Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 студзеня 2022, 16:16

"Жыццё - гэта не толькі чэрава набіць". Лукашэнка аб маральнасці ў аснове беларускай палітыкі

7 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У аснову палітыкі ў Беларусі будуць пакладзены маральныя асновы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, наведваючы ў свята Раства Хрыстовага храм у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Год, які пачаўся, будзе вельмі складаным. І нам нельга ні ў якім разе памыліцца. Калі толькі мы, ідучы па лязе нажа або па тонкім лёдзе, спатыкнёмся, мы рухнем", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асновай палітыкі ў Беларусі будзе маральнасць. "Мы павінны, нарэшце, зразумець, што жыццё - гэта не толькі чэрава набіць і ўсё астатняе, што з гэтага вынікае. Мы павінны разумець, што ёсць нейкія маральныя асновы. Перш за ўсё - патрыятызм і любоў да сваёй зямлі, у імя чаго мы павінны жыць і выхоўваць нашых дзяцей", - сказаў беларускі лідар.

"Давайце падумаем пра дзяцей. Гэта - галоўнае. Гэта - аснова цяперашняй нашай палітыкі", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі нядаўна зацверджаны бюджэт на бягучы год, і ў ім амаль палавіна накіроўваецца менавіта на сацыяльныя патрэбы, у тым ліку адукацыю, ахову здароўя, культуру, спорт, маральнае выхаванне. "Учора (на нарадзе. - Заўвага БЕЛТА) мы з гэтага і пачалі, гаворачы пра гістарычную палітыку нашай дзяржавы. Мы павінны нарэшце людзям сказаць, адкуль мы і што вакол нас няма тых дзяржаў, якія маюць больш старажытныя карані, чым мы. Мы павінны сказаць людзям праўду, якую не маглі з-за палітыкі гаварыць раней. Гэта вельмі важна для маральнага выхавання і для разумення таго, хто мы і адкуль", - падкрэсліў беларускі лідар.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку разлічвае на садзейнічанне царквы. "Тым больш што гэта ні ў якім разе не супярэчыць канонам нашай царквы. Гэта тое, аб чым царква гаварыла і прапаведавала заўсёды. Вельмі на гэта спадзяюся і буду ўдзячны ўсім нашым свяшчэннаслужыцелям за гэту вялікую работу, - сказаў Прэзідэнт. - Ніякая гэта не падтрымка. Улада і царква павінны рабіць у нашай дзяржаве для ўсяго народа. Для гэтага мы прызначаны. Будзе дзяржава - будзе і ўлада, будзе і царква. Страцім яе - не будзе нічога, вернемся да таго, што было некалькі стагоддзяў таму".

"Разлічваю на вашы таксама падтрымку і разуменне. І чарговы раз вам абяцаю: я вас не падвяду. Вам за мяне сорамна не будзе", - запэўніў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што часам не ўсё можа сказаць адкрыта - такія законы палітыкі: "Кажуць, грошы любяць цішыню. Палітыка таксама любіць дыпламатыю і цішыню, - заўважыў Прэзідэнт. - Але я заўсёды знайду магчымасць растлумачыць вам свае дзеянні і ўчынкі, як і ўсіх тых, хто мне падначалены ў нашай краіне. Спадзяюся на вашу падтрымку, разважлівасць і ваша цярпенне. Не спяшайцеся, калі чагосьці не разумееце. Гэта - галоўнае. Не спяшайцеся. Як у нашым народзе кажуць, час усё расставіць на свае месцы. Так, як было з 2020 годам, так, як было ў мінулым годзе. Мы сталі іншымі, мы вельмі многае разумеем. І, дзякуй богу, што гэта адбылося, і мы, нарэшце, зразумелі, ацанілі, што мы маглі страціць".

"Таму давайце будзем цаніць тое, што ў нас ёсць, давайце будзем цаніць тое, што ён (Гасподзь. - Заўвага БЕЛТА) нам даруе і ад чаго ён нас уберагае", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі