Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лістапада 2022, 16:21

Ад будаўнікоў да аграрыяў: больш як 6,8 тыс. маладых людзей Гомельскай вобласці аб'ядналі студатрады

23 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Больш за 6,8 тыс. маладых людзей Гомельскай вобласці адпрацавалі ў працоўным семестры 2022 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Фае Цэнтра культуры Гомельскага раёна сёння напоўнілася энергетыкай студатрадаўскага руху з песнямі пад гітару, незвычайна магутнай канцэнтрацыяй маладзёжнай энергетыкі. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы праходзіць закрыццё трэцяга працоўнага семестра ў рэгіёне.

У гэтым годзе ў студэнцкіх атрадах Гомельскай вобласці адпрацавалі больш за 6,8 тыс. чалавек. Амаль паўтысячы з іх - байцы, камандзіры і камісары - прыехалі ў Гомель, каб завяршыць гэты працоўны семестр.

Маладыя людзі сталі ўдзельнікамі маштабных рэспубліканскіх працоўных праектаў "Атлант 2022", "Трактарабудаўнік 2022", "Аўтазаводзец 2022", "Важаты 2022". Больш за 170 чалавек азнаёміліся са справай камбайнабудаўнікоў у час абласнога маладзёжнага працоўнага праекта "Гомсельмаш 2022", больш за 100 байцоў папрацавалі на абласной маладзёжнай будоўлі ў Добрушы. Байцы студэнцкіх атрадаў працавалі таксама ў Расіі - у дзіцячых цэнтрах "Арляня" і "Марская хваля".

Студатрады - ужо прызнаны маладзёжны брэнд краіны, гэты рух падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі адзначыў, што работа ў студатрадзе не толькі дазваляе атрымаць вопыт і зарабіць першыя грошы, але і дае загартоўку характару, сілы волі, стойкасці духу. "Прыемна, што геаграфія работы студатрадаў пашыраецца, з'яўляюцца новыя напрамкі для развіцця працоўнага патэнцыялу нашай моладзі", - падкрэсліў ён, пажадаўшы поспехаў і ў далейшым.

Асобныя словы ўдзячнасці былі адрасаваны наймальнікам, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, дзе працавалі студатрады. Як было агучана, прымаць атрады няпроста і вельмі адказна. Аднак з году ў год моладзь апраўдвае ўсе спадзяванні, атрымліваючы першыя працоўныя навыкі.

Лепшыя студэнцкія атрады, камандзіры і камісары студэнцкіх атрадаў, штабы працоўных спраў і тэрытарыяльныя штабы студэнцкіх атрадаў узнагароджаны памятнымі сувенірамі і дыпломамі. Таксама падзякамі абкама БРСМ і сувенірамі адзначаны самыя актыўныя байцы студатрадаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі