4 мая, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Да канца года беларуская прамысловасць павінна выйсці з рэцэсіі, заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка ў час пленарнага пасяджэння Беларускага прамысловага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша прамысловасць доўгі час паказвала добрыя вынікі, але апошнія тры гады пачала "збоіць". У першым трыместры мы ідзём з тэмпам 95,7 працэнта. Але трэба адзначыць, што пры гэтым ад месяца да месяца прамысловасць прыбаўляе па 1,5 працэнта. Таму ёсць надзея, што на заданне гэтага года мы выйдзем, а значыць, і выйдзем з рэцэсіі", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.
Гаворачы аб прычынах спаду ў прамысловасці, віцэ-прэм'ер адзначыў, што на гэта не маглі не паўплываць знешнія фактары. "Беларусь - краіна з адкрытай эканомікай і не можа не залежаць ад знешніх фактараў. Пры гэтым ёсць і суб'ектыўныя фактары, сярод якіх недапрацоўка саміх прадпрыемстваў", - канстатаваў Уладзімір Сямашка.
Беларускі прамысловы форум праходзіць у Мінску з 3 па 6 мая. Для ўдзелу ў форуме зарэгістраваны больш за 200 экспанентаў, гэта вядучыя прадстаўнікі ўсіх сектараў айчыннай і замежнай прамысловасці. Прадстаўлена насычаная дзелавая праграма, галоўнай падзеяй якой з'яўляецца пленарнае пасяджэнне "Інавацыйнае і інвестыцыйнае развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь". Таксама праходзіць шэраг круглых сталоў, канферэнцый, прэзентацый, прысвечаных самым актуальным пытанням прамысловасці. Чакаецца, што ў час форуму будзе падпісана не менш як 30 доўгатэрміновых пагадненняў.-0-