Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Беларусь разлічвае на падтрымку парламентарыяў краін АДКБ па сваёй рэзалюцыі ў ПА АБСЕ

Палітыка 20.05.2019 | 14:40
Фота Палаты прадстаўнікоў
Фота Палаты прадстаўнікоў

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на падтрымку парламентарыяў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па сваёй рэзалюцыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні савета па АДКБ у Бішкеку (Кыргызстан), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

На пасяджэнні савета абмяркоўвалася таксама ўзаемадзеянне парламенцкіх дэлегацый краін АДКБ у ПА АБСЕ. "Што датычыцца падрыхтоўкі да летняй сесіі ПА АБСЕ, Уладзімір Андрэйчанка расказаў аб праекце чарговай беларускай рэзалюцыі "Стратэгічнае прагназаванне ў галінах навукі, тэхналогій і інавацый для ўстойлівага развіцця". Цяпер дакумент праходзіць працэдуру збору подпісаў для ўнясення ў якасці дадатковага пункта ў парадак дня сесіі, якая адбудзецца ў ліпені ў Люксембургу. Спікер выказаў надзею на цеснае супрацоўніцтва парламентарыяў краін АДКБ у прыняцці рэзалюцыі", - адзначылі ў прэс-службе.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што па ініцыятыве беларускага боку пры актыўнай падтрымцы дзяржаў - членаў АДКБ Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыі па такіх важных пытаннях, як супрацоўніцтва ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, барацьба з гандлем людзьмі і распаўсюджваннем наркотыкаў, развіццё зялёнай і лічбавай эканомікі ў інтарэсах забеспячэння эканамічнага росту на прасторы АБСЕ.

Акрамя таго, Уладзімір Андрэйчанка праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб выніках міжнароднай канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ "Адзін пояс, адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і працвітання", якая прайшла ў Мінску ў канцы красавіка.

У пасяджэнні савета ўдзельнічалі дэлегацыі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. У якасці наглядальнікаў прысутнічалі прадстаўнікі Сербіі і Афганістана. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі прыярытэты старшынства Кыргызстана ў АДКБ у 2019 годзе, вынікі дзейнасці Пастаяннага савета АДКБ па ўдасканаленні інстытуцыянальных асноў арганізацыі. Разглядаліся актуальныя пытанні процідзеяння выклікам і пагрозам калектыўнай бяспекі, гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства краін АДКБ. На парадку дня была таксама арганізацыя работы групы міжнародных наглядальнікаў па АДКБ на пазачарговых выбарах прэзідэнта Казахстана. Быў удакладнены план работы па АДКБ на 2019 год.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/politics/view/belarus-razlichvae-na-padtrymku-parlamentaryjau-krain-adkb-pa-svaej-rezaljutsyi-u-pa-abse-78192-2019
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА