Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 студзеня 2020, 11:18

Акцыя "Бяспека - у кожны дом!" стартуе ў Беларусі

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ратавальнікі з 20 студзеня па 20 лютага правядуць ва ўсіх кутках Беларусі акцыю "Бяспека - у кожны дом!", якая прызначана прыцягнуць увагу людзей да праблемы ўзнікнення пажараў і гібелі на іх, паведамілі БЕЛТА ў МНС.

Першы этап акцыі, які пройдзе па 26 студзеня, накіраваны на работу з тымі, хто злоўжывае алкаголем і вядзе асацыяльны лад жыцця. Мерапрыемствы правядуць на базе наркалагічных дыспансераў, цэнтраў бяспекі і пажарных аварыйна-выратавальных часцей. Запланаваны прафілактычныя гутаркі, дэманстрацыя фільмаў, заняткі на тэматычных інтэрактыўных пляцоўках. Дапамагаць ратавальнікам будуць супрацоўнікі міліцыі, работнікі аховы здароўя і інш.

На другім этапе, які пройдзе па 2 лютага, увага ратавальнікаў будзе засяроджана на пажылых грамадзянах з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і жыхарах сельскіх населеных пунктаў. Для іх правядуць шырокамаштабнае мерапрыемства "Скарбонка бяспекі". Падрыхтаваны квест-гульня "Першы ратавальнік у вёсцы", гульня "Поле цудаў з МНС", "Караоке бяспекі".

З 3 па 7 лютага пройдзе трэці этап. Акцэнт будзе зроблены на працоўных калектывах прадпрыемстваў і санаторыяў. Работнікі МНС растлумачаць асноўныя правілы бяспекі, прадэманструюць тэматычныя фільмы, правядуць віктарыны і конкурсы, а таксама разгорнуць работу інтэрактыўных пляцовак. Заключным акордам гэтага этапу стане канцэртная праграма, падрыхтаваная пры ўдзеле юных ратавальнікаў-пажарных і работнікаў культуры.

Не застануцца без увагі і студэнты ВНУ, ліцэяў і каледжаў - ім прысвечаны чацвёрты этап акцыі, які пройдзе з 10 па 14 лютага. Студэнты стануць удзельнікамі ток-шоу "Дыялог", у якім паспрабуюць знайсці рашэнні існуючых праблем у галіне бяспекі жыццядзейнасці. Інтэрактыўная гутарка "Сакрэт бяспекі" дасць магчымасць даведацца пра асноўныя прычыны пажараў і замацаваць атрыманыя веды на практыцы. У час гульні "Дзе логіка?" удзельнікам трэба будзе звязаць зашыфраваныя на слайдах словы з правіламі бяспечных паводзін, а ў час "Брэйн-рынга" на працягу хвіліны адказаць на пытанні, якія датычацца бяспекі жыццядзейнасці.

Заключны этап акцыі, які стартуе 17 лютага, арыентаваны на месцы з масавым знаходжаннем людзей - адкрытыя пляцоўкі, вялікія гандлёвыя цэнтры, рынкі і да т.п. Фінальныя мерапрыемствы будуць прадстаўлены інтэрактыўнымі пляцоўкамі і яркімі канцэртнымі праграмамі, у якіх прымуць удзел актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных (БМГАРП), калектывы мастацкай самадзейнасці і зоркі беларускай эстрады.

Як адзначылі ў МНС, неасцярожнае абыходжанне з агнём з'яўляецца самай распаўсюджанай прычынай узнікнення пажараў. Статыстыка сведчыць, што практычна палавіна з іх узнікае па віне людзей, якія не ведаюць або безадказна ставяцца да выканання правіл пажарнай бяспекі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі