Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Кітай названы адным з сусветных лідараў у сферы аднаўляльнай энергетыкі

У свеце 11.01.2019 | 17:32
Фота з архіва
Фота з архіва

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітай увайшоў у лік сусветных лідараў у галіне развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. Як паведамляе ТАСС, спасылаючыся на даклад Міжнароднага агенцтва па аднаўляльнай энергіі (IRENA), у перспектыве Кітай можа стаць сусветнай звышдзяржавай у сферы зялёнай энергетыкі.

У дакладзе "Новы свет: геапалітыка пераўтварэння энергіі, заснаваная на аднаўляльных крыніцах энергіі" адзначаецца, што Кітай мае больш за ўсё шанцаў узначаліць глабальны пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Цяпер ужо краіна лічыцца самым вялікім у свеце вытворцам і пастаўшчыком ветраных турбін, сонечных панэлей, акумулятараў і электрамабіляў.

Актыўныя распрацоўкі ў сферы зялёнай энергетыкі далі магчымасць Кітаю палепшыць свае геапалітычныя пазіцыі. Узяўшы курс на вытворчасць уласнай энергіі з аднаўляльных крыніц, Кітай зніжае сваю залежнасць ад імпарту паліва і звязаныя з гэтым эканамічныя рызыкі. Акрамя таго, як вядучы экспарцёр новых энергетычных тэхналогій Кітай набывае перавагу ў гандлёвым балансе.

Аўтары даклада таксама адзначаюць, што цяпер рынак тэхналогій вытворчасці экалагічна чыстай энергіі вызначаецца невялікай колькасцю ігракоў. У сувязі з гэтым ёсць рызыка, што краіны, якія не кантралююць ключавыя энергетычныя тэхналогіі, могуць трапіць у залежнасць ад перадавых дзяржаў. Аднак лідары ў сферы аднаўляльнай энергетыкі наўрад ці дасягнуць такога ж дамінавання на рынку, як некалі лідары ў галіне вуглевадароднага паліва, паколькі аднаўляльныя крыніцы энергіі распаўсюджаны паўсюль.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/world/view/kitaj-nazvany-adnym-z-susvetnyh-lidarau-u-sfery-adnauljalnaj-energetyki-74932-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА