Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Тэрмін бязвізавага ўезду іншаземцаў для лячэння ў санаторыях мэтазгодна павялічыць

Меркаванні
Генадзь Балбатоўскі
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва

Тэрмін бязвізавага ўезду для іншаземцаў у Беларусь для лячэння ў санаторыях мэтазгодна павялічыць. Такое меркаванне выказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі на анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"Рэспубліканскім цэнтрам неаднаразова прапрацоўвалася пытанне аб павелічэнні тэрмінаў знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі з мэтай санаторна-курортнага лячэння. Гэта пытанне не страціла сваёй актуальнасці", - сказаў Генадзь Балбатоўскі.

Указам ад 9 студзеня 2017 года нумар 8 устаноўлены бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян 80 краін на тэрмін не больш як 5 сутак пры ўмове ўезду і выезду праз міжнародны пункт пропуску "Нацыянальны аэрапорт Мінск". Указ уступіў у сілу з 12 лютага бягучага года. Прадстаўленай магчымасцю скарысталася ўжо нямала іншаземцаў, ёсць відавочны пазітыўны вынік.

"Цэнтрам уносіліся прапановы ў Міністэрства замежных спраў наконт павелічэння працягласці знаходжання замежных грамадзян пры бязвізавым парадку ўезду ў Беларусь. Гэта прывяло б да павелічэння патоку іншаземцаў у краіну, у тым ліку для санаторна-курортнага лячэння. Цяперашні тэрмін знаходжання - 5 сутак - не аказвае істотнага ўплыву на тэмпы росту колькасці жадаючых адпачыць і падлячыцца ў беларускіх здраўніцах, - адзначыў Генадзь Балбатоўскі. - Як паказвае аналіз, сярэдняя працягласць знаходжання іншаземцаў на тэрыторыі рэспублікі складае 12-14 дзён, а для выканання стандарту лячэння і дасягнення медыцынскай эфектыўнасці санаторна-курортнага лячэння неабходна не менш як 18 дзён. Менавіта гэты тэрмін і прапаноўваўся цэнтрам".

Ён выказаў надзею, што да канца бягучага года пытанне аб павелічэнні тэрміну знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі з мэтай санаторна-курортнага лячэння разгледзяць. "Прыняцце станоўчага рашэння будзе садзейнічаць дыверсіфікацыі рынку санаторна-курортных паслуг. Мы зацікаўлены ў прыцягненні спажыўцоў з еўрапейскіх краін", - падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі.

Цяпер удзельная вага расіян у агульнай колькасці грамадзян краін блізкага і далёкага замежжа, якія праходзяць санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў здраўніцах рэспублікі, складае амаль 90 працэнтаў. Астатнія 10 працэнтаў - грамадзяне такіх краін, як Украіна, Казахстан, Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Германія, Італія, Ізраіль, Кітай і інш. Пры гэтым пералік краін штогод павялічваецца. Экспарт санаторна-курортных паслуг уяўляецца магчымым пашырыць перш за ўсё за кошт грамадзян бліжэйшых краін, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, рэзюмаваў дырэктар цэнтра.

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/opinions/view/termin-bjazvizavaga-uezdu-inshazemtsau-dlja-ljachennja-u-sanatoryjah-metazgodna-pavjalichyts-2477/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА