Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Культура
20 красавіка 2021, 12:22

Фестываль "Сымон-музыка" збярэ больш за 300 выканаўцаў у Стоўбцах

Фота з архіва
Фота з архіва

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXVII адкрыты абласны фестываль-конкурс "Сымон-музыка" пройдзе ў Стоўбцах 22 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінаблвыканкама.

"Стаўбцоўшчына ўвайшла ў гісторыю як "родны кут" Якуба Коласа, таму невыпадкова першараднай задачай устаноў культуры раёна стала адраджэнне духоўнага жыцця народа і ўсёй яго нацыянальнай культуры. Гэтых мэт дасягаюць у тым ліку дзякуючы фестывалю "Сымон-музыка", які стаў адной з форм распаўсюджвання народнай інструментальнай музыкі. Яго праводзяць адзін раз у два гады, і зусім хутка ён зноў збярэ ўдзельнікаў - больш за 300 канкурсантаў і амаль 30 творчых калектываў Мінскай і Брэсцкай вобласці", - расказалі ў прэс-службе.

У фестывалі прымуць удзел юныя музыканты самых розных узростаў, якія навучаюцца ў дзіцячых мастацкіх школах і школах мастацтваў, установах адукацыі з музычным ухілам, а таксама інструментальныя калектывы і ансамблі народнага напрамку. Канкурсанты выканаюць творы беларускіх аўтараў, а таксама прадэманструюць аўтарскую апрацоўку народных песень і танцаў ігрой на скрыпцы, цымбалах, гармоніку, акардэоне, баяне, балалайцы, дудцы і іншых музычных інструментах.

Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі пры выбары лепшых удзельнікаў стануць выканальніцкае майстэрства, мастацкі ўзровень рэпертуару, сцэнічная культура, захаванне рэгіянальных традыцый у музычных творах, касцюмы. Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў і прызамі.

Першы конкурс "Сымон-музыка" прайшоў у 1989 годзе па ініцыятыве аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама. Тады ў мемарыяльную сядзібу музея Якуба Коласа ў Смольні прыехалі больш за 160 выхаванцаў з 17 музычных школ Мінскай вобласці, а другі фестываль прайшоў ужо ў 1990 годзе і сабраў больш за 600 адораных дзяцей не толькі з Міншчыны, але і з іншых рэгіёнаў краіны.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/culture/view/festyval-symon-muzyka-zbjare-bolsh-za-300-vykanautsau-u-stoubtsah-99064-2021
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2021 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА
- 2021