Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Кітай мае намер рэалізаваць у Беларусі новыя буйныя эканамічныя праекты - Цуй Цымін

Эканоміка 11.01.2019 | 15:43
Цуй Цымін
Цуй Цымін

11 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кітай мае намер рэалізаваць у Беларусі новыя буйныя эканамічныя праекты. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін сёння на мерапрыемстве, прысвечаным развіццю беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кітай - блізкі і надзейны сябар Беларусі, - адзначыў дыпламат. - Пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў апошнія гады кітайска-беларускае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства, заснаванае на ўзаемным даверы і ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, падтрымліваецца на высокім узроўні і стабільна развіваецца".

Пасол звярнуў увагу на важнасць таго, што абмены візітамі на высокім узроўні паміж дзвюма краінамі сталі частымі, а ўзаемны палітычны давер паглыбіўся. У чэрвені 2018 года ў час саміту ШАС у Цындаа Сі Цзіньпін і Аляксандр Лукашэнка, які прыбыў на саміт у Кітай, правялі сустрэчу і абмяняліся меркаваннямі па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах, вызначылі стратэгічныя вектары развіцця адносін паміж Кітаем і Беларуссю.

У маі 2018 года намеснік Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван Цішань наведаў Беларусь з афіцыйным дружалюбным візітам. У верасні 2018 года член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, сакратар Цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзі таксама наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.

"Прагматычнае супрацоўніцтва дзвюх краін у розных галінах пашыраецца, - заявіў дыпламат. - Бакі актыўна развіваюць сумесныя праекты ў галіне энергетыкі, транспарту, інфраструктуры, аўтамабільнай зборкі, малога і сярэдняга бізнесу і іншых сферах".

Паводле даных статыстыкі беларускага боку, у 2018 годзе аб'ём тавараабароту паміж Кітаем і Беларуссю, як чакаецца, перасягне $3,5 млрд.

"Кітай і Беларусь упэўнена ажыццяўляюць сумеснае будаўніцтва ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях", а Кітайска-беларускі індустрыяльны парк стаў знакавым праектам гэтай ініцыятывы. У лістападзе 2018 года ў Пекіне адбылося трэцяе пасяджэнне Кітайска-беларускага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, на якім быў узгоднены агульны план супрацоўніцтва ў розных сферах паміж дзвюма краінамі. Мінулы год - гэта год збору багатага ўраджаю ў беларуска-кітайскім тэхніка-эканамічным супрацоўніцтве, год, які звязвае дасягненні мінулага і адкрывае новыя шляхі для будучага развіцця. Сумеснымі намаганнямі Кітая і Беларусі мы дабіліся выдатных поспехаў у рэалізацыі праектаў тэхніка-эканамічнай дапамогі", - сказаў Цуй Цымін.

Ён адзначыў важнасць рэалізацыі праектаў па будаўніцтве студэнцкага інтэрната і тэрапеўтычнага корпуса Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Паводле яго слоў, паспяхова рэалізуецца праект па ўзвядзенні сацыяльнага жылля. Пачалося ажыццяўленне праекта будаўніцтва жылога арэнднага комплексу на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка і будаўніцтва будынка Цэнтра супрацоўніцтва ў галіне трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненняў. Пасол таксама падкрэсліў важнасць рэалізацыі праектаў будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту.

Цуй Цымін назваў вялікімі перспектывы развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў 2019 годзе. "Мы будзем актыўна рэалізоўваць дамоўленасці лідараў нашых дзвюх краін, дасягнутых на саміце ШАС у Цындаа ў чэрвені 2018 года", - дадаў ён.

"У новым годзе пасольства Кітая ў Беларусі прадоўжыць рэалізоўваць дыпламатычныя ідэі Сі Цзіньпіна, захоўваць дынаміку стабільнага развіцця кітайска-беларускіх адносін, развіваць прагматычнае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, умацоўваць традыцыйную дружбу паміж двума народамі, каб кітайска-беларускія адносіны прыносілі больш карысці двум народам, - рэзюмаваў пасол. - Мы будзем разам з беларускімі сябрамі прыкладаць намаганні для таго, каб уносіць новы і больш важкі ўклад ва ўмацаванне кітайска-беларускага ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства і фарміраванне супольнасці адзінага лёсу чалавецтва".-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/economics/view/kitaj-mae-namer-realizavats-u-belarusi-novyja-bujnyja-ekanamichnyja-praekty-tsuj-tsymin-74927-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА