Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 кастрычніка 2024, 14:21

Айчынную станцыю ў Антарктыцы прапанавана перайменаваць у "Беларускую"

Уладзімір Гусакоў
Уладзімір Гусакоў
17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Айчынную станцыю ў Антарктыцы прапанавана перайменаваць - назву "Гара Вячэрняя" змяніць на "Беларуская". З такой ініцыятывай выступіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з вучонымі і ўдзельнікамі беларускіх антарктычных экспедыцый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік НАН далажыў аб экспедыцыйнай дзейнасці ў рэгіёне, аб міжнародным супрацоўніцтве і выніках навуковых даследаванняў.

Беларусь пачала свой шлях па вывучэнні Антарктыкі з 2006 года, нагадаў Уладзімір Гусакоў. У той год краіна далучылася да Дагавора аб Антарктыцы (разам з 57 краінамі, з якіх 29 маюць кансультатыўны статус з правам голасу ў прыняцці рашэнняў). "Наша краіна з'яўляецца пакуль асацыіраваным членам дагавора. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час мы таксама атрымаем статус кансультатыўнага боку", - сказаў ён. Для гэтага, паводле яго слоў, краінай пададзена ўжо заяўка, якая будзе разгледжана ў 2025 годзе ў Італіі на нарадзе краін - удзельніц дагавора.

У 2007 годзе ў краіне створаны рэспубліканскі цэнтр палярных даследаванняў, які ў тым ліку займаўся арганізацыяй беларускіх антарктычных экспедыцый, падборам кандыдатаў, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, забеспячэннем стварэння і функцыянавання антарктычнай станцыі. З таго часу праведзена ўжо 16 сезонных антарктычных экспедыцый, цяпер рыхтуецца 17-я.

Беларусь заключыла 14 дагавораў аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў Антарктыцы з урадамі і арганізацыямі з 9 краін (Расія, Балгарыя, Турцыя, Новая Зеландыя, Вялікабрытанія, Францыя, Фінляндыя, Германія, Украіна), наладжана стратэгічнае ўзаемадзеянне з Расіяй, цесная навукова-тэхнічная кааперацыя, узаемны абмен навуковым персаналам. "Членства Беларусі ў міжнародных супольнасцях па даследаванні і асваенні Антарктыды, а таксама цеснае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў антарктычных экспедыцый з замежнымі калегамі дае магчымасць выгадна пазіцыянаваць нашу краіну як паўнапраўнага партнёра, які ўносіць значны ўклад у даследаванне гэтага кантынента", - упэўнены кіраўнік НАН.

Гаворачы пра вынікі навуковых даследаванняў, ён растлумачыў, што рэзультаты, атрыманыя ў Антарктыцы, эксклюзіўныя і маюць фундаментальны характар. Даследаванні Беларусі ў Антарктыцы - гэта даследаванні параметраў атмасферы, азонасферы, геалагічныя, геафізічныя, сейсмалагічныя і метэаралагічныя назіранні, аэракасмічнае вывучэнне прыродных аб'ектаў, комплексны аналіз біялагічнай разнастайнасці і маніторынг прыродных экасістэм.

Кіраўнік НАН звярнуў увагу на практычную накіраванасць даследаванняў: "Напрыклад, дзякуючы празрыстай атмасферы, гэты рэгіён падыходзіць для перадпалётнай каліброўкі аптычнай апаратуры нашага касмічнага апарата, у сувязі з чым створаны эталонны палігон паблізу станцыі".

"Навуковыя работы, якія праводзяцца ў Антарктыдзе, садзейнічаюць развіццю сумежных напрамкаў, у тым ліку распрацоўцы айчыннага абсталявання, прыборнай базы для функцыянавання ў экстрэмальных умовах", - дадаў ён.

Паводле ацэнак вучоных, рэгіён валодае багатымі мінеральнымі, біялагічнымі рэсурсамі, а ў нетрах знаходзяцца значныя запасы карысных выкапняў (нафта, прыродны газ, вугаль, золата, серабро, малібдэн, уран). Аднак у адпаведнасці з дагаворам аб Антарктыцы вызначана выкарыстанне рэгіёна толькі ў мірных, навуковых мэтах, на міжнародным узроўні дзейнічае забарона на распрацоўку і здабычу карысных выкапняў да 2049 года.

На завяршэнне Уладзімір Гусакоў падзякаваў кіраўніку дзяржавы за комплексную падтрымку дзейнасці ў рэгіёне Антарктыкі і звярнуўся з просьбай разгледзець магчымасць перайменаваць айчынную антарктычную станцыю "Гара Вячэрняя" ў станцыю "Беларуская". Цяпер у Антарктыцы размешчана каля 70 навуковых станцый 30 дзяржаў, у тым ліку беларуская. У яе склад уваходзяць службова-жылыя, тэхналагічны, прыродаахоўныя аб'екты, прыборныя комплексы і навуковыя стацыянары. Гэта дае магчымасць стварыць бяспечныя ўмовы для работы палярнікаў (да 15 чалавек) і арганізаваць даследаванні ў галіне біялогіі, фізікі атмасферы, кліматалогіі, геафізікі і геаэкалогіі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі