Сцяг Чацвер, 11 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 жніўня 2025, 15:51

Ад вераснёўскай прахалоды да летняй спёкі. Якім будзе апошні тыдзень лета, расказалі ў Белгідрамеце

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Крыху загуляўшыся ў восень, жнівень у апошні момант усё ж успомніў, што лета яшчэ не закончылася. Таму беларусаў на гэтым тыдні чакаюць тэмпературныя арэлі: ад вераснёўскай прахалоды да летняй спёкі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Так, у бліжэйшыя двое сутак (26-27 жніўня) у краіне захаваецца халаднаватае надвор'е з начнымі мінімумамі 4-11 градусаў цяпла і дзённымі максімумамі ад плюс 15-16 да плюс 20-23 градусаў. Пры гэтым 26 жніўня (аўторак) у няўстойлівай паветранай масе будуць фарміравацца масівы кучава-дажджавой воблачнасці, якія нясуць з сабой кароткачасовыя дажджы, днём месцамі з навальніцамі. У начны і ранішні час 27 жніўня (серада) дажджы прадоўжаць адзначацца ў многіх раёнах краіны, а днём з ростам атмасфернага ціску прымуць лакальны характар. 28 жніўня (чацвер) пры павышаным фоне атмасфернага ціску істотных ападкаў не прагназуецца. Разам з тым у дзённы час у паўднёва-заходнія раёны краіны пачнуць паступаць цёплыя паветраныя масы з Балканскага паўвострава, таму паветра на сярэдзіну дня прагрэецца ад плюс 18 градусаў па поўначы да плюс 28 градусаў па паўднёвым захадзе",-расказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 26 жніўня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-11 градусаў цяпла, днём - плюс 15-20.

У сераду, 27 жніўня, ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па ўсходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 4-11 градусаў вышэй за нуль, днём - плюс 16-23.

У чацвер, 28 жніўня, будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 4-10 градусаў цяпла, месцамі - да плюс 12. Днём будзе ад плюс 18 градусаў па поўначы да плюс 28 градусаў па паўднёвым захадзе.

"Згодна з папярэднімі прагнозамі, у апошнія дні жніўня надвор'е прыемна здзівіць: адвекцыя цёплай паветранай масы ўзмоцніцца, тэмпературны фон павысіцца паўсюдна і ў дзённы час будзе знаходзіцца ў межах 21-31 градуса вышэй за нуль. Пры гэтым час ад часу летняе сонца будуць закрываць палі франтальнай воблачнасці, таму без кароткачасовых навальнічных дажджоў не абыдзецца. У начны і ранішні час у вільготным паветры месцамі па краіне будуць згушчацца непрацяглыя туманы", - падзяліліся прагнозам сіноптыкі.

У пятніцу, 29 жніўня, месцамі, пераважна па паўночна-заходняй палове краіны, пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём месцамі магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 8-15 градусаў цяпла, на захадзе - плюс 16-19. Днём будзе 21-28 градусаў вышэй за нуль, у заходніх і паўднёвых раёнах - плюс 29-31.

У суботу, 30 жніўня, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 12-17 градусаў цяпла, на захадзе - да плюс 20, днём - ад плюс 21 градуса на поўначы да плюс 31 градуса на поўдні.

У нядзелю, 31 жніўня, ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 12-19 градусаў цяпла, днём будзе 21-26 градусаў вышэй за нуль, на паўднёвым усходзе - да плюс 29.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі