Навіны сюжэта
"Маладзёжная палітыка Беларусі "
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу, 13 снежня, прыехаў у Палац спорту ў Мінску, дзе ў фармаце Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў урачыста адзначалі закрыццё трэцяга працоўнага семестра 2024 года. Запрашэнне наведаць злёт кіраўніку дзяржавы паступіла ў час наведвання стадыёна "Трактар" у Мінску. У рэканструкцыі аб'екта ўдзельнічалі зводныя студэнцкія будатрады. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў, што сустрэчы з байцамі будатрадаў для яго як бальзам на сэрца, бо гэта дае магчымасць успомніць сваё студэнцкае жыццё. "Калі атрымаецца, я з задавальненнем зазірну ў вашу сям'ю", - паабяцаў ён. І, як бачым, сваё абяцанне стрымаў.
У першую чаргу кіраўніку дзяржавы паказалі інтэрактыўную выстаўку. Экспазіцыя акунае ў гісторыю студатрадаўскага руху Савецкага Саюза і сучаснай Беларусі. Напрыклад, тут выставілі фатаграфіі маштабных будоўляў, на якіх працавалі беларускія студэнцкія атрады. Арганізатары адшукалі і здымак з Прэзідэнтам - на ім Аляксандр Лукашэнка адлюстраваны ў кампаніі свайго студатрадаўскага калектыву.
Студэнцкія - гэта не толькі будатрады. Напрамкаў дзейнасці шмат. Ёсць педагагічныя, вытворчыя, сельскагаспадарчыя, медыцынскія, сэрвісныя атрады. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай атрадаў, пагутарыў з іх прадстаўнікамі. "Такія прагрэсіўныя ўсё!" - падзяліўся ён уражаннямі ад убачанага.
Падвядзенне вынікаў працоўнага семестра - гэта яшчэ і ўзнагароджанне лепшых. Кіраўнік дзяржавы ўручыў пераходны сцяг лепшаму студатраду 2024 года - будаўнічаму атраду "Зодчыя" імя П.І. Блахіна. Астатнім таксама не трэба хвалявацца, што сцяг ў гэтым годзе дастаўся не ім, бо наперадзе яшчэ нямала студэнцкіх будаўнічых спраў і магчымасць праявіць сябе яшчэ прадставіцца.
Добрая традыцыя студэнцкіх атрадаў - удзел у спеўцы. Аляксандр Лукашэнка разам з усёй залай і пры ўдзеле прафесійнага спевака Уладзіміра Громава выканаў вядомы твор - "Песню аб трывожнай маладосці". Яна была напісана ў 1958 годзе кампазітарам Аляксандрай Пахмутавай і паэтам Львом Ашаніным.
Як гаворыцца ў адным з куплетаў песні:
"Забота у нас простая,
Забота наша такая:
Жила бы страна родная,
И нету других забот!"
"Што вельмі важна, я заўважыў: усе начальнікі, міністры, члены ўрада (усе тыя, хто прысутнічаў на мерапрыемстве. - Заўвага БЕЛТА) - усе спявалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Яркія старонкі. Пра галоўную жыццёвую параду
Аляксандр Лукашэнка заклікаў моладзь пражываць сваё жыццё ярка. І гаворка, зразумела, не пра гулянкі і бясконцыя вечарынкі. Хоць, вядома, справа маладая... Але Прэзідэнт мае на ўвазе крыху іншае: "Мая вам парада: менавіта яркімі старонкамі старайцеся пісаць гісторыю свайго жыцця. І вось адной з найярчэйшых старонак вашага жыцця будзе ваш удзел у студатрадаўскім будаўнічым руху. Паверце, я ведаю, пра што гавару".
Логіка кіраўніка дзяржавы ў гэтым выпадку простая: з часам усё дрэннае ў жыцці паступова забываецца, а вось усё самае добрае і яркае застаецца ў памяці назаўжды. А яшчэ больш каштоўны набыты вопыт - тое, што напаўняе чалавека і робіць яго асобай. Асабліва калі гэты чалавек у будучым становіцца кіраўніком.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў тым ліку дзякуючы рабоце ў студатрадах цяпер, бываючы ў вяскоўцаў і рабочых, яму ёсць што сказаць людзям. "Я хачу, каб і вам праз многія дзесяцігоддзі было што сказаць. І не толькі вашым дзецям, але і тым субяседнікам, з якімі вы будзеце сустракацца. А я веру, што з гэтага актыву - вас сёння 4 тыс. чалавек - з'явяцца новыя кіраўнікі, новыя міністры і гэтак далей", - даў жыццёвую параду кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што многія кіраўнікі прадпрыемстваў і нават міністэрстваў упершыню праявілі свае лідарскія якасці менавіта ў студэнцкіх атрадах і да гэтага часу захоўваюць свае форменныя курткі як свяшчэнную працоўную рэліквію.
Цагляная кладка і меліярацыя. Пра прэзідэнцкую навуку ў будатрадах
Цагляная кладка і меліярацыя. Пра прэзідэнцкую навуку ў будатрадах
Байцы студэнцкіх атрадаў ва ўсе часы гарэлі жаданнем зрабіць сваю краіну лепшай. І ва ўжо далёкім 1959-м, калі запісваліся ў першы савецкі студэнцкі будатрад, каб ехаць на цаліну, і цяпер, хоць час ужо, вядома, зусім іншы.
"Менавіта такім у свой час і я быў. За адно лета ў будатрадзе навучыўся цагляную кладку рабіць, а за другое - спасціг прамудрасці працы меліярацыйнай брыгады", - падзяліўся ўспамінамі Кіраўнік дзяржавы.
Як аказалася, і на цяперашняй пасадзе гэты вопыт для Прэзідэнта аказаўся актуальным, таму што меліярацыя для Беларусі - гэта назаўсёды. "Трэба ўсё рамантаваць, мадэрнізаваць. І мы ў гэтым годзе больш за 100 тыс. га зямель мадэрнізуем і вернем у севазварот. Бачыце, і ў жыцці спатрэбілася", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што для моладзі ў тыя часы гэта быў не толькі спосаб зарабіць, хоць гэта таксама было вельмі важна. "Мы станавіліся зусім іншымі людзьмі. Дарослымі, самастойнымі. Нам было чым ганарыцца, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гэта вельмі актуальна цяпер. Тады мы і так былі дарослымі і самастойнымі - час быў няпросты. Сёння прасцей. І, пабываўшы ў студэнцкім атрадзе, вы, напэўна, і не заўважылі, як вы сталі абсалютна іншымі людзьмі. Але вашы бацькі, знаёмыя і блізкія гэта заўважылі".
Выключна з прафесійнага пункту гледжання Аляксандр Лукашэнка ацаніў і падораную яму ўдзельнікамі студатрадаўскага руху будаўнічую кельню. На яе паверхні нанесены выявы аб'ектаў усебеларускіх маладзёжных будоўляў. Прадмет - выключна сувенірны. "Гэтай прыладай калі дзень папрацаваць - жыць не захочацца. Кілаграм пяць важыць", - з гумарам заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Не страчвайце працоўнага запалу! Пра матор, які рухае Беларусь наперад
Не страчвайце працоўнага запалу! Пра матор, які рухае Беларусь наперад
"Не страчвайце працоўнага запалу. Памятайце, што вашы ідэі і невычэрпная энергія - гэта матор, які рухае Беларусь наперад. Я веру ў вас, у вашу сілу, у вашы таленты. Я абсалютна перакананы і дакладна ведаю, наперадзе нас чакае яшчэ больш грандыёзных адкрыццяў і здзяйсненняў. Таму што час такі. І гэты час выбраў нас!" - заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што работа студэнцкіх атрадаў - гэта не толькі пра масты, дарогі, будынкі. Гэта заўсёды пра людзей і іх узаемаадносіны. "Таму кіраўнікі, якія прадастаўляюць месцы для вас, - дальнабачныя і мудрыя людзі, якія ўсім сэрцам клапоцяцца аб моладзі і будучыні не толькі сваіх прадпрыемстваў, але і ўсёй краіны. Такіх людзей трэба падтрымліваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Сапраўдныя патрыёты. Пра дасягненні студатрадаўскага руху
Сапраўдныя патрыёты. Пра дасягненні студатрадаўскага руху
За 65 гадоў праз студатрадаўскі рух прайшлі не проста сотні тысяч або мільёны людзей, а некалькі пакаленняў. Беларусь і Расія - адзіныя на постсавецкай прасторы, дзе захавалі гэту цудоўную маладзёжную ініцыятыву і ўдыхнулі ў яе новае жыццё.
У гісторыі суверэннай Беларусі ўсё пачыналася ў 2003 годзе з капітальнага рамонту мемарыяльных комплексаў "Хатынь" і "Курган Славы". Пасля ўжо былі і іншыя знакавыя аб'екты. У іх ліку рэканструкцыя Аўгустоўскага канала, узвядзенне Беларускай АЭС, Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. "Зусім нядаўна мы сустракаліся на адкрыцці абноўленага стадыёна "Трактар". Я бачыў той асаблівы гонар і радасць у вачах байцоў, якія там працавалі. І перакананы, што тыя, хто прайшоў такую школу жыцця, - сапраўдныя патрыёты сваёй краіны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Вы іншыя, вы сапраўдныя патрыёты, бо той, хто ўласнымі рукамі будуе, ніколі не будзе разбураць. І не дазволіць гэта рабіць іншым".
Пакаленні будуць помніць. Пра новую маладзёжную будоўлю, якую падтрымаў Лукашэнка
Цяпер моладзь працуе на будаўніцтве Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці. Знакавы праект не толькі аб'яднаў усю краіну. Будоўля набыла статус інтэрнацыянальнай.
Але трэба глядзець у будучыню. Удзельнікі студатрадаўскага руху звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з прапановай прысвоіць статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі 2025 года двум аб'ектам - будаўніцтву Нацыянальнага гістарычнага музея і Парку народнага адзінства.
Перад тым як згадзіцца з гэтай прапановай, Прэзідэнт удакладніў: "А справіцеся?"
"Абавязкова!" - запэўнілі кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на будаўніцтва гэтых аб'ектаў, гэтак жа і на многія іншыя, патрабуюцца немалыя фінансавыя затраты, якія кладуцца пераважна на бюджэт, але ў гэтым плане павінна прыняць удзел і ўсё беларускае грамадства. "Гэта будзе ваш значны ўклад. І пакаленні будуць памятаць аб вашай будоўлі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Не пярэчу. Рабочыя рукі нам заўсёды патрэбны", - сказаў Прэзідэнт.-0-