Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лістапада 2019, 15:02

Адмена пераводу, памылковы крэдыт і лжэкупля - Нацбанк расказаў аб схемах махлярства з карткамі

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэлефонныя махляры спрабуюць даведацца канфідэнцыяльную інфармацыю, прадстаўляючыся банкаўскімі работнікамі, якія нібыта спрабуюць адмяніць несанкцыянаваны перавод грошай або памылкова аформлены крэдыт. У інтэрнэце зламыснікі ўзломваюць старонкі сацсетак і выступаюць ілжэпакупнікамі, расказаў журналістам начальнік аддзела рэагавання на камп'ютарныя пагрозы ўпраўлення абароны інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Майсейшын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі пачасціліся выпадкі тэлефоннага махлярства - вішынгу. Махляры тэлефануюць кліентам беларускіх банкаў, прадстаўляюцца супрацоўнікамі службы бяспекі або проста супрацоўнікамі банка, пад тым ці іншым выглядам просяць паведаміць даныя аб банкаўскай плацежнай картцы, пашпартныя даныя, коды, якія прыходзяць на тэлефонны нумар, лагіны і паролі ад сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.

Зламыснікі таксама могуць выкарыстоўваць праграмы-ананімайзеры. У такім выпадку пры ўваходным званку кліент банка будзе бачыць на сваім тэлефоне нумар банка, размешчаны на афіцыйным сайце. Разам з тым махляры могуць падмяніць не тэлефонны нумар цалкам, а адну лічбу ў ім. Такім чынам, кліенту больш складана візуальна ідэнтыфікаваць арыгінальнасць нумара банка. Для большай праўдападобнасці зламыснікі выкарыстоўваюць у якасці фону пры тэлефанаванні шум працуючага кол-цэнтра банка.

Паводле слоў Сяргея Майсейшына, адзін з асноўных сцэнарыяў падману выглядае наступным чынам: пры тэлефанаванні зламыснік прадстаўляецца работнікам банка, паведамляе, што адносна рахунку кліента праводзяцца махлярскія дзеянні. Паводле легенды, каб прадухіліць несанкцыянаваны перавод або зняцце грошай у банкамаце, кліенту трэба прадставіць інфармацыю аб банкаўскай плацежнай картцы або іншыя даныя.

Яшчэ адзін сцэнарый - зламыснік тэлефануе трымальніку карткі і гаворыць аб тым, што на яго імя нібыта аформлены крэдыт. Для яго адмены таксама патрэбна ўдакладняючая інфармацыя.

У Нацбанку звяртаюць увагу, што пры тэлефанаванні кліенту банк заўсёды ведае ўсю неабходную інфармацыю. "Паведамляць каму-небудзь даныя аб банкаўскай картцы, пашпартныя даныя, коды катэгарычна забаронена, - падкрэсліў Сяргей Майсейшын. - Як толькі субяседнікі пачынаюць запытваць такую інфармацыю, рэкамендуем завяршыць званок і патэлефанаваць на нумар банка, пазначаны на яго афіцыйным сайце".

Акрамя таго, у Нацбанку акцэнтуюць увагу, што махляры спрабуюць атрымаць грошы праз узламаныя старонкі ў сацсетках - быццам бы ад імя сябра прыходзіць паведамленне з просьбай даць даныя банкаўскай карткі для пераводу грошай. Зламыснікі таксама могуць прыкідвацца пакупнікамі: пад выглядам зацікаўленасці яны звяртаюцца да прадаўца і гавораць аб намеры купіць яго тавар у інтэрнэце. "Прадаўцу даюць спасылку, перайшоўшы па якой кліент уводзіць свае рэквізіты і тым самым перадае іх зламысніку. У далейшым махляр выкарыстоўвае іх для грашовых пераводаў", - растлумачыў прадстаўнік Нацбанка.

Зафіксавана нямала выпадкаў, калі зламыснікі просяць мабільны тэлефон пад выглядам званка, а затым устанаўліваюць на ім праграмнае забеспячэнне для несанкцыянаваных грашовых пераводаў.

Колькасць пацярпелых ад вішынгу пакуль не агучваецца, але мяркуецца, што іх сотні. Хваля званкоў тэлефонных махляроў прадаўжаецца. Нацбанк рэкамендуе праявіць пільнасць, нікому не перадаваць канфідэнцыяльную інфармацыю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі