Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі
Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка запаліў калядную свечку ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых

Прэзідэнт 07.01.2019 | 15:46
Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Павел запальваюць свечку
Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Павел запальваюць свечку

7 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запаліў сёння калядную свечку ля абраза святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каля царквы кіраўніка дзяржавы сустрэлі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, протаіерэй Фёдар Поўны, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка і мэр сталіцы Анатоль Сівак.

Аляксандр Лукашэнка пасля прыбыцця да храма ўсклаў кветкі да помніка Аляксію ІІ і агледзеў званы, якія будуць устаноўлены на званіцы храма-помніка. Прэзідэнт азнаёміўся з убраннем і роспісам царквы і запаліў калядную свечку ля абраза святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

У час богаслужэння было адзначана, што над будаўніцтвам Храма-помніка Усіх Святых працавалі многія людзі. "Час быў няпросты, але мы збудавалі гэты храм. Ён равеснік нашай незалежнай, суверэннай Беларусі. Няхай ён будзе заўсёды сімвалізаваць наш суверэнітэт. І ўсім, хто дрэнна глядзіць на нас, будзе адназначна гаварыць аб тым, што пад бізуном мы больш ніколі хадзіць не будзем", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы - горды, незалежны, талерантны і вельмі добры народ, які заўсёды паважліва ставіцца да ўсіх сваіх суседзяў, у тым ліку расіян і ўкраінцаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свята Нараджэння Хрыстовага для беларускага народа - больш чым хрысціянская традыцыя. Яно аб'ядноўвае людзей, незалежна ад ступені духоўнасці і сілы веры, закранае ў сэрцах глыбінныя пачуцці: жаданне любіць, дараваць, жыць у міры і згодзе.

"Сама атмасфера гэтай урачыстасці настройвае на добрыя справы. Менавіта ў калядныя дні больш за ўсё праводзіцца дабрачынных, іншых розных мерапрыемстваў. І я шчыра ўдзячны ўсім, хто праяўляе клопат аб людзях, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, - заявіў Прэзідэнт. - Гэта павінна быць наша чалавечая патрэбнасць. Ты сёння дапаможаш людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу, - заўтра людзі дапамогуць табе".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Нараджэнне Хрыстова - адно з самых глыбокіх па сваім сэнсе хрысціянскіх свят. Яно сімвалізуе нараджэнне чалавека, якому наканавана здзейсніць подзвіг, ахвяраваць сабой дзеля выратавання людзей.

"У розныя часы беларуская зямля страчвала мільёны сыноў і дачок, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі сваю Радзіму, - канстатаваў ён. - Лёсы многіх бясследна сцёр час. Але імёны герояў мінулага стагоддзя і нашых дзён мы ўвекавечылі, пабудаваўшы гэты велічны храм-помнік. Ён равеснік нашай маладой, суверэннай і незалежнай дзяржавы. Усё ў гэтым праекце, ад ідэі да ажыццяўлення задумы, служыць галоўнай мэце - захаванню гістарычнай памяці, сцвярджэнню міру і згоды ў грамадстве".

Крыпта храма-помніка, з'яўляючыся сімвалам справядлівасці і талерантнасці, беражэ імёны герояў, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання, захоўвае зямлю з розных куткоў свету, дзе за справядлівую справу змагаліся беларускія воіны.

"Гісторыю не змяніць, яе нельга і забыць. Таму што няма лепшай абароны, чым памяць аб трагічным мінулым. Мы шануем мір, таму што былі сведкамі гора і жахаў войнаў, як ніякі іншы народ у свеце. Беларусы гэта зведалі спаўна. Мы шануем мір і заклікаем усе народы да дружбы і супрацоўніцтва. І ў гэтай місіі наша дзяржава, беларускі народ, наша царква заўсёды былі адзіныя", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў усіх прысутных з Нараджэннем Хрыстовым, пажадаўшы грамадзянам здароўя і дабрабыту. "Няхай на нашай зямлі нараджаюцца дзеці. Нам вельмі важна, каб іх было шмат. Няхай у іх будзе шчаслівае дзяцінства і доўгае цікавае, яркае жыццё - усё гэта залежыць толькі ад нас. А наша прыгожая і моцная Беларусь заўсёды дзякуючы нашаму розуму і рукам будзе працвітаючай у свеце. І ў імя гэтага мы павінны зрабіць усё. Менавіта гэта я хачу падкрэсліць у светлае свята Нараджэння Хрыстовага. Менавіта да гэтага заклікаю ўсіх нас у гэты дзень", - рэзюмаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму-помніку ў гонар Усіх Святых абраз "Нараджэнне Хрыстова". Ён быў выраблены ў майстэрні каменнага россыпу пры Свята-Лізавецінскім манастыры па арыгінальнай тэхналогіі засыпання здробненых камянёў (жэмчуг, кальцыт, мармур, яшма, азурыт, лазурыт, малахіт і іншыя) і іх замацавання спецыяльным клеем.

На абразе паказана пячора горада Віфлеема. У цэнтры абраза - Багародзіца, у якой на каленях ляжыць Немаўля Хрыстос. Над ім схіліліся Іосіф, абручнік, заступнік Прачыстай Дзевы Марыі, і Анёл, які праслаўляе Ісуса Хрыста, які з'явіўся на свет.

Аляксандру Лукашэнку паднеслі ў падарунак спецыяльны выпуск Евангелля, распрацаваны для асвячэння галоўнага прастола Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Кожны разварот кнігі змяшчае адпаведныя па змесце тэксты на царкоўнаславянскай і рускай мовах з пазначэннем паралельных месцаў. Выданне ў аправе, вырабленай з латуні ў тэхніцы залатавустаўскай гравюры на сталі.

У калядныя дні да храма-помніка з'язджаюцца людзі з усёй краіны, паколькі ў царкве знаходзяцца многія рэліквіі. Напрыклад, да мая тут выстаўлены паклонны крыж-машчавік з часцінкай Рызы Гасподняй і каўчэгі з часцінкамі мошчаў велікамучаніка і лекара Панцеляймона, блажэннай Матроны Маскоўскай і яшчэ 19 святых.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-zapaliu-kaljadnuju-svechku-u-hrame-pomniku-u-gonar-usih-svjatyh-74788-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА