Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 кастрычніка 2024, 11:19

Аграрны эксперымент, канцэпцыя "Адзін раён - адзін праект". Крутой наведвае Слаўгарадскі раён

8 кастрычніка, Слаўгарадскі раён /Кар. БЕЛТА/. Аграрны эксперымент, рэалізацыя канцэпцыі "Адзін раён - адзін праект", развіццё мясцовага турызму. Такія пытанні вынесены на парадак дня кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыем Крутым у час наведвання Слаўгарадскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Зыходным пунктам стаў Слаўгарадскі райвыканкам і абмеркаванне пытання рэфармавання сельскагаспадарчых арганізацый шляхам іх узбуйнення на прыкладзе Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Планы па рэалізацыі аграрнага эксперымента Дзмітрый Крутой агучваў раней на фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у Мікашэвічах.

У аснове рэфармавання - узбуйненне: у раёнах плануецца пакінуць літаральна тры-чатыры буйныя гаспадаркі, вакол якіх будзе сканцэнтравана ўся вытворчая і кадравая база. У адзін момант маштабаваць на ўсю краіну новы вопыт пакуль не будуць, абмяжуюцца кропкавымі прыкладамі. Мэта новаўвядзенняў - з меншай колькасцю рэсурсаў (працоўных, матэрыяльных) дабівацца больш сур'ёзных вынікаў. Для гэтага гаспадаркі-маякі будуць узбуйняцца і дафінансоўвацца з боку дзяржавы. Плануецца, што праз некалькі гадоў такая мадэль стане асновай беларускай аграрнай палітыкі.

"На прыкладзе трох раёнаў мы разглядаем рэфармаванне сельскагаспадарчых арганізацый шляхам узбуйнення і далучэння для аптымізацыі жывёлагадоўчых памяшканняў, матэрыяльна-тэхнічнай базы ў выглядзе тэхнікі, - адзначыў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі. - У Слаўгарадскім раёне мы першыя крокі ўжо зрабілі, частка шляху пройдзена: з 10 гаспадарак засталося шэсць, а плануецца пакінуць чатыры буйныя аб'екты. Два іншыя раёны - Чэрыкаўскі і Клічаўскі - толькі на старце. Але пакуль гэта толькі планы".

Паводле слоў Сяргея Савіцкага, станоўчы момант такіх змяненняў у тым, што ў першую чаргу ідзе аптымізацыя кадраў. "Гэта і кіраўнікі, і спецыялісты, - падкрэсліў ён. - Сёння вельмі шмат дробных сельгасарганізацый і праблемна знайсці дастатковую колькасць кадраў - заатэхнікаў, ветэрынараў, аграномаў і  гэтак далей. Адпаведна, на невялікія гаспадаркі мы не можам забяспечыць дастойны ўзровень аплаты працы. А калі ідзе ўзбуйненне, мы ўжо можам падцягнуць нейкія дадатковыя рэсурсы, выканаць абяцанні ў частцы аплаты працы. Гэта практыка паступова ідзе па ўсёй краіне, але ў Магілёўскай вобласці яна закране практычна кожны раён".

Пасля абмеркавання пытанняў рэфармавання Дзмітрый Крутой плануе азнаёміцца з ходам рэалізацыі ў рэгіёне канцэпцыі "Адзін раён - адзін праект" на прыкладзе вытворчасці па выпуску жэлейнага мармеладу УП "Чырвоны харчавік - Слаўгарад" і турыстычным патэнцыялам Слаўгарадскага раёна з наведваннем гідралагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння "Блакітная крыніца".-0-
Фота Алега Файніцкага
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі