Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лютага 2021, 10:24

Акадэмія кіравання і Нацыянальны мастацкі музей падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце і Нацыянальны мастацкі музей Беларусі падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры акадэміі.

Цырымонія прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі. Свае подпісы пад дакументам паставілі рэктар акадэміі Вячаслаў Даніловіч і генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў.

Бакі разлічваюць на рэалізацыю сумесных праектаў у сферы адукацыі, культуры і мастацтва, распрацоўку і выкарыстанне інавацыйных тэхналогій у сістэме адукацыі і сацыякультурнай дзейнасці навучэнцаў у Акадэміі кіравання, арганізацыю сумесных мерапрыемстваў ідэалагічнай накіраванасці і іншае.

Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што са свайго боку супрацоўнікі музея гатовы праводзіць тэматычныя экскурсіі, прадстаўляць музейныя праграмы для навучэнцаў Акадэміі кіравання, асабліва для работнікаў культуры выканаўчых камітэтаў. "Наш музей з'яўляецца навукова-адукацыйным цэнтрам у Беларусі. Таму мы зацікаўлены, каб тыя кіраўнікі, якія будуць праходзіць у вас перападрыхтоўку, насычаліся тут духоўным складнікам, а пасля, на месцах, арганізоўвалі работу ў музеях. Мы гатовы зрабіць універсальную праграму, якую будзем даваць праз кіраўнікоў музеяў", - расказаў ён.

Рэктар Акадэміі кіравання Вячаслаў Даніловіч звярнуў увагу на тое, што на VI Усебеларускім народным сходзе ў рэзалюцыі адзначана неабходнасць умацавання ў нашым грамадстве духоўна-маральных традыцый, а Нацыянальны мастацкі музей з'яўляецца цэнтрам такіх каштоўнасцей.

"Важна, каб гэты духоўна-маральны складнік прысутнічаў у кіраўнікоў, якія ў нас рыхтуюцца. Таму што ад іх шмат у чым залежыць, як будзе развівацца наша дзяржава і грамадства. Прафесійнымі, высокакваліфікаванымі спецыялістамі распрацавана праграма курсаў павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў, якія займаюцца дзяржаўным кіраваннем у сферы культуры, "Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры на сучасным этапе". У рамках гэтай праграмы прадугледжана, што спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея будуць праводзіць заняткі і дзяліцца сваім вопытам", - падкрэсліў рэктар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі