Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 кастрычніка 2025, 10:00

"Акцёры каталі алімпійскую дыстанцыю па 20 разоў на дзень". Якую прэм'еру лістапада нельга прапусціць, расказаў рэжысёр

У лістападзе ва ўсіх кінатэатрах краіны стартуе адна з галоўных прэм'ер года - спартыўная драма "Пераломны момант". Над стварэннем стужкі працавала толькі беларуская каманда, пачынаючы ад акцёраў да здымачнай групы, у тым ліку галоўнага рэжысёра - маладога, але ўжо прафесіянала Дзмітрыя Сарокі. Так склалася, што людзі, якія кіруюць на пляцоўцы, звычайна застаюцца за кадрам. Але толькі не цяпер! Пагаварылі з Дзмітрыем пра смелы дэбют, музычныя эксперыменты і будучыню беларускага кінематографа.

"Рэжысёр - шматгранная і ў той жа час складаная прафесія"

Расказваючы, з чаго пачаўся яго рэжысёрскі шлях, Дзмітрый Сарока з усмешкай прыгадвае школьныя гады, калі ён упершыню ўзяў у рукі відэакамеру, якую яго аднакласніку падарылі бацькі. Хлопцы здымалі "відосы", спрабавалі іх манціраваць. У юным узросце гэта здавалася забаўным заняткам.

"У старшых класах трэба было вызначацца з будучай прафесіяй або ісці ў армію. Я вырашыў вучыцца, даволі хутка паступіў у аўтамеханічны каледж, але і там пастаянна нешта здымаў. У выніку зразумеў, што не магу без гэтага жыць. Ды і здавалася, што ўсе астатнія прафесіі абмежаваны, ёсць рубеж, у які ты ў рэшце рэшт упіраешся. Умоўна, калі гаворым пра інжынерную спецыяльнасць, то трэба вучыць супрамат, тэармех, на гуманітарныя навукі куды меншы ўпор, яны не так важны, - адзначае ён. - Паступіўшы ў Акадэмію мастацтваў, я зразумеў, што тут няма ніякіх абмежаванняў. Галоўны плюс для рэжысёра: усё, што ёсць у гэтым свеце, у нашым жыцці, спатрэбіцца табе ў рабоце".

Як і большасць кінарэжысёраў свайго пакалення, Дзмітрый пачынаў творчы шлях на тэлебачанні. Пасля атрымання дыплома ён амаль чатыры гады адпрацаваў у тэлекампаніі "ВаенТБ", яшчэ пяць гадоў - на АНТ. Цяпер працуе ў ТАА "Музычная медыякампанія" і супрацоўнічае з Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм". Гаворачы аб сваёй прафесіі, Дзмітрый Сарока адзначае, што яна напалову складаецца з яго асабістага вобразнага бачання. Другая ж частка - гэта каманда аднадумцаў, якая будзе глядзець з табой у адзін бок.

"Трэба ўмець натхніць людзей на глыбокае ўкараненне, акунанне ў працэс, таму што візуальнае мастацтва, у адрозненне ад іншых, у нас лёгка даступна. Любы прадукт, які вырабляецца ў Беларусі, любы твор канкурыруе адразу з усім светам, - удакладняе ён. - Таму трэба шмат чаму вучыцца, глядзець, якія трэнды цяпер існуюць, каб заняць сваё месца ў гэтай нішы, каб твае праекты заслугоўвалі ўвагі. Таму рэжысёр - шматгранная і адначасова складаная прафесія".

У рэжысёрскай скарбонцы Дзмітрыя Сарокі - здымкі рэкламных і тэлевізійных праграм, музычных кліпаў, а таксама дакументальных стужак. Напрыклад, фільм "Прэзідэнцкі аркестр", які быў прадстаўлены ў 2023 годзе ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" і адзначаны спецыяльным дыпломам. Паводле слоў субяседніка, яго асноўная задума - пазнаёміць нас з кожным з артыстаў Прэзідэнцкага аркестра. І ў далейшым, калі глядач пойдзе на канцэрт з іх удзелам, ён ужо ўспрыме музыкантаў як сваіх сяброў, якія яму добра знаёмыя.

"Над "Прэзідэнцкім аркестрам", гэтак жа, як і над фільмам "Беларускі балет", працавала невялікая каманда. Усяго тры чалавекі: я, аператар-пастаноўшчык і гукарэжысёр. Мы самі ўсюды самастойна насілі абсталяванне: камеры, святло, таму што хацелі візуальна ўсё зрабіць правільна. Многія калегі здзіўляліся, навошта мне гэта патрэбна. А таму што сорамна за вынік, калі ўзнімаеш такія глабальныя тэмы не ў поўнай меры. Здаецца, што людзі бачаць тваю ляноту, праглядаючы кожны кадр, - дзеліцца рэжысёр. - Наогул заўважыў такую прапорцыю: толькі 10 працэнтаў ад тых эмоцый, якія ты ўкладваеш у работу, даходзяць да гледача. Таму першапачаткова трэба шмат чаго ўкласці ў карціну".

Вялікі поспех яму прынеслі дакументальныя фільмы "Першы дзень міру" і "Равеснікі Перамогі", якія выйшлі на экран у дні 75-годдзя разгрому нямецкага фашызму. Праз год яго карціна "Рана на целе Беларусі" была ўдастоена ўзнагароды Міністэрства культуры за лепшы патрыятычны фільм.

"Боль і эмоцыі, якія ўклаў у гэты сюжэт, - рэальныя адчуванні з майго жыцця"

Зацвердзіўшыся ў жанры дакудрамы (дакументальны фільм з элементамі акцёрскай ігры), Дзмітрый Сарока смела ступіў у свет поўнаметражнага мастацкага кіно. Летам ён пачаў здымкі фільма "Пераломны момант", які выйдзе ў кінапракат у лістападзе. Гэта смелы дэбют маладога рэжысёра на "Беларусьфільме".

У аснове сюжэта гісторыя пра шлях да поспеху юнага спартсмена - весляра на байдарцы. Апавяданне будуецца вакол падлетка, які пераадольвае жыццёвыя цяжкасці: пасля таго як ён зламаў нагу, яго выганяюць з элітнай спартыўнай школы…

"Мне патэлефанаваў дырэктар кінастудыі і прапанаваў зняць кіно. Прыслаўшы сцэнарый, папрасіў хутка даць адказ. На працягу дзвюх гадзін я яго пагартаў і згадзіўся. На самай справе на той момант было ўсё роўна, што здымаць, хацелася хутчэй паглыбіцца ў працэс. Калі ж прачытаў ад і да, зразумеў: трэба ўсё перапісаць. Стаў шукаць іншую тэму, - усміхаецца рэжысёр. - Спыніўся на акадэмічным веславанні. Па-першае, па прычыне абмежаваных тэрмінаў вытворчасці карціны: за лета трэба было ўсё зняць. Па-другое, я сам калісьці займаўся ім, у мяне другі дарослы разрад".

Дзмітрый упэўнена ўзяўся за справу, вырашыўшы паказаць усю рамантыку гэтага дзіўнага віду спорту, які добра знаёмы беларусам. Бо нашы спартсмены не раз вярталіся з алімпійскімі медалямі.

"Карцін пра веславанне ў нашай краіне ніхто ніколі не здымаў. Апошнім мастацкім спартыўным поўнаметражным фільмам на кінастудыі быў "Вялікі трамплін" 1973 года выпуску, - удакладняе субяседнік і дапаўняе, што гісторыя "Пераломнага моманту" цалкам выдуманая, але заснавана на рэальным шляху, праз які праходзяць падлеткі, у тым ліку і спартсмены. - Узнята такая тэма, як праблема выбару: кім быць, як зрабіць дзеля сябе, сваіх амбіцый ці сумленна. Боль і эмоцыі, якія ўклаў у гэты сюжэт, - рэальныя адчуванні з майго жыцця".

Прыадкрываючы заслону закулісся, Дзмітрый Сарока адзначае, што ў фільме ёсць некалькі вострых сцэн, здымкі якіх даліся няпроста, у першую чаргу акцёрам. Адна з іх - пад дажджом, калі ў галоўнага героя адбываецца складаная і эмацыянальная размова.

"Халоднай вераснёўскай ноччу героі ў мокрым адзенні перажывалі дубль за дублем, прычым іх голас не павінен быў дрыжаць. Не менш складанымі былі сцэны, звязаныя з самім веславаннем. Мы спрабавалі тэхналагічна зняць так, як да гэтага ніхто ў нас не рабіў, - дзеліцца падрабязнасцямі Дзмітрый. - Ды і дублёраў у нас практычна не было. Таму акцёры паўнацэнна каталі алімпійскую дыстанцыю па 15-20 разоў за дзень. Але пры гэтым ніхто не скардзіўся і не абураўся".

Галоўны дэвіз "Пераломнага моманту" - усё можна выправіць! Нават калі здаецца, што ты прайграў і нічога не атрымаецца, пакуль жывы, ты зможаш усё.

"Пашанцавала, што першая мая работа ў ігравым кіно на тэму спорту"

Дзмітрый прызнаецца, што плануе і далей развівацца ў жанры ігравога кіно - "у той сферы, дзе можна бясконца працаваць, адкрываючы нешта новае для сябе".

"Мне здаецца, усяго жыцця не хопіць, каб асвоіць дзіўны жанр мастацкага кіно да канца, адчуць усе нюансы, - упэўнены ён. - Хацелася б стварыць такі кінапрадукт, які быў бы менавіта для беларусаў. Калі гляджу расійскія праекты, то ў мяне пастаянна складваецца адчуванне, што гэта не пра нас, а нейкіх зусім іншых людзей. Таму цяпер, бываючы нават у кнігарнях, я шукаю творы, звязаныя з Беларуссю, з нашым менталітэтам. Бо мы ўсё ж такі інакш сябе і паводзім, і адчуваем".

Рэжысёр адзначае, што доўгі час наша кінастудыя здымала ваенныя фільмы, прыватныя ж кампаніі ў асноўным калі і працавалі над праектамі, то пад запатрабаванні расійскага гледача.

"Таму работы на самай справе вельмі шмат, а ідэй - яшчэ больш, - разважае Дзмітрый. - Дарэчы, кіно, звязанае з дзецьмі, напэўна, не зняў бы. Таму што ў гэтым у мяне няма навыку. Я не змагу паўнацэнна перадаць любоў бацькоў да свайго дзіцяці". Дарэчы, натхненне для рэжысёра - не менш важны складнік у творчым працэсе. Дзмітрыю падабаецца натхняць людзей, бачыць, як яны літаральна растуць на здымачнай пляцоўцы, становяцца больш упэўненымі ў сабе.

"Калі гаворым пра кіно, то мяне натхняе стварэнне таго, чаго не было раней. Падабаецца ісці па самым складаным шляху, супраць усялякіх перашкод, даказваючы людзям вакол, што ўсё магчыма. Як бы складана ні было, заўсёды можна перамагчы, калі ты сумленны перад сабой і не шкадуеш сваіх сіл. Менавіта такі прыклад мы паказалі на здымках "Пераломнага моманту". Многія акцёры былі зусім нявопытныя, але дзень за днём працавалі ўсё лепш, - усміхаецца ён. - А яшчэ спадзяюся, што наш фільм зменіць абывацельскае стаўленне да беларускага кіно - нібыта яно ўстарэлае, несучаснае. На самай справе можна рабіць кінапрадукт, у тым ліку спартыўнай тэматыкі, для масавай аўдыторыі і ўзнімаць пытанні, якія хвалююць кожнага з нас. Спорт - гэта ж пра пераадоленне самога сябе, барацьбу. Таму мне нават пашанцавала, што мая першая работа ў ігравым кіно менавіта на гэту тэму".

Дзмітрый Сарока не ўтойвае, што для яго вялікае шчасце працаваць на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", дзе ў розны час працавалі вялікія айчынныя рэжысёры.

"Увесь час, пакуль працую над фільмам "Пераломны момант", мяне не пакідае адчуванне таго, што я прадаўжаю іх шлях і яны назіраюць за мной. Ужо і на здымачнай пляцоўцы гаварыў: мы тут не адны, за намі нашы продкі, - гаворыць ён і тлумачыць адну з галоўных сваіх місій у кінематографе: - Працаваць на сваю краіну, ствараць для людзей дастойныя прадукты, узнімаць тэмы, звязаныя з Беларуссю".

"Наша місія - узняць узровень беларускага музычнага рынку"

Дзмітрый Сарока, працуючы ў ТАА "Музычная медыякампанія", з'яўляецца яшчэ і рэжысёрам кліпаў для беларускіх артыстаў.

"Наша місія - узняць узровень беларускага музычнага рынку. Гэта датычыцца не толькі музычнай часткі, але і відэаскладніка. Важна паказаць, якім чынам можна сёння інтэграваць сучасныя актуальныя тэхналогіі пры вытворчасці кліпаў, - тлумачыць наш герой і ўдакладняе, што ў кампаніі ён пастаянна займаецца візуальнымі эксперыментамі. - Напрыклад, у кліпе "Уключыце сонца" групы COSA NOSTRA замест камп'ютарнай графікі мы выкарыстоўвалі тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Гэта ўсё здымалася ў поўным рэал-тайме за кошт правільнага праектавання карцінкі на экраны".

Яшчэ адзін гонар Дзмітрыя - кліп да 40-годдзя Беларускага металургічнага завода, у якім прынялі ўдзел адразу восем зорак айчыннай эстрады.

"Паспрабавалі ўзяць найбольшую колькасць нашых артыстаў і зняць іх блізка да вогненных печаў, якія працуюць на прадпрыемстве. Атрымаўся такі рок-кліп, напоўнены металам. Складанасць была менавіта з тэхнічнай часткай, бо хацелася, каб кожны глядач змог адчуць вось гэту блізкасць агню побач з сабой, - расказвае ён, адзначаючы, што яму падабаецца пастаянна ставіць эксперыменты. - Спрабуем укараняць новае абсталяванне, прымяняць інавацыйныя тэхналогіі, якія ніхто да гэтага не выкарыстоўваў у Беларусі. Усе астатнія, гледзячы на нас, таксама паціху пачынаюць падцягваць свае кліпы, рабіць іх якасна".

Паводле слоў Дзмітрыя, усе прарыўныя ідэі для здымак звычайна з'яўляюцца з цяжкасцю. Даводзіцца глыбока пакапацца ў тэме, каб намацаць свежую думку, якая падасца небанальнай і яе можна будзе данесці да публікі.

"Гэта заўсёды складаны працэс, тым больш тэрміны вытворчасці звычайна падціскаюць: за кароткі прамежак часу трэба зрабіць нешта грандыёзнае. Але мы спраўляемся!" - гаворыць на заканчэнне наш герой.

Марына ВАЛАХ,
фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі