Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 студзеня 2016, 18:06

Адказнасць за непрыбраны снег вакол асабістага аўтатранспарту плануецца ўвесці ў Беларусі

15 студзеня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца ўвесці адказнасць за непрыбраны снег вакол асабістага аўтатранспарту. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Распрацаваны праект нарматыўна-прававога акта, які прадугледжвае кампетэнцыю мясцовых органаў улады зацвярджаць правілы добраўпарадкавання, у якіх будуць вызначаны патрабаванні да ўтрымання тэрыторый. Мы гаворым: тое, што сёння людзі выйшлі і зрабілі добраахвотна, будзе абавязкам", - адзначыў Аляксандр Церахаў.

Паводле яго слоў, праблема прыбірання двароў ад снегу застаецца актуальнай. "Магістральныя вуліцы ў прынцыпе ўжо ачышчаны, не было дапушчана сур'ёзных збояў у руху грамадскага транспарту. Але вось дваровыя тэрыторыі, стаянкі аўтатранспарту ўяўляюць для нас пэўную праблему", - канстатаваў міністр. Асабліва востра яна стаіць у Мінску.

Аляксандр Церахаў падзякаваў тым, хто дапамог камунальным службам з расчысткай дваровых тэрыторый. "Людзі пачулі заклік і выйшлі на расчыстку. Але, на жаль, засталіся і нядбайныя гараджане, да якіх неабходна прымяняць меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Ёсць аўтамабілі, якія не проста пакідаюць на ноч пастаяць у дварах, але кідаюць на тры, пяць, сем дзён, некаторыя не выязджалі з пачатку зімовага перыяду", - растлумачыў ён.

Новаўвядзенне будзе накіравана на тое, каб грамадзяне ў абавязковым парадку прыбіралі тэрыторыю. "Задача - не аштрафаваць, не прыцягнуць да адказнасці. Мы хочам, каб грамадзяне выходзілі і прыбіралі тэрыторыю вакол сваіх аўтамабіляў. І тым самым зрабілі жыццё прасцейшым і сабе, і іншым", - сказаў Аляксандр Церахаў.

Характарызуючы сітуацыю ў цэлым, Аляксандр Церахаў канстатаваў, што праведзеная работа па падрыхтоўцы жыллёва-камунальнай гаспадаркі да асенне-зімовага перыяду прыносіць свае вынікі. Насельніцтва забяспечана неабходным аб'ёмам якасных камунальных паслуг, не дапушчана сур'ёзных збояў у водазабеспячэнні, водаадвядзенні. "Былі моманты адключэння кацельняў па Мінскай і Магілёўскай абласцях, але дзякуючы своечасовым мерам мясцовых улад спажыўцы былі пераключаны на мабільныя або рэзервовыя крыніцы, таму цеплазабеспячэнне ажыццяўлялася ў штатным рэжыме. Арганізацыі ЖКГ гатовы да выклікаў і пагроз, якія прыносіць з сабой дрэннае надвор'е", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі