Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

У Беларусі да канца года плануюць удасканаліць заканадаўства, рэгулюючае рынак Форэкс

Эканоміка 13.03.2018 | 15:25
Фота з архіва
Фота з архіва

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі да канца года плануюць удасканаліць заканадаўства, рэгулюючае рынак Форэкс, паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка ўпраўлення метадалогіі нябанкаўскіх аперацый галоўнага ўпраўлення рэгулявання некрэдытных фінансавых арганізацый Нацыянальнага банка Аляксей Уласаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадстаўнік Нацбанка расказаў, што ўжо распрацаваны праект указа, якім будуць унесены змяненні ў работу пазабіржавога рынку Форэкс. "Цяпер ён знаходзіцца на ўзгадненні ў органах дзяржаўнага кіравання. Прыняцце і ўступленне дакумента ў сілу плануецца ў канцы года, але гэта будзе залежаць ад працэдуры ўзгаднення", - растлумачыў ён.

У прыватнасці, плануецца ўкараніць патрабаванне запісу і захоўвання тэлефонных размоў з кліентамі. "Гэта дасць магчымасць пазбегнуць непрадбачаных момантаў пры разборы сітуацый, звязаных з цэнамі на базавыя актывы, іншых момантаў, якія не задавольваюць кліентаў у рабоце з форэкс-кампаніямі, пацвердзіць тое ці іншае меркаванне, пазіцыю па аперацыях", - адзначыў Аляксей Уласаў. Ён удакладніў, што пакуль запісы тэлефонных размоў прадугледжваецца захоўваць на працягу года, але гэты тэрмін можа карэкціравацца.

Намеснік начальніка ўпраўлення метадалогіі нябанкаўскіх аперацый паведаміў, што таксама плануецца ўзмацненне дыстанцыйнага кантролю за аперацыямі на рынку Форэкс. "Плануецца выяўленне аперацый, якія значна адхіліліся ад устаноўленых параметраў - цэн базавых актываў пры адкрыцці і закрыцці пазіцый. Такія адхіленні сустракаюцца ў нядобрасумленнай практыцы, выяўленнем такіх выпадкаў будзе займацца Нацыянальны форэкс-цэнтр, а параметры будуць устаноўлены Нацбанкам. Само паняцце "істотныя адхіленні" таксама будзе раскрыта ў заканадаўстве", - заявіў ён.

Аляксей Уласаў падкрэсліў, што беларускае заканадаўства будзе набліжана да еўрапейскага. "Прадугледжваецца больш поўнае раскрыццё інфармацыі аб дзейнасці форэкс-кампаній не толькі кліентам, але і трэцім асобам. Магчыма, гэта будзе нейкая частка фінансавай справаздачнасці, вынікі работы кампаніі. Праект указа мае комплексны характар і мяняе нават тэрміналагічныя падыходы. У прыватнасці, плануем зыходзячы з вопыту ЕС, гэту дзейнасць называць інвестыцыйнай. Акрамя таго, плануем гаварыць не аб пазабіржавым рынку Форэкс, а аб рынку беспаставачных пазабіржавых фінансавых інструментаў", - сказаў ён.

У цэлым, паводле слоў прадстаўніка Нацбанка, у 2017 годзе колькасць кліентаў форэкс-кампаній у Беларусі склала больш за 3 тыс. чалавек. Было праведзена больш за 1 млн аперацый на агульную суму (з улікам маржынальнага пляча) $15,6 млрд. Каля 70 працэнтаў аперацый былі завершаны з дадатным для кліентаў фінансавым рэзультатам.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/economics/view/u-belarusi-da-kantsa-goda-planujuts-udaskanalits-zakanadaustva-reguljujuchae-rynak-foreks-67053-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА