Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк

Навіны Беларусі

Амаль 100 жывапісных і графічных работ гомельскіх мастакоў прадставяць у Мінску

Культура 13.08.2019 | 18:29

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава гомельскіх мастакоў "Чатыры пакоі" адкрыецца ў галерэі "Універсітэт культуры" 19 жніўня, паведаміла БЕЛТА дырэктар галерэі Марына Татарэвіч.

"Канцэпцыя экспазіцыі заключаецца ў праходжанні чатырох метамарфоз. У кожнай з залаў галерэі будзе прадстаўлена невялікая калекцыя твораў з розным тэматычным напрамкам. Наведвальнікі ўбачаць каля 100 жывапісных і графічных работ, а таксама прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва зусім розных па светаўспрыманні мастакоў, - расказала Марына Татарэвіч. - "Чатыры пакоі" пакажуць работы Таццяны Гершгорынай (пакой "Ілюзія сноў"), Святланы Каласковай-Чаплінскай ("Падарожжа"), Сяргея Каўрыгі ( "Дзевы - Рыбы - Пісталеты") і Аляксея Наважылава ("Зебра")".

Кожны з аўтараў прыйшоў да мастацтва сваім шляхам. Таццяна Гершгорына спачатку атрымала тэхнічную, а затым мастацкую адукацыю. З 2015 года - член Саюза дызайнераў Масквы, а з 2017-га - член Беларускай гільдыі майстроў і рамеснікаў.

Аляксей Наважылаў наведваў Гомельскую дзіцячую мастацкую школу. Служыў у Афганістане, пасля чаго працаваў будаўніком і пры гэтым увесь час маляваў.

Сяргей Каўрыга скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), паралельна наведваў мастацкія студыі, курсы. Прымаў удзел у беларускіх і замежных выставах. Займаецца рэстаўрацыяй храмаў, напісаннем і рэстаўрацыяй абразоў. Захапляецца стымпанкам, стварае пано, свяцільні і аксесуары ў гэтым стылі.

Святлана Каласкова-Чаплінская скончыла мастацкую навучальную ўстанову Літвы - Каўнаскі тэхнікум прыкладнога мастацтва імя С. Жукаса, са студэнцкіх гадоў працавала актрысай Каўнаскага тэатра пантамімы. У Гомелі стала дызайнерам па шкле завода "Карал". У 90-я гады адкрыла студыю "Алегорыя". Цяпер працуе візажыстам.

Выстава "Чатыры пакоі", якая праводзіцца пры ўдзеле Беларускай гільдыі майстроў і рамеснікаў, прадоўжыцца па 1 верасня.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://blr.belta.by/culture/view/amal-100-zhyvapisnyh-i-grafichnyh-rabot-gomelskih-mastakou-pradstavjats-u-minsku-80472-2019/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2019 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА