Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 красавіка 2021, 15:52

Амаль 1,5 млн жыхароў Беларусі аднесены да катэгорыі пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС

15 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Амаль 1,5 млн жыхароў Беларусі аднесены да катэгорыі асоб, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Такія даныя прывяла намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Анжаліка Жарыкава ў час прэс-тура, прысвечанага аднаўленню пацярпелых пасля аварыі на ЧАЭС тэрыторый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На базе РНПЦРМіЭЧ вядзецца дзяржаўны рэгістр асоб, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый, а таксама дазіметрычны рэгістр. "Гэта асноўныя інструменты для ацэнкі манітарыравання стану здароўя насельніцтва. Яны ўключаюць даныя аб стане здароўя пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС людзей. Гэта інфармацыя дае магчымасць рабіць неабходныя высновы і прагнозы аб стане іх здароўя, а таксама прымаць меры, накіраваныя на ўдасканаленне медыцынскай дапамогі гэтай катэгорыі грамадзян і паляпшэнне здароўя пацярпелага насельніцтва", - расказала Анжаліка Жарыкава.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека стаў адным з заключных пунктаў маршруту прэс-тура, прысвечанага аднаўленню пацярпелых пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый, для беларускіх блогераў.

У структуры РНПЦРМіЭЧ ёсць кансультатыўная паліклініка на 500 наведванняў у змену. Прыём вядуць спецыялісты па 19 напрамках. Штогод сюды звяртаюцца каля 70-80 тыс. чалавек. Таксама ў 9 аддзяленнях стацыянара кожны год атрымліваюць лячэнне каля 15 тыс. чалавек. У 2012 годзе ў цэнтры асвоены аперацыі па трансплантацыі нырак. Такія аперацыі штогод робяць 45-50 жыхарам Гомельскай вобласці. Паслугі цэнтра па розных напрамках запатрабаваны і ў замежных грамадзян. Былі пацыенты з ЗША, Ізраіля, Ірана, Нарвегіі, Расіі, Украіны. Нягледзячы на лакдаўны ў некаторых краінах, звязаныя з COVID-19, у 2020 годзе на дыягностыку і стацыянарнае лячэнне ў РНПЦРМіЭЧ прыязджалі пацыенты з 15 краін.

У 2020 годзе спецыялісты цэнтра таксама далучыліся да барацьбы з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі. Так, лабараторыі аказваюць садзейнічанне ў дыягностыцы захворвання. Кожныя суткі тут праводзяць 200-250 ПЛР-даследаванняў.

Галоўная мэта дзейнасці цэнтра - захаванне і паляпшэнне здароўя людзей, якія зведалі ўздзеянне іанізуючага выпрамянення ў выніку Чарнобыльскай катастрофы, іншых негатыўных фактараў навакольнага асяроддзя антрапагеннага і тэхнагеннага паходжання. Гэта асноўная задача пры рэалізацыі навукова абгрунтаваных мерапрыемстваў па скарачэнні прамых і ўскосных страт грамадства за кошт зніжэння захваральнасці і смяротнасці.

За тры дні прэс-тура блогеры таксама пабывалі на ААТ "Мілкавіта", у Інстытуце радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Як аднаўляюцца пацярпелыя тэрыторыі, дзе жыццё прадаўжаецца, блогеры даведаліся ў Хойніцкім раёне. Асаблівай кропкай маршруту стаў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Прэс-тур прадстаўнікоў беларускай інтэрнэт-супольнасці ў Гомельскую вобласць прымеркаваны да 35-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Арганізатар паездкі - Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі