Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Эканоміка
12 красавіка 2026, 22:08

Герасімаў: БНБК трэба перастаць аддаваць унутраны рынак канкурэнтам 

Фота з архіва
Фота з архіва
12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) неабходна больш актыўна займацца ўнутраным рынкам. Аб гэтым старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА. 

"Ёсць рэчы аб'ектыўныя, ёсць суб'ектыўныя. Вядома, знешні рынак прасеў па цэнах. Адсюль і некаторыя праблемы. Гэта адзін бок медаля. А другі - суб'ектыўны. Гэта значыць, мы не займаемся сваім унутраным рынкам. Мы аддаём яго іншым, хоць у нас прадукцыя не горшая, а тое і лепшая, чым у іншых, і яна абсалютна канкурэнтаздольная па цане", - падкрэсліў Васіль Герасімаў. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка сабраў нараду аб развіцці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў час запуску БНБК у лістападзе 2022 года размова ішла аб вялікіх перспектывах гэтага навукова-вытворчага кластара. 

"Планавалася, што прэміяльны камбікорм, прэміксы, вітаміны, амінакіслоты не толькі выведуць на новы ўзровень айчынны аграрны комплекс, але і стануць значным артыкулам экспарту, будуць прыносіць краіне валюту", - адзначыў Прэзідэнт. 

Аднак да гэтага часу на поўную загрузку магутнасцей біяхімічнай і камбікормавай вытворчасцей на БНБК так і не выйшлі. Мэтавыя паказчыкі вытворчай праграмы не дасягнуты, захоўваецца востры дэфіцыт абаротных сродкаў. 

Аляксандр Лукашэнка абазначыў сваю прынцыповую пазіцыю: Беларусі востра неабходна біятэхналагічная галіна. "Гэта шлях усіх тэхналагічна развітых краін. Адставаць мы не можам. Таму, акрамя прынцыповых і аб'ектыўных ацэнак бягучай сітуацыі, чакаю канкрэтных прапаноў па перспектывах развіцця БНБК у бліжэйшыя гады", - падкрэсліў ён.-0- 
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/economics/view/gerasimau-bnbk-treba-perastats-addavats-unutrany-rynak-kankurentam-156739-2026/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2026 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА
- 2026