Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Мінсельгасхарч: у стабфондах і сельгасарганізацыях ёсць запасы рэпчатай цыбулі

Эканоміка 15.05.2019 | 19:21
Фота з архіва
Фота з архіва

15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Запасы рэпчатай цыбулі ёсць у стабілізацыйных фондах і сельскагаспадарчых арганізацыях, паведаміла сёння журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Карбановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У 2018 годзе ў гаспадарках усіх катэгорый (уключаючы насельніцтва) вырошчванне рэпчатай цыбулі склала 215,7 тыс. т, з іх у сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках - 41,3 тыс. т. Для забеспячэння насельніцтва гэтай прадукцыяй у стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд 2018/2019 гадоў закладзена 11,7 тыс. т (100 працэнтаў да задання і 93,6 працэнта да ўзроўню 2017/2018 гадоў). Акрамя стабфондаў цыбуля захоўваецца ў сельгасарганізацыях (у спецыялізаваных сховішчах). "Паводле інфармацыі МАРГ на пачатак мая, у стабфондах заставалася каля 1 тыс. т цыбулі. А ў сельгасарганізацыях на першыя чыслы мая было каля 100 т цыбулі", - сказала Таццяна Карбановіч.

Рэпчатая цыбуля з сельгасарганізацый у гандлёвыя сеткі і іншым пакупнікам пастаўляецца пераважна па прамых дагаворах. Мінсельгасхарч штогод інфармуе ўсе зацікаўленыя структуры аб неабходнасці заключэння дагавораў на вырошчванне і пастаўку гэтай прадукцыі. "Мы заўсёды рэкамендуем усім структурам своечасова заключаць дагаворы, каб нашы сельгасарганізацыі маглі гарантавана ведаць, што іх прадукцыя запатрабавана і будзе выкуплена. Гэта будзе стымуляваць павелічэнне вытворчасці ў далейшым", - адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства.

Рэпчатая цыбуля ў Беларусі ў прамысловых маштабах вырошчваецца больш як паўтара дзясяткі гадоў. Асвоены сучасныя тэхналогіі яе вырошчвання з насення ў аднагадовай культуры. "Штогод каля 40-60 тыс. т рэпчатай цыбулі вырошчваецца ў сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках менавіта па такіх тэхналогіях. Гэта аснова для закладкі ў стабілізацыйныя фонды. Поўнасцю забяспечваюцца патрэбнасці прамысловай перапрацоўкі. З гэтых аб'ёмаў рэпчатая цыбуля рэалізуецца на кірмашах, рынках, фарміруюцца экспартныя пастаўкі. У мінулым годзе было рэалізавана каля 10 тыс. т рэпчатай цыбулі на экспарт. Такім чынам, гэтыя тэхналогіі даюць магчымасць гарантавана мець пэўныя аб'ёмы вытворчасці цыбулі і забяспечваць дзяржаўныя патрэбы", - заявіла Таццяна Карбановіч.

У гаспадарках насельніцтва рэпчатая цыбуля вырошчваецца ў асноўным з цыбулі-сеянкі. "Паводле папярэдняй ацэнкі, рынак спажывання цыбулі-сеянкі насельніцтвам Беларусі складае 2,4-2,8 тыс. т. У нас у краіне яе вытворчасць ажыццяўляецца ў сельгасарганізацыях і фермерскіх арганізацыях у нязначнай колькасці - каля 200 т. Праз сістэму "МінскСортНасенАгародніна" штогод увозіцца ў краіну для рэалізацыі насельніцтву каля 750 т цыбулі-сеянкі. Астатнія аб'ёмы - прыкладна 1,8 тыс. т - увозяцца і рэалізуюцца гандлёвымі структурамі самастойна, каб гэта прадукцыя была на прылаўках. Рынак дыктуе цану на тавар, і ў гэтым пытанні ключавым з'яўляецца насычэнне рынку прадукцыяй. Гандлёвым структурам неабходна ў першую чаргу ажыццяўляць маніторынг рынку, ацэньваць наяўнасць прадукцыі і своечасова заключаць дагаворы", - падкрэсліла прадстаўнік Мінсельгасхарчу.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/economics/view/minselgasharch-u-stabfondah-i-selgasarganizatsyjah-ests-zapasy-repchataj-tsybuli-78085-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА