Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Сезонны ўздым захваральнасці на ВРІ ў хуткім часе пойдзе на спад - Міністэрства аховы здароўя

Грамадства 11.02.2019 | 14:40
Фота з архіва
Фота з архіва

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сезонны ўздым захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў хуткім часе пойдзе на спад, заявіла намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава 10 лютага ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Як чакаецца, сезонны ўздым прадоўжыцца яшчэ тыдні два, адзначыла Наталля Жукава. Цяперашні ўзровень захваральнасці характэрны для гэтага перыяду, потым сітуацыя пойдзе на спад.

Паводле слоў Наталлі Жукавай, цяпер рэгіструецца пік захваральнасці на ВРВІ і грып. У некаторых рэгіёнах, напрыклад, у Брэсцкай вобласці, захваральнасць ніжэйшая за сярэдні ўзровень па краіне, у Гомелі - крыху вышэйшая. У цэлым сітуацыя прагназуемая і кантралюемая. Па выніках эпіднагляду, у пікавыя тыдні вірус грыпу сустракаецца не больш як у 20 працэнтаў усіх захварэўшых.

У школах узмоцнены кантроль за выкананнем проціэпідэмічных мерапрыемстваў. Праводзіцца маніторынг колькасці адсутных у школах. "Для нас важна своечасова пры неабходнасці прыняць тыя ці іншыя меры. Ёсць школы, дзе адсутнічае 6-8 працэнтаў, недзе - крыху больш за 20 працэнтаў. Але гэта не тая сітуацыя, якая патрабуе нейкіх дадатковых мер, акрамя ўважлівага выканання гігіенічных і санітарных мер", - сказала Наталля Жукава.

У гэтым сезоне прышчэпкі супраць грыпу атрымалі крыху больш за 40 працэнтаў беларусаў. Менавіта вакцынацыя - надзейны спосаб абароны ад грыпу, а таксама цяжкіх форм рэспіраторных захворванняў.

Пры наяўнасці сімптомаў хваробы Наталля Жукава парэкамендавала абавязкова звяртацца да ўрача і выконваць усе назначэнні. Вострыя рэспіраторныя інфекцыі, грып небяспечны ўскладненнямі, таму самалячэннем займацца не трэба.

Як паведамлялася, сярод хворых пераважаюць дзеці - 68,3 працэнта. Захваральнасць абумоўлена пераважна вірусамі не грыпознай этыялогіі (вірусы парагрыпу, адэнавірусы, рэспіраторна-сінцытыяльныя вірусы, бокавірусы, рынавірусы). Разам з тым адзначаецца рост актыўнасці грыпу, абумоўлены цыркуляцыяй вірусаў грыпу A(H1N1)pdm09, A(H3N2) і В, пры дамінаванні вірусаў грыпу A(H1N1)pdm09. Выдзяляюцца вірусы грыпу ад пацыентаў з ВРІ і грыпападобнымі захворваннямі, якія ў асноўным не прышчэплены. Лятальных выпадкаў ад грыпу ў краіне не зарэгістравана.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/society/view/sezonny-uzdym-zahvaralnastsi-na-vri-u-hutkim-chase-pojdze-na-spad-ministerstva-ahovy-zdarouja-75760-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА