Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Культура
09 снежня 2019, 12:27

"Беларуская энцыклапедыя" прэзентавала выданне аб кампазітарах

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выпусціла кнігу "Кампазітары Беларусі. Мікалай Аладаў. Яўген Глебаў. Сяргей Картэс" у серыі "Вялікія і знакамітыя людзі беларускай зямлі". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў выдавецтве.

Прэзентацыя выдання адбылася ў час міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У кнізе ў папулярнай форме прадстаўлены жыццёвы шлях, музычная творчасць і дзейнасць трох выдатных беларускіх кампазітараў ХХ стагоддзя. У аснову выдання пакладзены ўнікальныя архіўныя дакументы, пісьмы, рукапісы, успаміны сучаснікаў.

Як адзначыла адна з аўтараў кнігі, загадчыца кафедры гісторыі беларускай музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Ганул, чытач дзякуючы кніжнай навінцы не толькі акунецца ў музычную культуру мінулага стагоддзя, але і азнаёміцца з нацыянальнай гісторыяй праз яе выдатных прадстаўнікоў. "Аладаў, Глебаў і Картэс звязаны з фарміраваннем нацыянальнай прафесійнай кампазітарскай школы XX стагоддзя. Гэтыя кампазітары ўнеслі каласальны ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва, музычных жанраў і выканальніцкага майстэрства. Яны з'яўляюцца гордасцю нашай Айчыны і арганічна ўпісваюцца ў сусветную мастацкую прастору", - сказала яна.

Асаблівым эмацыянальным складнікам выдання з'яўляецца ілюстрацыйны рад, архіўныя дакументы, рукапісы, фатаграфіі з асабістых архіваў кампазітараў, дзякуючы якім перад чытачом адкрываецца дзіўная магчымасць далучыцца да гістарычнай спадчыны нашай айчыннай культуры.

Кніга разлічана як на прафесійных музыкантаў, навучэнцаў, студэнтаў, выкладчыкаў, так і тых, хто цікавіцца музычна-культурнай спадчынай беларускага народа.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/culture/view/belaruskaja-entsyklapedyja-prezentavala-vydanne-ab-kampazitarah-83668-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2025 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА
- 2025