Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Апошнія навіны
Усе навіны

Проціпажарным праверкам у ГЦ "Зімняя вішня" перашкаджалі - СК Расіі

У свеце 14.04.2018 | 13:47

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Следчы камітэт Расіі мае дакумент, якім была забаронена праверка ў гандлёвым цэнтры "Зімняя вішня" ў Кемераве. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на заяву старшыні Следчага камітэта РФ Аляксандра Бастрыкіна на сустрэчы са сваякамі загінулых.

Паводле яго слоў, у 2016 годзе была зроблена спроба праверыць цэнтр "Зімняя вішня", але праверка не была праведзена, таму што ў гэты працэс "умяшалася адна высокапастаўленая службовая асоба". Кіраўнік СК падкрэсліў, што ў следства ёсць акт праверкі, які таксама паказвае, што яна не была завершана. Імя гэтага высокапастаўленага чыноўніка не называецца.

Як раней паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар па пажарным наглядзе Рынат Енікееў, спасылаючыся на вынікі праведзенага экспертамі МНС мадэліравання сітуацыі, калі б у ГЦ спрацавалі сігналізацыя, сістэма апавяшчэння, дымавыдалення, аўтаматычнага пажаратушэння, а таксама былі б адкрыты ўсе эвакуацыйныя выхады, наведвальнікі чацвёртага паверха бесперашкодна пакінулі б усе памяшканні. "Толькі ў гэтым выпадку ўсе яны спакойна выйшлі б за 2 мінуты 25 секунд, да таго як усе выхады былі блакіраваны небяспечнымі фактарамі пажару", - указваў Рынат Енікееў. Папярэднія разлікі паказалі, што ў наведвальнікаў чацвёртага паверха для самастойнай эвакуацыі пры непрацуючых проціпажарных сістэмах было ўсяго 5 мінут 4 секунды. Енікееў растлумачыў, што менавіта за гэты час увесь чацвёрты паверх запоўніўся з'едлівым дымам.

Таксама паведамляецца, што спецыялісты экспертнага цэнтра МНС з Санкт-Пецярбурга ўжо завяршылі работу на месцы пажару ў кемераўскім ГЗЦ і пачалі даследаванне атрыманых матэрыялаў у спецыяльных лабараторыях. Устаноўлена, што ручкі дзвярэй запаснога выхада з кіназалы, у якой загінулі дзясяткі людзей, былі сцягнуты тросікам, падобным на веласіпедны, з замком. "Мужчыны вырвалі яго і адкрылі дзверы, але наткнуліся на сцяну чорнага дыму", - расказалі ў СК.

Пажар у ГЦ "Зімняая вішня" здарыўся 25 сакавіка. Загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця. Па факце трагедыі расследуецца некалькі крымінальных спраў, фігурантамі якіх сталі восем чалавек, у тым ліку пажарны Сяргей Генін, які ўдзельнічаў у тушэнні пажару. Усім ім прад'яўлена абвінавачанне.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі У свеце
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/world/view/protsipazharnym-praverkam-u-gts-zimnjaja-vishnja-perashkadzhali-sk-rasii-68077-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА