Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

МАРГ растлумачыў прычыны дэфляцыі ў чэрвені

Эканоміка 12.07.2019 | 17:44

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю растлумачылі прычыны зніжэння спажывецкіх цэн на 0,1 працэнта ў чэрвені і гадавой інфляцыі да 5,7 працэнта (6,2 працэнта месяцам раней), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ведамства.

Запаволенне тэмпаў росту спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні адбылося за кошт зніжэння росту цэн на харчовыя тавары. "На працягу 2019 года адзначаецца зніжэнне цэн на мяса і мясапрадукты, што прыводзіць да зніжэння іх укладу ў гадавы прырост спажывецкіх цэн. Таксама на запаволенне гадавых тэмпаў росту значны ўплыў аказала зніжэнне інтэнсіўнасці росту цэн на плодаагароднінную прадукцыю (з 9,5 працэнта ў маі да 4 працэнтаў у чэрвені)", - растлумачылі ў міністэрстве.

У параўнанні з папярэднім месяцам у чэрвені знізіліся цэны на плодаагароднінную прадукцыю (перш за ўсё на капусту - на 55,6 працэнта, агуркі - на 45,5 працэнта, памідоры - 26,6 працэнта), курыныя яйкі і аўтамабільнае паліва.

"Разам з тым прырост рэгулюемых цэн і тарыфаў у гадавым выражэнні ў сакавіку-чэрвені бягучага года захоўваецца на адным узроўні (у чэрвені прырост склаў 8,1 працэнта). Да папярэдняга месяца рост рэгулюемых цэн склаў 0,2 працэнта, - адзначылі ў МАРГ. - Так, у чэрвені павышаны кошт паслуг дзіцячых дашкольных устаноў, павялічана цана на тытунёвыя вырабы, адзначаецца рост цэн на моцныя алкагольныя напіткі".-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/economics/view/marg-rastlumachyu-prychyny-defljatsyi-u-cherveni-79672-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА