Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 снежня 2022, 10:36

Ад самагіда да ўтылізацыі цяпла: у Гомелі студэнты прадставілі праекты для "100 ідэй для Беларусі"

9 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Студэнты гомельскіх ВНУ прадставілі праекты на конкурс "100 ідэй для Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Занальны тур рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі" сабраў на базе ГДУ імя Ф.Скарыны аўтараў праектаў. Удзельнікі прэзентавалі свае ідэі з самых розных сфер: ад распрацоўкі мадэлі аптымізацыі раскладу грамадскага транспарту, карыснага выкарыстання вуглякіслага газу ў транспартнай галіне, утылізацыі цеплавой энергіі ад работы майнінг-ферм і Big Data - цэнтраў для ацяплення памяшканняў і нагрэву вады да сацыяльных праектаў тыпу навукова-адукацыйнай школы "Сучасная анкалогія", "Разумны дом для інвалідаў па зроку" і інш.

Напрыклад, Дар'я Філончык з ГДТУ імя П.В.Сухога прапанавала ўвазе журы самагід у дапамогу самастойным турыстам, якія імкнуцца даведацца як мага больш пра гісторыю і культуру роднай краіны. На думку дзяўчыны, яе праект, што прадугледжвае інтэрактыўную карту, асабісты кабінет і віртуальныя экскурсіі, можа стаць новым крокам у развіцці турызму.

Студэнты Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі распрацавалі дабрачынны праект "Уверх". Яны жадаюць адкрыць для сельскай моладзі новыя гарызонты. Яны наведваюць сельскія школы, каб паказаць дзецям, якім насычаным можа быць жыццё, матываваць іх да гэтага. "У сваю каманду мы запрашаем спартсменаў, кулінараў, дзяржслужачых, фатографаў, спецыялістаў па відэамантажы і іншых профі ў сваёй справе. Праграма сустрэч уключае адукацыйны, творчы, спартыўны, забаўляльны і іншыя блокі", - растлумачылі сваю ідэю аўтары.

Першы сакратар Гомельскай гарадской арганізацыі БРСМ Васіль Ляўкутнік упэўнены ў перспектыўнасці маладзёжных праектаў. "Сёння мы далі старт 12-му рэспубліканскаму маладзёжнаму праекту "100 ідэй для Беларусі". Сёлета ён рэалізуецца ў два этапы. Занальны тур паміж ВНУ рэгіёна, а затым сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і школ. Сёння заявіліся ўсе ВНУ вобласці. Назіраецца станоўчая тэндэнцыя па заяўках. Кожны год іх колькасць узрастае. Гэта сведчыць аб тым, што моладзь актыўна ўключаецца ў інавацыі і кожны малады чалавек плануе ўнесці ўклад са сваёй ідэяй у развіццё нашай краіны. На гэтым этапе прадстаўлены 32 праекты", - расказаў ён.

Як адзначыў Васіль Ляўкутнік, у мінулым годзе некалькі праектантаў ад Гомеля занялі прызавыя месцы на рэспубліканскім этапе. Штогод каля 4-5 праектаў рэалізуюцца ў рэгіёне. "Таксама ў бягучтым годзе мы збіралі ў тэхнапарку прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў розных сфер, якім могуць быць цікавыя маладзёжныя праекты", - расказаў ён.

У журы - прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва Гомеля, абласной і гарадской арганізацый БРСМ, ВНУ, навуковай супольнасці. Праекты - пераможцы занальнага тура атрымаюць каштоўныя прызы ад Гомельскай гарадской арганізацыі БРСМ, а таксама пуцёўку на абласны этап.

"100 ідэй для Беларусі" - рэспубліканскі праект, які існуе з 2011 года, арганізатарам з'яўляецца БРСМ сумесна з Міністэрствам адукацыі, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Праект рэалізуецца для актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі