Сцяг Пятніца, 23 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 красавіка 2025, 18:30

"Ала", "Азарычы" і "Чырвоны Бераг". Крупко расказаў аб маштабах трагедыі вайны ў Гомельскай вобласці

Іван Крупко
Іван Крупко
12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльныя комплексы "Ала", "Азарычы", "Чырвоны Бераг" - месцы вечнага смутку і памяці Гомельшчыны. Аб гэтым расказаў журналістам старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко перад пачаткам канцэрта-рэквіема "Кожны трэці", які сёння праходзіць для прадстаўнікоў Гомельскага рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нашай вобласці шмат робіцца для захавання праўды аб вайне, героях вайны і трагічных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі ўсёй нашай краіны, і ў тым ліку на Гомельшчыне. У 2020 годзе адзін з мемарыялаў, а гэта "Ала", адкрываў кіраўнік дзяржавы. Там фашысты жывымі спалілі 1758 чалавек. Страшная трагедыя", - расказаў Іван Крупко.

Кіраўнік вобласці згадаў лагер смерці "Азарычы", з вязняў якога немцы, адступаючы, рабілі жывы шчыт - са старых, жанчын і дзяцей.

"У лагеры былі створаны такія ўмовы, што тэрмін жыцця людзей у ім складаў 3,5 дня. З 60 тыс. чалавек, якія знаходзіліся ў ім, 30 тыс. складалі дзеці. Па ўспамінах вязняў, якія выжылі, там было такое пекла. Людзі паміралі ад голаду, холаду, але самым страшным было тое, што паміралі дзеці і маці проста страчвалі розум", - расказаў кіраўнік вобласці.

Ён адзначыў, што ў маі 2022 года ў Гомельскай вобласці адкрылі пасля рэканструкцыі мемарыял, прысвечаны партызанскаму руху, на месцы, дзе ў Гомельскім раёне быў створаны першы партызанскі атрад, а потым сфарміраваўся рух.

"Сёння там вялікая музейная экспазіцыя. Там праходзяць дзіцячыя летнія лагеры, прысвечаныя выхаванню патрыятызму", - расказаў Іван Крупко.

Яшчэ адзін аб'ект - мемарыял "Чырвоны Бераг" - адзіны ў Беларусі і на постсавецкай прасторы прысвечаны дзецям вайны.

"Фашысты даходзілі ў гэтым лагеры да таго, што рабілі ў вязняў гэтага лагера да 12 забораў крыві за дзень. Гэта страшная трагедыя для ўсёй нашай Беларусі", - адзначыў ён.

У мінулым годзе ў Гомелі ў памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў устаноўлены знак "Дрэва жыцця", а таксама прынята рашэнне аб правядзенні рэканструкцыі мемарыяла "Баграціён", прадумана значная музеефікацыя аб'екта.

Гаворачы аб расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе, Іван Крупко адзначыў, што на Гомельшчыне адкрываюць новыя факты фашысцкіх злачынстваў. У прыватнасці, у Гомельскім раёне знойдзена месца расстрэлу больш як 4 тыс. мірных жыхароў. "Памяць аб кожным загінулым будзе ўвекавечана", - падкрэсліў ён.-0-

Фота Мікалая Пятрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі