Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2021, 16:21

Адукацыйны цэнтр бяспекі МНС адкрыты ў Мінску

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адукацыйны цэнтр бяспекі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адкрыты сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка.

"Гэта было даручэнне Прэзідэнта адкрыць такія адукацыйныя цэнтры па бяспецы для нашых грамадзян ва ўсіх абласцях краіны. Сёння такі цэнтр пачаў працаваць у Мінску. Тут будуць праходзіць навучанне дзеці, пачынаючы з дашкольнага ўзросту і заканчваючы моладдзю і нават дарослымі людзьмі. Нас кожны дзень падсцерагаюць якія-небудзь надзвычайныя сітуацыі. Толькі той, хто папярэджаны і валодае неабходнымі ведамі, можа засцерагчы ад небяспекі сябе і сваіх блізкіх, - сказала Наталля Качанава. - Упэўнена, што гэты цэнтр будзе добрым падарункам не толькі для жыхароў Мінска, але і яго гасцей. Таму што тут сапраўды сабраны ўсе інавацыі, якія ёсць у сферы бяспекі нашых грамадзян".

Цэнтр уяўляе сабой трохпавярховы будынак з падвалам агульнай плошчай 10 879 кв.м. Тут размешчана больш за 30 інтэрактыўных навучальных пляцовак па транспартнай бяспецы, бяспецы пры надзвычайных сітуацыях, грамадзянскай абароне, пажарнай і экалагічнай, а таксама крымінальнай бяспецы, здаровым ладзе жыцця, небяспечных метэаралагічных з'явах, атамнай і радыяцыйнай, прамысловай бяспецы.

Вучоба ў цэнтры пабудавана на прынцыпах забаўляльнай гульні. У аснову пакладзены метады ўвядзення навучэнцаў у асяроддзе, якое максімальна імітуе надзвычайную сітуацыю, і паглыбленага вывучэння матэрыялу пры павышэнні эмацыянальнага ўспрымання мадэлюемай абстаноўкі. У цэнтры прымяняюцца інтэрактыўныя трэнажоры і сімулятары на аснове сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (віртуальная рэальнасць, дапоўненая рэальнасць, інтэрнэт рэчаў, камп'ютарны зрок).

Мэта створанага цэнтра - вучыць насельніцтва спосабам абароны і дзеянням у надзвычайных сітуацыях. "Тут арыентацыя на навучанне ўсяго насельніцтва, і перш за ўсё дзяцей. А мы ведаем, што бяспека дзяцей - гэта нацыянальная бяспека будучыні краіны. Таму акцэнтуем увагу менавіта на гэтай катэгорыі, - адзначыў Уладзімір Вашчанка. - Сёння ў краіне ў кожнай вобласці створаны такія цэнтры. Яны неверагодна запатрабаваны. Дзеці просяцца пабываць там, многія не адзін раз. І ўжо 200 тыс. наведалі такія цэнтры па ўсёй рэспубліцы".

Міністр прывёў статыстыку: калі ў 1990-я на пажарах гінулі да 100 дзяцей у год, у 2002-м - 86, то ў мінулым годзе на пажары загінула адно дзіця. Але прафілактычная работа ў навучальных установах і сем'ях будзе прадаўжацца. "Мы пачынаем гэту работу ў дзіцячых садах, далей ідуць школа, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сёння ён школьнік, студэнт, а заўтра прыйдзе працаваць на вытворчасць, дзе навыкі бяспекі неабходны. А дзеці, якія прайшлі праз цэнтры бяспекі, дома будуць забяспечваць бяспеку і ўжо вучаць дарослых. Вядома, у ідэале было б вельмі добра, каб такія цэнтры былі ў кожным раённым цэнтры, каб дзеці атрымлівалі неабходны запас ведаў у пытаннях бяспекі", - дадаў ён.

У стварэнні экспазіцый удзельнічалі міністэрствы ўнутраных спраў, абароны, аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі, лясной гаспадаркі, Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі. У далейшым плануецца падрыхтаваць пляцоўку пра шкоду наркотыкаў (сумесна з МУС) і напоўніць пляцоўку "Атамная і радыяцыйная бяспека" (сумесна з Міністэрствам энергетыкі).

Пры будаўніцтве і аснашчэнні экспазіцый улічаны як вопыт стварэння і функцыянавання тэрытарыяльных цэнтраў бяспекі МНС Беларусі, так і замежны.

Першы ў краіне адукацыйны цэнтр бяспекі створаны ў 2015 годзе на базе Ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Да гэтага часу ў рэспубліцы дзейнічалі восем тэрытарыяльных цэнтраў (Гомель, Віцебск, Барань, Ліда, Столін, Магілёў, Барысаў, Наваполацк). За пяць гадоў навучанне ў цэнтрах прайшлі 226 713 чалавек, з іх 190 852 - дзеці. Такія цэнтры функцыянуюць у Кітаі і Рэспубліцы Карэя. Аналагі цэнтраў бяспекі ў краінах СНД адсутнічаюць. Вынікі работы цэнтраў можна ацаніць ужо сёння. У цэлым па рэспубліцы за пяць гадоў колькасць загінулых людзей знізілася ў 1,2 раза, з іх дзяцей - у шэсць разоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі