Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Капсулы з зямлёй мемарыялаў ВАВ заклалі ў крыпце Храма-помніка Усіх Святых

Фотарэпартаж 09.05.2019 | 10:42

9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску закладзены капсулы з зямлёй мемарыялаў і брацкіх магіл Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі прыход у гонар Усіх Святых і Беларускі саюз афіцэраў. Закладка капсул прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Цырымоніі папярэднічала боская літургія ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых, прысвечаная Вялікай Перамозе 1945 года. Такая служба праводзіцца раз у год.

Капсулы змяшчаюць зямлю з мемарыяла партызанскай славы "Прарыў" у гарадскім пасёлку Ушачы - з мясцін пахавання 1,5 тыс. партызан і мірных жыхароў, якія загінулі 4 і 5 мая 1944 года ад рук карнікаў пры прарыве блакады.

Полацка-Лепельская партызанская зона - адна з самых вялікіх зон супраціўлення ў час Вялікай Айчыннай вайны, якую называлі Партызанскай рэспублікай. На яе тэрыторыі, што перасягала 3 тыс. кв.км, знаходзілася 1220 населеных пунктаў, пражывала каля 80 тыс. мірных жыхароў. Ушачы лічыліся сталіцай Партызанскай рэспублікі.

У снежні 1943 - лютым 1944 года гітлераўцы зрабілі 5 безвыніковых спроб ачысціць свае тылы ад партызан Полацка-Лепельскай зоны. 11 красавіка 1944 года пачалася маштабная карная аперацыя. Баі доўжыліся 25 сутак. У ноч з 4 на 5 мая партызаны ажыццявілі легендарны прарыў вогненнага кальца, выйшлі з акружэння і вывелі 15 тыс. мірнага насельніцтва. Летам 1974 года на месцы прарыву блакады партызанамі быў устаноўлены мемарыяльны комплекс "Прарыў" - помнік партызанскай славы.

З Полацка ў крыпту Храма-помніка даставілі таксама зямлю з магілы Героя Савецкага Саюза, старшага сяржанта медыцынскай службы, санінструктара Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанка. За восем месяцаў баёў на Варонежскім фронце яна вынесла 128 раненых са зброяй. Была сама цяжка паранена, перанесла ампутацыю ног і рук. Пасля вайны ў Полацку вяла актыўную грамадскую дзейнасць. Выхавала двое дзяцей.

У крыпце цяпер будзе знаходзіцца зямля з брацкай магілы "Лідава гара" ў горадзе Веліж Смаленскай вобласці, дзе пахаваны разам з байцамі лётчык, гвардыі лейтэнант Аляксандр Пятровіч Мамкін. Разам з яшчэ трыма лётчыкамі ён вывозіў дзяцей Полацкага дзіцячага дома №1, што ў той час знаходзіўся ў нямецкім акупацыйным гарнізоне ў Бельчыцах. Тут планавалася карная аперацыя.

Лётчыкі працавалі ноччу. У апошні вылет,11 красавіка 1944 года, самалёт лейтэнанта Мамкіна быў падбіты. Ён здолеў пасадзіць борт з дзецьмі і параненымі партызанамі, але сам быў цяжка паранены і памёр. За дзевяць рэйсаў Аляксандр Пятровіч Мамкін выратаваў 80 дзяцей. Асноўныя моманты выратавальнай аперацыі былі зняты спецыяльнымі групамі маскоўскіх кінааператараў. Некаторыя плёнкі захаваліся і знаходзяцца ў Маскве ў Дзяржаўным гістарычным музеі.

Таксама са Смаленскай вобласці ў беларускую сталіцу даставілі капсулу з зямлёй з мемарыяла "Багародзіцкае поле", што пад Вязьмай. Капсулу перадалі вернікі Спаса-Багародзіцкага Адзігітрыеўскага жаночага манастыра, удзельнікі гістарычнай даследчай экспедыцыі, прымеркаванай да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вяземская абарончая аперацыя праходзіла 2-13 кастрычніка 1941 года, каб процістаяць наступленню нямецкіх войскаў на Маскву. Аперацыя завяршылася паражэннем Чырвонай арміі. Немцы прарвалі абарону і акружылі ў так званым Вяземскім катле чатыры арміі. За 11 дзён страты склалі 770-925 тыс. чалавек. З іх у баях забіта і памерла ад ран 200-275 тыс. Прапалі без вестак 450-500 тыс. чалавек. Трохдзённая затрымка нямецкіх войскаў стала адным са складнікаў перамогі ў баях пад Масквой.-0-

Фота Андрэя Пакумейкі

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/fotoreportage/view/kapsuly-z-zjamlej-memaryjalau-vav-zaklali-u-kryptse-hrama-pomnika-usih-svjatyh-77899-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА