Сцяг Серада, 10 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 лютага 2025, 13:07

Аграметэаролагі расказалі, як сельгаскультуры пераносяць цёплую бясснежную зіму

Фота з архіва
Фота з архіва
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як сельгаскультуры пераносяць цёплую бясснежную зіму, расказалі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Цяперашняя зімоўка пасеваў праходзіць ва ўмовах цёплага надвор'я. Тэмпература глебы на глыбіні залягання вузла кушчэння азімых культур адзначалася вышэйшая за аптымальныя значэнні. Снежнае покрыва было няўстойлівым. Глеба ў асноўным заставалася талай, толькі ў асобныя халодныя ночы назіралася невялікае падмярзанне верхняга слоя. Расліны так і не перайшлі ў стан глыбокага фізіялагічнага спакою, у найбольш цёплыя дні адзначана іх слабая вегетацыя. Такая зімоўка пасеваў адзначалася і ў 2019-2020 годзе", - расказалі ў Белгідрамеце.

Снежнае покрыва аказвае значны ўплыў на ўмовы перазімоўкі азімых культур. Яно засцерагае пасевы ад шкоднага ўздзеяння нізкіх тэмператур, уплывае на тэмпературу паветра і яе ваганні, вільготнасць і глыбіню прамярзання глебы і мае вялікае значэнне як крыніца вясенняй вільгаці.

Глыбіня прамярзання і тэмпература глебы залежаць не толькі ад вышыні снежнага покрыва, але і ад яго шчыльнасці. Лепшай для зімуючых культур з'яўляецца тая вышыня снежнага покрыва, пры якой пад снегам падтрымліваюцца нізкія тэмпературы паветра, але далёкія ад тэмпературы вымярзання.

"Вялікі ўплыў на зыход зімоўкі раслін аказвае тэмпература глебы на глыбіні 3 см. Прыблізна на гэтай глыбіні размяшчаецца вузел кушчэння азімых збожжавых культур. Аптымальная для раслін тэмпература глебы ў зоне залягання вузла кушчэння - 4-7 градусаў ніжэй за нуль", - адзначылі ў Белгідрамеце.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі