Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі
Апошнія навіны
Усе навіны

Кніжная выстаўка аб спадчыне Кірылы і Мяфодзія адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы

Культура 21.05.2019 | 12:19
Фота з архіва
Фота з архіва

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніжная выстаўка, прымеркаваная да Дня славянскага пісьменства і культуры, адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў НББ.

У многіх краінах Усходняй і Паўднёвай Еўропы 24 мая ўшаноўваюць памяць вялікіх славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія. У Беларусі гэты дзень адзначаецца як Дзень славянскага пісьменства і культуры.

"Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала кніжную выстаўку "Спадчына Кірылы і Мяфодзія", каб паказаць значнасць дзейнасці братоў-асветнікаў для развіцця еўрапейскай цывілізацыі. На ёй прадстаўлена каля 50 дакументаў, перыяд выдання якіх складае больш за 120 гадоў, - расказалі ў бібліятэцы. - Сярод іх арыгінальныя выданні Іосіфа Даброўскага, Івана Малышэўскага, Пятра Лаўроўскага - першых даследчыкаў жыцця Кірылы і Мяфодзія. Прадстаўлены работы рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў, першыя Кірыла-Мяфодзіеўскія зборнікі і падручнікі царкоўнаславянскай мовы. Дапаўняюць выстаўку факсімільныя выданні Астрамірава Евангелля (1056-1057 гады), Ізборніка Святаслава (1073) і Тураўскага Евангелля - найбольш ранняй рукапіснай кнігі на беларускіх землях (XI стагоддзе)".

У 863 годзе князь Вялікай Маравіі Расціслаў запрасіў з Візантыі місіянераў для перакладу Бібліі і ўвядзення богаслужэння на славянскай мове. Для гэтых мэт браты Кірыла і Мяфодзій стварылі славянскі алфавіт і пераклалі на стараславянскую мову Біблію. Так народы Паўднёвай, часткова Цэнтральнай і Усходняй Еўропы атрымалі доступ да ўнікальнай духоўнай спадчыны старажытных цывілізацый.

Выстаўка будзе працаваць да 30 ліпеня.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/culture/view/knizhnaja-vystauka-ab-spadchyne-kiryly-i-mjafodzija-adkrylasja-u-natsyjanalnaj-biblijatetsy-78220-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА