Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Лукашэнка: Беларусі цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання

Прэзідэнт 11.09.2018 | 11:19
У час сустрэчы
У час сустрэчы

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Цёрнстром, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мясцовае самакіраванне, кіраванне рэгіёнамі - гэта вельмі важная ў сучасным свеце тэма. І тое, што Савет Еўропы ўдзяляе гэтаму вялікую ўвагу, дарагога варта. І мы хацелі б бліжэй пазнаёміцца з вашым вопытам, таму цесна супрацоўнічаем з кангрэсам", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што круглы стол, які пройдзе ў Савеце Рэспублікі, прынясе пэўную карысць не толькі Беларусі, але і ў цэлым Еўропе, а таксама самому кангрэсу. Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Гудрун Мослер-Цёрнстром за магчымасць правесці ў Мінску такое мерапрыемства. "Я хачу вас запэўніць, што мы зробім усё для таго, каб яно было паспяховым", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць вопыт міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, Украінай, краінамі Балтыі ў рамках трансгранічных праграм. "Восенню ў нас адбудуцца два буйныя мерапрыемствы. У кастрычніку - сустрэча кіраўнікоў рэгіёнаў Расіі (Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА), а затым у канцы месяца - Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Я з задавальненнем хачу запрасіць вас, калі ў вас будзе час, на гэтыя мерапрыемствы. І вы ўбачыце ўжо адчувальныя вынікі ад рэгіянальнага супрацоўніцтва", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што гатовы абмеркаваць любыя пытанні, якія ёсць у старшыні кангрэса.

У сваю чаргу Гудрун Мослер-Цёрнстром адзначыла, што круглы стол - толькі пачатак супрацоўніцтва ў сферы мясцовага самакіравання. Яна падкрэсліла адкрытасць узаемадзеяння бакоў, а таксама тое, што абедзвюм структурам ёсць чаму павучыцца адна ў адной.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы - кансультатыўны орган, які прадстаўляе мясцовыя і рэгіянальныя ўлады еўрапейскіх дзяржаў. Ён складаецца з Палаты мясцовых улад і Палаты рэгіёнаў. Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі мае статус запрошанага наглядальніка ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад.

Савет Рэспублікі сумесна з КМРУ 11-12 верасня праводзяць у Мінску круглы стол па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі кангрэса з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. Узначальвае дэлегацыю старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Цёрнстром.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-belarusi-tsikavy-vopyt-saveta-europy-u-sfery-mjastsovaga-samakiravannja-71810-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА