Сцяг Чацвер, 28 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 чэрвеня 2024, 10:09

45 гадоў Чырвонай кнізе Беларусі

Фота з архіва
Фота з архіва
28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 45 гадоў з моманту стварэння на тэрыторыі Беларусі механізма па ахове асобных відаў жывёл і раслін, якія знаходзяцца на мяжы знікнення, - Чырвонай кнігі.

Чырвоная кніга Беларусі - афіцыйнае выданне, якое змяшчае анатаваны спіс рэдкіх відаў (і падвідаў) дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, а таксама відаў (і падвідаў) дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі краіны.

Чырвоная кніга Беларусі была заснавана ў 1979 годзе. Яе першае выданне выйшла ў 1981 годзе на беларускай мове і ўключала 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін.

Наступнае - ужо двухтомнае - выданне Чырвонай кнігі Беларусі ўбачыла свет у 1993 годзе. Спіс знікаючых відаў флоры і фаўны пашырыўся і папоўніўся.

Трэцяе выданне, выпушчанае на рускай мове, выйшла ў двух тамах: "Жывёлы" (2004) і "Расліны" (2005). У іх увайшлі 189 відаў жывёл і 274 віды раслін, 24 віды лішайнікаў і 29 - грыбоў. Некаторыя віды з двух першых выданняў кнігі выключылі, іншыя, якія аказаліся пад пагрозай знікнення, - дабавілі.

Чацвёртае выданне ўбачыла свет у 2015 годзе. У яго было занесена 202 віды жывёл і 303 віды раслін.

На 2025 год запланавана чарговае, пятае, выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі падрыхтаваны ўжо папярэднія спісы раслін і жывёл, якія ўвойдуць у яе. Вучоныя хочуць уключыць 305 відаў раслін і выключыць 26 відаў. Таксама ў том "Жывёлы" плануецца ўключыць 211 відаў, у тым ліку 21 новы, і выключыць 13. Па шэрагу відаў плануецца змяніць ахоўны статус.

Цяпер дзейнічае Дзяржаўная праграма "Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў" на 2021-2025 гады, зацверджаная пастановай Савета Міністраў. Праграма накіравана на забеспячэнне экалагічна спрыяльных умоў для жыццядзейнасці грамадзян, аховы навакольнага асяроддзя, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. За час яе рэалізацыі ў рэспубліцы было выяўлена і перададзена пад ахову 1237 месцаў жыхарства дзікіх жывёл і месцаў росту дзікарослых раслін, а таксама больш за 34 тыс. га тыповых і рэдкіх прыродных біятопаў і ландшафтаў.

Акрамя таго, у Беларусі распрацаваны і рэалізуюцца 16 планаў дзеянняў па захаванні дзікіх жывёл і 30 - па захаванні дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, што ўключаны ў Чырвоную кнігу або падпадаюць пад дзеянне міжнародных дагавораў, а таксама план кіравання папуляцыяй еўрапейскай рысі і план кіравання папуляцыяй зубра.

За 45 гадоў існавання Чырвонай кнігі Беларусі ўдалося захаваць многія віды знікаючых раслін і жывёл, правесці паспяховыя праграмы па іх аднаўленні і павелічэнні колькасці папуляцый.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі