Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 сакавіка 2020, 13:05

"Жонка даведалася пару дзён таму" - ратавальнік пра мужны ўчынак, які Лукашэнка прывёў у прыклад

6 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У час уручэння дзяржаўных узнагарод Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу ўчынак супрацоўніка ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях капітана ўнутранай службы Алега Бойнічава, які ўдастоены ордэна "За асабістую мужнасць", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Міру не бывае без тых, хто служыць народу і ўмее яго абараняць. Мы добра помнім, хто захаваў нам свабоду 75 гадоў таму. Беларусы ўдзячныя ветэранам за іх подзвіг і шануюць гераічнае пакаленне нашых бацькаў і дзядоў. З упэўненасцю магу сказаць, што дзеці і ўнукі салдат-пераможцаў дастойныя іх", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу ён прывёў учынак Алега Бойнічава, які разам з таварышамі, рызыкуючы жыццём, прадухіліў выбух на чыгунцы. Калі з рэек сышлі некалькі цыстэрнаў з выбухованебяспечным газам, яны здолелі ліквідаваць уцечку. "Такія мужныя і смелыя людзі сёння берагуць мір і спакой беларусаў. Гонар ім і слава!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА Алег Бойнічаў прызнаўся, што яму вельмі прыемна атрымліваць высокую ўзнагароду асабіста ад кіраўніка дзяржавы. Паводле слоў капітана, у момант надзвычайнай сітуацыі ні ён, ні яго калегі не хваляваліся, а проста дзейнічалі. "Мы былі ўпэўнены ў сваіх дзеяннях, абсталяванні, экіпіроўцы. Працавалі спакойна, зладжана. Ні ў каго не было эмацыянальнага напружання. Усе рабілі сваю работу", - адзначыў ён.

Алег Бойнічаў успомніў, як развіваліся падзеі. Паступіла паведамленне, што на ўчастку чыгуначных пуцей паміж Оршай і Віцебскам поезд сышоў з рэек. У той дзень капітан быў у складзе аператыўнай групы. "Вызначылі, што ёсць небяспека выбуху - адна з цыстэрнаў была перакулена. З яе выходзіў газ пад ціскам", - апісаў ён сітуацыю. Неаднаразова рабілі спробы ліквідаваць уцечку. У выніку ўдалося атрымаць доступ да цыстэрны і аперытыўна ліквідаваць цечу з дапамогай хіміка-дазіметрыста аварыйна-выратавальнага атрада.

Адказваючы на пытанне, як да яго небяспечнай работы ставяцца жонка, сваякі і сябры, Алег Бойнічаў прызнаўся, што дома пра свае працоўныя будні стараецца не гаварыць - беражэ нервы. "Нават пра гэту надзвычайную сітуацыю жонка даведалася літаральна пару дзён таму. Яна была ў курсе, што тады я працаваў у Віцебску, быў у камандзіроўцы. Толькі калі пачалі паступаць віншаванні з узнагародай, растлумачыў, што за сітуацыя была. Сваякі і блізкія рэагуюць па-свойму на маю работу. Стараюся ім менш расказваць, дома займаюся ў асноўным бытавымі справамі", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі