Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 чэрвеня 2019, 16:17

Адтэрміноўку ад прызыву для прадаўжэння адукацыі ў Беларусі прапануецца прадастаўляць толькі раз

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую службу для прадаўжэння адукацыі ў Беларусі прапануецца прадастаўляць толькі адзін раз. Гэта прадугледжана папраўкамі ў законы па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў.

Папраўкі плануецца ўнесці, у прыватнасці, у закон аб воінскім абавязку і воінскай службе ў частцы, якая датычыцца адтэрміновак. "Плануецца, што малады чалавек зможа толькі адзін раз атрымаць адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для прадаўжэння адукацыі", - расказаў Ігар Мартынаў. Ён падкрэсліў, што ніхто не абмяжоўвае патэнцыяльных прызыўнікоў у праве паступаць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Законапраектам прадугледжана: калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Узброеных Сілах яму будзе прадастаўляцца акадэмічны водпуск.

Дэпутат адзначыў, што ў Беларусі ў адрозненне ад астатніх постсавецкіх краін захоўваецца вялікая колькасць адтэрміновак ад арміі. Пры гэтым яна камплектуецца па змешаным прынцыпе. На тэрміновай службе ў ёй 40 працэнтаў, астатнія служаць па кантракце. "Тэрміновая служба патрэбна для таго, каб рыхтаваць мабілізацыйны рэсурс, мужчын, якія ў выпадку неабходнасці змогуць стаць на абарону сваёй дзяржавы. Любая краіна можа лічыць сябе суверэннай і незалежнай толькі тады, калі здольна сама сябе абараніць і мае падрыхтаваную армію", - упэўнены парламентарый.

Акрамя таго, законапраектам прадугледжана, што тых, хто ўхіліўся ад арміі, не будуць прымаць на дзяржаўную службу, а таксама ў органы ўнутраных спраў, МНС, СК, ДКСЭ і гэтак далей. Ігар Мартынаў растлумачыў, што размова ідзе аб тых, хто не пайшоў служыць, не маючы на тое законных падстаў. Пры гэтым нагадаў, што ад прызыву вызваляюцца тыя, каго прызналі непрыдатным да вайсковай службы па стане здароўя, шматдзетныя бацькі і гэтак далей.

У першым чытанні законапраект плануецца разгледзець 26 чэрвеня на чарговым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі