямала і гасцей з далёкага замежжа.

Сярод ганаровых гасцей на цырымоніі прысутнічаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што беларусы беражліва захоўваюць і абараняюць памяць аб усіх, хто здабыў для нас мір, свабоду і незалежнасць. Злачынствы фашыстаў на нашай зямлі - гэта незагойная рана беларускага народа.

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што бягучы год асаблівы для Беларусі. Краіна святкуе 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Гэты год асаблівы і для ўсіх расіян. Перамога непадзельная, Перамога адзіная для ўсяго савецкага народа. На гераічнай зямлі Брэсцкай крэпасці яшчэ раз усвядомілі маштаб таго подзвігу, ахвяр і пакут, якія перанёс савецкі народ. Няхай тыя людзі ў Еўропе, хто заняты зносам нашых помнікаў, сціраннем нашай гісторыі, заклікамі ў наш адрас не гаварыць больш пра вайну, прыслухаюцца да таго, як сёння тут тысячы сэрцаў б'юцца ў адным рытме", - сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

Для начной праграмы ў Брэсцкай крэпасці штогод творчая група выкарыстоўвае традыцыйныя формы, у якія дадае навацыі. Цяперашняя тэатралізаваная пастаноўка складалася з чатырох блокаў, якія пераносілі гледачоў з сучаснасці ў мінулае. Былі задзейнічаны амаль 1 тыс. чалавек, у тым ліку дарослыя і юныя артысты, ваеннаслужачыя, ваенна-гістарычныя рэканструктары. Па традыцыі пагранічнікі запалілі факел ад Вечнага агню і даставілі яго на бронетранспарцёры да берага Заходняга Буга. Там на ваду былі спушчаны вянкі з запаленымі свечкамі як сімвал нязгаснай памяці аб гераічным подзвігу абаронцаў цытадэлі.

Члены дэлегацый, ганаровыя госці ўсклалі кветкі да Вечнага агню і пліт некропаля. Мінутай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых у баях воінаў, усіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.-0- 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі