Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 лістапада 2020, 16:24

Алгарытм дыягностыкі ВІЧ-інфекцыі плануюць змяніць у Беларусі

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Алгарытм дыягностыкі ВІЧ-інфекцыі плануюць змяніць у Беларусі, паведаміў журналістам каардынатар праграм СААЗ па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы думаем аб змяненні існуючага алгарытму дыягностыкі з мэтай скарачэння часу пастаноўкі дыягназу "ВІЧ-інфекцыя". Створана рабочая група. Спадзяюся, у 2021 годзе новы алгарытм дыягностыкі пачне працаваць у нашай краіне", - сказаў Вячаслаў Гранькоў.

Ён растлумачыў, што на сёння, каб паставіць дыягназ "ВІЧ-інфекцыя", трэба зрабіць тры тэсты. Вельмі важна правесці дыягностыку як мага хутчэй, за кароткі часавы прамежак. Для гэтага можна выкарыстоўваць экспрэс-тэсты. Паводле рэкамендацый СААЗ, лячэнне павінна пачынацца ў дзень пастаноўкі дыягназу, а калі пацыенту патрабуецца дадатковае абследаванне, то максімум на працягу сямі дзён.

"Усіх людзей, у якіх выяўлена ВІЧ-інфекцыя, трэба ахапіць лячэннем, - адзначыў Вячаслаў Гранькоў. - Паколькі гэта не толькі дасць ім магчымасць мець паўнацэннае доўгае жыццё, але і знізіць рызыку перадачы інфекцыі. Калі чалавек эфектыўна лечыцца, ён не перадае ВІЧ сексуальным шляхам іншым людзям. Гэта вялікае дасягненне сучаснай антырэтравіруснай тэрапіі".

Беларусь, дарэчы, была адной з першых еўрапейскіх краін, якая ўкараніла шырокі доступ да саматэсціравання на ВІЧ. Тэст можна набыць у аптэцы і зрабіць яго дома. Асабліва гэта важна цяпер, ва ўмовах пандэміі, калі людзі часта пазбягаюць наведвання медыцынскіх устаноў і стараюцца выконваць сацыяльную дыстанцыю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі