Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Апошнія навіны
ІНФАГРАФІКА: ID-картка беларуса
Учора 15:31 Стужка навiн
Усе навіны

Памятны знак Янку Купалу ўрачыста адкрыты ў ізраільскім Ашдодзе

Культура 30.12.2015 | 11:30

30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памятны знак выдатнаму беларускаму класіку Янку Купалу ўрачыста адкрыты 29 снежня ў ізраільскім Ашдодзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Дзяржаве Ізраіль.

Памятны знак устаноўлены на гарадской плошчы Ашдода, названай у гонар Янкі Купалы ў 2012 годзе - у год 130-годдзя з дня яго нараджэння. Гэта сумесная ініцыятыва пасольства Беларусі ў Ізраілі і мясцовага аддзялення Усеізраільскага аб'яднання выхадцаў з Беларусі, рэалізацыя якой стала магчымай дзякуючы падтрымцы муніцыпалітэта горада. Такое скульптурнае ўвекавечанне памяці вялікага беларускага паэта ў далёкім замежжы - другое пасля Нью-Ёрка.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі амаль 60 гасцей, у тым ліку прадстаўнікі ізраільскіх палітычных і дзелавых колаў, гарадскіх улад і дыпламатычнага корпуса, грамадскасці, СМІ і беларускага зямляцтва. "Творчасць Янкі Купалы - выдатны сімвал яднання і дружбы народаў, прыклад міжкультурнага ўзаемадзеяння, талерантнасці і ўзаемаразумення", - падкрэсліў у час цырымоніі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў. Ён звярнуў увагу, што ў многіх творах паэт выказваў спачуванне трагічнаму лёсу яўрэйскага народа. "Прыемна, што памятны знак песняру выкананы рукамі таленавітага скульптара ўраджэнца Беларусі Уладзіміра Паіна, які ўвасобіў у сваёй рабоце цесную гістарычную і культурную сувязь двух народаў", - адзначыў дыпламат.

Паводле слоў Уладзіміра Скварцова, гэта падзея з'яўляецца вельмі знакавай для беларуска-ізраільскага ўзаемадзеяння. "2015 год для нашых двухбаковых адносін можна ў цэлым назваць годам дружбы. Мы разам урачыста адзначалі 70-годдзе Вялікай Перамогі, прадэманстраваўшы адзінства ў ацэнках гэтай грандыёзнай падзеі. У канцы лістапада пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым, які перавёў беларуска-ізраільскія адносіны ў якасна новы фармат, адкрыў новыя гарызонты супрацоўніцтва, - заявіў пасол. - Упэўнены, што плошча Янкі Купалы і памятны знак у яго гонар у Ашдодзе стануць яшчэ адным сувязным звяном паміж культурамі нашых краін і яркім пацвярджэннем трываласці беларуска-ізраільскай дружбы. Гэта таксама будзе адной са славутасцей горада, што прыцягвае замежных турыстаў і нашых землякоў".

Ашдод быў выбраны ў якасці месца размяшчэння памятнага знака невыпадкова. Тут знаходзіцца адно з буйнейшых і найбольш актыўных беларускіх зямляцтваў Ізраіля, якое ўносіць лепту ў паглыбленне культурнага дыялогу. Ашдод таксама з'яўляецца пабрацімам Брэста, дзе раней быў устаноўлены помнік ізраільскаму прэм'ер-міністру лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Менахему Бегіну, які нарадзіўся і вырас у гэтым беларускім горадзе.

Пасол зачытаў прывітанне міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, у якім асабліва адзначана, што адкрыццё на ізраільскай зямлі памятнага знака ў гонар Янкі Купалы - сведчанне моцных культурных сувязей паміж жыхарамі дзвюх краін, узаемаразумення і глыбокай павагі да агульнай гісторыі. "У нашы дні, калі, на жаль, абвастрыліся многія міжнацыянальныя і міжканфесійныя канфлікты, кожны крок, накіраваны на ўмацаванне і развіццё міжнародных культурных і грамадскіх кантактаў, - гэта важны ўклад у справу захавання міру", - упэўнены Барыс Святлоў.

Аб яўрэйскіх матывах у творчасці літаратара і цікавых фактах яго біяграфіі ізраільцянам раскажа выстаўка "Сад вашых песень", якая адкрылася ў Доме культуры горада Ашдод. Прэзентацыю правялі эксперты Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы (Мінск), якія займаюцца вывучэннем літаратурнай спадчыны песняра.

Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, у Ашдодзе пражывае вялікая колькасць выхадцаў з Беларусі, і з'яўленне памятнага знака стала магчымым у тым ліку дзякуючы іх вялікаму садзейнічанню. "Да нашай краіны ў Ізраілі вельмі цёпла ставяцца за палітыку талерантнасці і цярпімасці. Пачуцці дружбы і адкрытасці, а таксама вялікую цікавасць да Беларусі і беларусаў мы адчуваем тут паўсюдна", - падкрэсліла Алена Ляшковіч.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/culture/view/pamjatny-znak-janku-kupalu-urachysta-adkryty-u-izrailskim-ashdodze-42037-2015/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА