Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 чэрвеня 2021, 17:05

Аб візіце членаў камісіі ІКАО ў Беларусь размова не ідзе - Сікорскі

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб візіце членаў камісіі ІКАО ў Беларусь размова не ідзе, паведаміў журналістам дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"28 мая мы выступілі ў Савеце ІКАО, дзе падрабязна давялі ўсе абставіны і паўторна запрасілі ўсіх зацікаўленых прыняць удзел у міжнародным расследаванні. Разам з тым непадробленае здзіўленне выклікала рэакцыя краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі - членаў Савета ІКАО, якія большасцю галасоў выключылі з рэзалюцыі савета ініцыятыву Беларусі аб правядзенні транспарэнтнага расследавання і прыцягненні да адказнасці вінаватых бакоў. Толькі 4 чэрвеня генеральны сакратар ІКАО паведаміў аб стварэнні камісіі. Дзіўна, але да нас не давялі ні склад камісіі, ні яе кампетэнцыі. Аб візіце членаў камісіі ў Беларусь на гэты час размова не ідзе. Нас проста папрасілі выслаць інфармацыю", - сказаў Арцём Сікорскі.

Як паведамлялася, 23 мая самалёт авіякампаніі Ryanair, які выконваў рэйс па маршруце Афіны - Вільнюс, пралятаючы над тэрыторыяй Беларусі, падаў сігнал аб узнікненні аварыйнай сітуацыі. Аэрапорт атрымаў паведамленне ў 12.50. Борт FR4978 падаў умоўны код 7700 - гэта асноўны аварыйны код, які сведчыць аб тым, што на борце ўзнікла аварыйная сітуацыя. Прычынай сігналу трывогі стала паведамленне аб мініраванні паветранага судна.

Па рашэнні камандзіра паветранага судна ў 13.15 па мінскім часе самалёт зрабіў паспяховую пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, дзе на стаянцы самалёт ужо сустракалі аварыйна-выратавальныя разлікі аэрапорта, хуткая дапамога, супрацоўнікі службы авіяцыйнай бяспекі, кінолагі. Неадкладна былі праведзены аператыўныя праверачныя мерапрыемствы, на месца прыбылі дадатковыя разлікі МНС, працавалі прадстаўнікі сілавых структур.

На борце самалёта знаходзіліся 123 пасажыры. Усе яны прайшлі дадатковы кантроль на авіяцыйную бяспеку і былі дастаўлены ў транзітную зону аэрапорта для праверачных мерапрыемстваў. Багаж быў зняты з рэйса і таксама прайшоў дадатковую праверку на бяспеку. Паведамленне аб мініраванні не пацвердзілася. У 20.48 самалёт вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у Вільнюс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі