
10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава праводзіць 10 красавіка чарговы прыём грамадзян. На прыём да спікера звяртаюцца жыхары з усёй Беларусі, праблемныя пытанні бяруцца на кантроль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вынікі прыёму грамадзян сталі абнадзейлівымі, напрыклад, для маладой сям'і з Мінска. Муж і жонка разам з двума маленькімі дзецьмі 2 і 4 гадоў цяпер пражываюць у інтэрнаце УП "Рамфорт". Аднак паўтара года ўжо спрабуюць перазаключыць дагавор найму жылога памяшкання, але беспаспяхова. Штораз ім адмаўляюць па прычыне таго, што муж і жонка працуюць у арганізацыях сталіцы, а не Мінскай вобласці або раёна.
Муж між тым нарадзіўся і пражыў усё жыццё ў гэтым інтэрнаце. "І дзеці маленькія - куды з імі ісці! Трэба яшчэ пастарацца, каб знайсці такую (здымную кватэру. - Заўвага БЕЛТА), каб узялі з маленькімі дзецьмі, з дамашнім гадаванцам - не кожны пагодзіцца. Плюс дзіця ходзіць у сад. Была складаная адаптацыя. Яшчэ раз праходзіць адаптацыю ў іншым раёне Мінска не хацелася б. Ды і раён задавальняе", - растлумачыла жонка ў каментарыі журналістам.
Вынікам прыёму маладая сям'я задаволена. Ужо ў ходзе асабістай сустрэчы ім паведамілі, што дагавор найму жылога памяшкання будзе прадоўжаны на паўгода. А за гэты час, магчыма, вырашыцца пытанне з пераходам на іншую працу. Не выключана, што муж пяройдзе ў абласную арганізацыю, якая і пахадайнічае, каб сям'я засталася пражываць у інтэрнаце і далей, пасля чаго будзе заключаны новы дагавор на больш працяглы тэрмін.
"Аб прадаўжэнні дагавора на гэтыя паўгода мы даведаліся ў кабінеце (на прыёме ў Наталлі Качанавай. - Заўвага БЕЛТА). Да гэтага нам пастаянна прыходзілі адмовы. Была адна надзея на Наталлю Іванаўну", - адзначыла жонка, дадаўшы, што да іх прыходу, відаць, рыхтаваліся. У сувязі са зваротам быў прапанаваны такі варыянт зыходу падзей на бліжэйшы час.
Задаволена вынікамі асабістага прыёму і жыхарка Барысава. У Беларусі яна жыве з 2002 года. Звярнулася па пытанні працаўладкавання. Цяпер жанчына сутыкнулася з праблемай пошуку працы. Па-першае, 10-гадовае дзіця мае праблемы са здароўем і навучаецца дома, па-другое, у яе самой узніклі праблемы са здароўем. Прапанаваныя варыянты працаўладкавання не задавальняюць.
"Мне прапаноўвалі (работу. - Заўвага БЕЛТА) па 12 гадзін. Але хіба я магу кінуць дзіця на цэлы дзень? - паскардзілася барысаўчанка, размаўляючы з журналістамі. - Працавала і сакратаром, і інспектарам па кадрах. Ёсць навыкі, але не задавальняе графік. Ну не кіну ж на цэлы дзень!"
Пражыўшы доўгі час у Беларусі, жанчына хацела б атрымаць і беларускае грамадзянства. А для гэтага патрэбна пастаянная, стабільная работа. "Беларусь ні на што не прамяняю. Ніколі ў жыцці!" - падкрэсліла яна.
Наталля Качанава ў ходзе асабістага прыёму прапанавала заяўніцы прайсці медыцынскае абследаванне, каб зразумець прычыну пагаршэння стану з далейшым вырашэннем пытання аб працаўладкаванні. Гаворачы аб тым, ці задаволена яна такім адказам, барысаўчанка сказала: "Вельмі! Вельмі задаволена. Я думаю, Наталля Іванаўна мяне не проста выслухала - пачула".
Яшчэ адзін заяўнік - жыхар Гродна - лічыць, што мае права на датэрміновую пенсію. Мужчына расказаў, што працаваў на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў - спачатку рабочым на вытворчасці, якая лічылася "шкоднай", пазней яго павысілі на пасадзе і ён стаў начальнікам участка. Таму ўзнікла пытанне з выхадам на пенсію "па шкоднасці". Праведзенае папярэдне вывучэнне сітуацыі памылак наймальніка не выявіла. Наталля Качанава даручыла яшчэ раз вывучыць пытанне, альбо выправіўшы памылку, альбо растлумачыўшы чалавеку нормы закону.
У каментарыі журналістам спікер растлумачыла, што, у адпаведнасці з рэгламентам, прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях праводзяцца раз у месяц. Работа з людзьмі - адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці Савета Рэспублікі.
"Працуючы над законапраектамі, мы разумеем, што пытанні, якія разглядаем, павінны быць актуальныя. Уносімыя дапаўненні і змяненні ў законы павінны быць таксама актуальныя і жыццёва важныя для грамадзян і нашай краіны", - адзначыла Наталля Качанава, растлумачыўшы, чаму неабходны такія прыёмы. І гэта акрамя непасрэднага вырашэння праблемных пытанняў грамадзян. Да таго ж Савет Рэспублікі каардынуе работу дэпутатаў усіх узроўняў. Спікер падкрэсліла, што асноўная функцыя дэпутатаў - работа з людзьмі.
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што прыёмы грамадзян даюць значныя вынікі. "Мы робім усё для таго, каб такія прыёмы праходзілі найбольш эфектыўна", - дадала спікер, растлумачыўшы, што заяўнікі або атрымліваюць кансультацыі па сваіх пытаннях, або праблемная тэматыка затым разглядаецца тымі органамі, якія з-за сваёй кампетэнцыі абавязаны гэтым займацца. Усе пытанні знаходзяцца на кантролі.
Асобна Наталля Качанава спынілася на зваротах, якія паступілі ў ходзе выбарчай кампаніі да давераных асоб кіраўніка дзяржавы. Такія звароты - таксама на кантролі. "Мы правялі шмат сустрэч на прадпрыемствах, у арганізацыях. Вядома, для нас вельмі важна ажыццяўляць кантроль за гэтымі зваротамі, якія паступілі да нас у ходзе выбарчай кампаніі як давераных асоб. Таму сочым уважліва за гэтай сітуацыяй", - сказала Наталля Качанава.
Спікер звярнула ўвагу, што звароты, прапановы і просьбы паступалі не толькі ад фізічных асоб. У большай ступені размова ідзе аб зваротах, якія хвалявалі працоўныя калектывы. Вынікі прапрацоўкі пытанняў (якія з іх ужо вырашаны, а якія знаходзяцца на кантролі) дакладваюцца кіраўніку дзяржавы.
Паводле інфармацыі старшыні Савета Рэспублікі, да давераных асоб паступіла звыш 1 тыс. зваротаў. На кантролі застаецца 551 зварот. З іх па 194 былі дадзены тлумачэнні. Спікер растлумачыла, што па шэрагу зваротаў тэрміны выканання яшчэ не надышлі. Размова ідзе, напрыклад, аб рамонце дарогі або будаўніцтве нейкага аб'екта. "Мы разумеем, што з-за пэўных прычын гэта зрабіць вельмі хутка немагчыма. Таму мы і пытанні трымаем на кантролі да канчатковага вырашэння і далейшага даклада Прэзідэнту", - падкрэсліла Наталля Качанава.
Кіраўнік дзяржавы перад кіраўнікамі ўсіх органаў улады паставіў задачу, каб усе абяцанні, якія былі дадзены людзям у ходзе выбарчай кампаніі, былі выкананы, рэзюмавала Наталля Качанава.-0-