Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лістапада 2012, 18:46

А.Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Латушку Паўла Паўлавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА па сумяшчальніцтву;

Хайноўскага Аляксандра Францавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Венгрыі, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Славенія па сумяшчальніцтву;

Фісенку Ігара Валянцінавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспубліцы і Рэспубліцы Судан па сумяшчальніцтву;

Вакульчыка Валерыя Паўлавіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь;

Шаева Валянціна Пятровіча - старшынёй Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт даў згоду на назначэнне:

Закрэўскага Вадзіма Аляксандравіча - намеснікам міністра энергетыкі;

Філонава Анатоля Васільевіча - першым намеснікам міністра эканомікі;

Абрамава Вячаслава Анатольевіча - намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці;

Хваціка Васіля Міхайлавіча - старшынёй Баранавіцкага райвыканкама;

Дзядзюка Юрыя Васільевіча - старшынёй Драгічынскага райвыканкама;

Сяркова Міхаіла Мікалаевіча - старшынёй Пружанскага райвыканкама;

Яфрэмава Барыса Сяргеевіча - старшынёй Лепельскага райвыканкама;

Баговіча Мікалая Ірынархавіча - старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама;

Гарбачова Уладзіміра Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама;

Кірычэнку Пятра Аляксеевіча - старшынёй Гомельскага гарвыканкама;

Суздалева Генадзя Аляксандравіча - старшынёй Жлобінскага райвыканкама;

Панчанку Віталя Сямёнавіча - старшынёй Рэчыцкага райвыканкама;

Турчына Аляксандра Генрыхавіча - намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама;

Юшкевіча Аляксандра Мікалаевіча - намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама;

Салаўя Генадзя Міхайлавіча - старшынёй Клецкага райвыканкама;

Шацько Ілью Іванавіча - старшынёй Мядзельскага райвыканкама;

Забелы Аляксандра Леанідавіча - старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці "Белдзяржхарчпрам";

Карпяка Уладзіміра Валянцінавіча - генеральным дырэктарам вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Мінскі завод шасцерняў";

Ложачнікава Ігара Аляксандравіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Беларускі цэментны завод";

Бутко Віктара Фёдаравіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "МЗКР" - кіруючая кампанія холдынга "Белстанкаінструмент";

Сычэўскага Уладзіміра Васільевіча - членам Гродзенскага аблвыканкама;

Сянько Віктара Сяргеевіча - членам Мінскага аблвыканкама;

Гарошкіна Аляксандра Рыгоравіча - членам Магілёўскага аблвыканкама.

Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў указ аб прыпыненні ваеннай службы генерал-маёру Аляксандру Мяжуеву ў сувязі з выбраннем дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на ўвесь тэрмін яго паўнамоцтваў і вызваленні яго ад пасады начальніка галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Начальнікам галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь назначаны генерал-маёр Іван Чаус.

Камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь назначаны генерал-маёр Андрэй Раўкоў.

Начальнікам штаба - першым намеснікам камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь назначаны генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч.

Намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь назначаны палкоўнік Вадзім Дзенісенка.

Назначаючы паслоў Беларусі ў Францыі і Венгрыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны абодва добра ведаюць дыпламатычную работу.

"Венгрыя - гэта былая сацыялістычная краіна, з якой у нас у свой час былі добрыя адносіны. Нават не проста добрыя, а вельмі блізкія адносіны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Там усё ж, асабліва пасля таго, як яны наеліся "дэмакратыі" і рыначнай эканомікі (усё тое, што адбываецца сёння ў Еўропе), многія працверазелі. І не толькі там, але і ў Францыі. Сёння ўжо, як ні дзіўна, сродкі масавай інфармацыі называюць Францыю "бомбай запаволенага дзеяння ў цэнтры Еўропы". Пайшоў ужо новы крэн, што быццам бы следам за праблемнымі краінамі паляціць і Францыя. Гэта ўсё працверазіла некаторых палітыкаў і грамадства заходніх дзяржаў. Таму не толькі ў Венгрыі, але і ў Францыі кола нашых зносін павінна пашырыцца ў сувязі з разуменнем людзьмі тых працэсаў, якія адбываюцца ў іх, у праламленні на Беларусь".

"Венгрыя ёсць Венгрыя. Мы не можам страціць гэту краіну. Гэта дзяржава, з якой мы павінны выбудоўваць адносіны, гэтак жа як з Польшчай, Балгарыяй, балтыйскімі дзяржавамі. Гэта дзяржавы, з якімі мы былі сябрамі. Таму, хочам мы ці не, мы павінны выбудоўваць з імі адносіны. Тым больш што мы хочам гэтага", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб новым пасле Беларусі ў Францыі, Прэзідэнт адзначыў, што Павел Латушка сам выказаў жаданне зноў вярнуцца на дыпламатычную работу: "Тут інсінуацый быць не павінна. Я Паўла Паўлавіча ні ў якім разе не выганяю з пасады міністра культуры. Ён нядрэнны міністр. Але гэта яго жаданне. Я лічу, што чалавек мае права на сваё меркаванне, пажаданні, а я як кіраўнік дзяржавы павінен старацца дзейнічаць у гэтым ключы, задавальняючы, калі магчыма, гэтыя жаданні. Гэта мая прынцыповая пазіцыя".

"Нам Францыя яшчэ цікавая і з таго пункту гледжання, што там перамагла Сацыялістычная партыя. Франсуа Аланд, які ўзначальвае Сацыялістычную партыю, гэта чалавек, я спадзяюся, больш прагматычны і прыземлены. Прынамсі, першыя месяцы яго палітыкі аб гэтым сведчаць, пры ўсіх недахопах, якія там існуюць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Ваша задача самым уважлівым чынам вывучыць дзейнасць Сацыялістычнай партыі. Магчыма, у нас можа з'явіцца такая партыя. Не тая партыя сацыялізму, якая калісьці была ў нас фармальна, а партыя сацыялізму, якая прадастаўляе чалавеку магчымасці для самарэалізацыі, якая не выступае супраць прыватнай уласнасці. Лічу, мы, калі б у нас з'явілася такая партыя, маглі б прыўнесці шмат карыснага, зыходзячы з негатыўнага і станоўчага вопыту мінулых гадоў у Савецкім Саюзе. Таму я чакаю вашай прапрацоўкі такіх напрамкаў і асабістага даклада, - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Паўла Латушкі. - А ўсе астатнія напрамкі супрацоўніцтва ў плане эканомікі, узаемадзеяння з Францыяй, наколькі яны, вядома, гэтага захочуць, вам вядомы".

"Упэўнены, што ў вас гэта работа атрымаецца. Вы маладыя людзі. У вас вялікія перспектывы. Таму працуйце на карысць краіны", - пажадаў паслам Аляксандр Лукашэнка.

Назначаючы Валерыя Вакульчыка на пасаду старшыні КДБ, Прэзідэнт адзначыў, што доўга абдумваў гэта кадравае рашэнне. "Не таму, што сумняваўся, дапусцім, у вашай кандыдатуры або кандыдатуры (на пасаду старшыні Следчага камітэта) Валянціна Шаева. Але ж Следчы камітэт толькі-толькі ўстае на ногі. Там шмат пытанняў, звязаных не толькі са следствам, наглядам за следствам. Мяне больш за ўсё хвалюе матэрыяльна-тэхнічная сітуацыя. Трэба, каб гэты камітэт уладкаваўся на сваім месцы, меў свае памяшканні, будынкі, збудаванні, транспарт, каб была выбудавана адпаведная сістэма", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Напэўна, працэс станаўлення вельмі працяглы. Будзе адбывацца пэўная трансфармацыя. Перыяд станаўлення толькі пачаўся. І ў гэтым плане вы ўжо, як кажуць, уехалі ў гэту тэму. Вы аўтарытэтны чалавек, людзі вас ужо ведаюць на месцах. Таму вырваць вас з гэтай сістэмы для мяне пэўная рызыка, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але я параіўся са многімі кіраўнікамі. Яны ўсе мяне запэўніваюць, што Валянцін Пятровіч (Шаеў) чалавек з вопытам і зможа не толькі арганізаваць работу Следчага камітэта, але і завяршыць працэс, звязаны са стварэннем матэрыяльнай базы".

Адносна кандыдатуры Валерыя Вакульчыка Прэзідэнт адзначыў, што яго станаўленне праходзіла менавіта ў органах дзяржаўнай бяспекі. "Па пытанню вашай будучай работы ў Камітэце дзяржбяспекі ў мяне сумненняў абсалютна няма. Усё будзе залежаць ад вас. Пакуль і насцярожанасці ваша работа ў мяне ніколі не выклікала. Вы ўмееце цаніць людзей, размаўляць з імі, і галоўнае, што вы справядлівы і сумленны чалавек. Гэта немалаважна. Гэта корань і сутнасць усёй маёй палітыкі. І тут вы якраз да месца будзеце, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Больш таго, вы ведаеце ўсе недахопы па сваёй ранейшай рабоце ў Аператыўна-аналітычным цэнтры, і вам даводзілася пастаянна сутыкацца з работай Камітэта дзяржбяспекі".

Звяртаючыся да назначаных кіраўнікоў прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што новую работу яны пачынаюць у няпросты час. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў: сёння Еўропа знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, а большая частка экспарту Беларусі прыпадае на гэты рэгіён. "Таму нам трэба шукаць іншыя пункты прыкладання нашых намаганняў. І гэта перш за ўсё ляжа на вас", - сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца канцэрна "Белдзяржхарчпрам", то кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прадпрыемствы канцэрна хутчэй за ўсё не будуць падлягаць актыўнай прыватызацыі. "Толькі выключна кропкава, дзе мы ўжо вельмі будзем зацікаўлены. Таму што як ні круці, а адзяваць, абуваць, карміць людзей трэба заўсёды, і лепш, каб гэтыя сферы, тыя прадпрыемствы, якія былі створаны ў свой час дзяржавай, былі пад кантролем дзяржавы. Калі прыватнік прыходзіць, як, дапусцім, абутковае прадпрыемства "Марко" ці іншыя, добра працуе - калі ласка, мы не супраць. Ёсць пэўныя ўмовы - няхай прыходзяць, ствараюць свае прадпрыемствы і працуюць. А проста на часткі падзяліць дзеючае прадпрыемства і раздаць, гэта нават уніжае неяк нашых людзей. Таму вы гэта павінны мець на ўвазе. І па-гаспадарску, як да свайго, падыходзіць. А не проста, што вось, інвестыцыі патрэбны, мы з некім падзялілі і пасля не будзем ведаць, з кім працаваць, і самае галоўнае - прыбытак не наш будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Асабліва па цэментнай прамысловасці. Калі мы яе рэанімавалі, мадэрнізавалі, раптам вельмі шмат з'явілася жадаючых інвесціраваць. Пажадана, каб гэтыя інвестыцыі былі ў вытворчасць нейкага гатовага прадукту, звязанага з цэментнай прамысловасцю. Ёсць кінутыя прадпрыемствы паблізу ад гэтых заводаў, няхай аднаўляюць, вырабляюць там, напрыклад, гатовыя будаўнічыя матэрыялы і прадаюць ужо з большай дабаўленай вартасцю", - сказаў Прэзідэнт. "Па гэтым шляху мы пойдзем і на іншых прадпрыемствах", - дадаў ён.

Звяртаючыся да генеральнага дырэктара Мінскага завода шасцерняў, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што гэта прадпрыемства трэба пастаянна мадэрнізаваць, каб не адстаць.

Што датычыцца вертыкалі ўлады, то Аляксандр Лукашэнка заклікаў новых кіраўнікоў на месцах быць у першую чаргу сумленнымі і справядлівымі. Ён акцэнтаваў увагу чыноўнікаў на катэгарычнай недапушчальнасці фактаў злоўжывання ўладай у карыслівых інтарэсах і тым больш карупцыі.

"Самае галоўнае - што скажуць пра нас людзі. А пра вас тым больш, вы перад імі кожны дзень, вы на вачах у людзей. Таму помніце аб тым, што вас ацэняць людзі, і перш за ўсё тыя, якімі вы прызначаны кіраваць і якіх вы абавязаны арганізоўваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што патрэбны таксама парадак і дысцыпліна. "Мы, напрыклад, у вёсцы дзяржаўнымі праграмамі па развіццю вёскі крыху разбалавалі нашых кіраўнікоў. Мы іх вярнулі ў тыя савецкія часы, калі мы працавалі і ведалі, што нам дадуць крэдыты, па разнарадцы тэхніка прыйдзе, недзе сам паварушышся - больш-менш вырвеш і гэтак далей. У гэтай частцы мы неяк вярнулі нашых кіраўнікоў у той час. Пара іх працверазіць, паставіць у рамкі і прымусіць працаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Мы нямала зрабілі для сельскай гаспадаркі. Дзесьці вельмі шмат, дзесьці менш, але ўжо час настаў патрабаваць, асабліва з тых, дзе мы ўклаліся нармальна. Ну а тых, каму трэба дапамагаць, мы паціху будзем падцягваць да ўзроўню вышэйшага за сярэдні. У нас прыкладна 25 працэнтаў такіх гаспадарак, на якіх павінна быць сканцэнтравана наша ўвага. А астатнія павінны працаваць па поўнай і, вобразна кажучы, даваць краіне вугаль", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, з будучага года мае намер шмат працаваць з кіраўнікамі нізавога звяна, кіраўнікамі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў. "Цяпер будзе ўдзелена сур'ёзная ўвага гэтаму звяну - асноўнаму звяну, якое робіць нашу дзяржаву дзяржавай і якое павінна даваць і будзе даваць найбольшы эфект", - сказаў ён.

Акрамя таго, Прэзідэнт лічыць, што неабходна больш задзейнічаць сельскія Саветы.

"Увесь цяжар будзе перанесены туды. Цяпер вельмі шмат бюракратыі, завязанасці на цэнтр, на райвыканкам, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Няхай яны там разам з участковым наводзяць парадак, разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў арганізоўваюць людзей, забяспечваюць іх правы на працу, на зарплату і гэтак далей. А вы кантралюйце. Але для гэтага сельскі Савет павінен быць сельскім Саветам".

Прэзідэнт дадаў, што функцыі сельсаветаў будуць узмоцнены. "Паглядзіце, што ім туды аддаць, - даручыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў. - Займіцеся гэтым, не чакаючы нейкіх дадатковых указанняў".

"У нас тут яшчэ з савецкіх часоў як працавалі, так і працуем, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба выбудоўваць нармальную сістэму кіравання і падбіраць людзей у гэту сістэму".

"І яшчэ раз падкрэсліваю: сумленнасць і справядлівасць павінны быць пакладзены ў аснову вашай палітыкі. Рэагуйце на просьбы і запыты людзей, не аддаляйцеся ад іх - гэта галоўнае, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Будзьце людзьмі з нашымі людзьмі. Беражыце іх. Нам дэмаграфічную праблему трэба вырашаць, а яна вырашаецца не толькі нараджэннем новых людзей, але і захаваннем тых, якія ў нас ёсць".
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі