Сцяг Нядзеля, 15 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 мая 2025, 16:20

Залаты стандарт развіцця раёнаў маюць намер тыражаваць у Беларусі. Лукашэнка расказаў, хто на чарзе

23 мая, Любанскі раён /Кар. БЕЛТА/. У развіцці рэгіёнаў галоўнае - стварэнне новых вытворчасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 мая на выязной нарадзе па пытаннях будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Будаўніцтва ГАК у Любанскім раёне стала адным з буйнейшых інвестыцыйных праектаў у краіне. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новы горна-абагачальны комплекс пасля запуску кардынальна зменіць эканоміку не толькі Любанскага раёна, але і ўсёй Мінскай вобласці, асабліва яе паўднёвай часткі, таму што гэта дасць новыя рабочыя месцы з добрай заработнай платай.

"А следам, як гэта ўжо было ў Астраўцы, Рудзенску або зусім нядаўна ў Петрыкаве, павялічыцца насельніцтва і ўзровень жыцця людзей павінен таксама павялічыцца. Пад самыя высокія стандарты падцягнецца ўся інжынерная інфраструктура. Мы будзем будаваць жыллё, сацыяльныя і іншыя аб'екты. Але людзям трэба адразу гаварыць, што галоўнае - гэта вытворчасць. Перш за ўсё - вытворчасць. Мы павінны па ўсёй краіне гэта разумець. Будзе вытворчасць - значыць, будуць грошы для будаўніцтва школ, дзіцячых садоў, цэнтраў выяўленчага мастацтва, музычных школ і іншага", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Што датычыцца Астраўца, мы ўжо задалі пэўны залаты, як мы кажам, стандарт развіцця нават не раёна, а той тэрыторыі, дзе знаходзіцца наша атамная станцыя. Такі ў нас павінен быць і Любанскі край. Вельмі цікавы край, прыгожы. І ў гэтым рэгіёне наш камбінат - цэнтральнае звяно, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Перш за ўсё трэба завяршыць будаўніцтва. На сённяшні дзень прэтэнзій да фінансавання, іншых пытанняў з боку дзяржавы быць не можа. Усе пытанні вырашаны. Гэта будоўля нумар адзін не толькі таму, што яна такая магутная і нам дасць добрую прыбаўку ў дзяржаве, але таму што на завяршальным этапе. Таму трэба да канца года ўсё закончыць".

Будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне Аляксандр Лукашэнка назваў паказальным аб'ектам. "Аб чым я гаварыў: санкцыі - гэта і час магчымасцей. І ніхто нас на калені паставіць не зможа, калі мы разам, калі мы адзіныя і калі мы нацэлены на рэалізацыю той ідэі, якая была закладзена першапачаткова", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што быў прыемна здзіўлены рэгіёнам, яго дагледжанасцю і ўзроўнем культуры земляробства. "Малайцы. Гэта заслуга і старшыні райвыканкама, і нашага новага губернатара, і памочніка (Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА). Малайцы. Трэба проста далей так працаваць", - пахваліў мясцовую вертыкаль беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка даручыў унесці Любань у дзяржаўную інвестыцыйную праграму па прыкладзе Астраўца. "Як у Астраўцы, дзе атамная станцыя, так і тут павінна быць - самы сучасны, прыгожы горад гарнякоў. Каб ён не ўступаў Салігорску, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Трэба школа - значыць, школа. Трэба дзіцячы сад - значыць, дзіцячы сад. Трэба жыллё - гэта галоўнае. І ў інвестыцыйнай праграме на будучы год усё трэба прадугледзець".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, частка фінансавання будзе выдзяляцца з рэспубліканскага бюджэту, частка - з бюджэту вобласці. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што свае сродкі павінен укладваць і Любанскі раён, яму ж належыць доля ў новым прадпрыемстве. "Нешта - вы, нешта - мы. Але ў дзяржпраграму трэба забіць усё", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў не забываць і аб сельскай гаспадарцы. Лагічна, што горна-абагачальны комплекс запатрабуе вялікай колькасці працоўных рэсурсаў, але, калі гаспадаркі застануцца без людзей, будзе бяда, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама разлічвае, што прадпрыемства будзе прыцягнута да сельскагаспадарчых работ: "Ён павінен дапамагаць сеяць, убіраць і гэтак далей. Я ўжо не кажу аб тым, што тут агародніна, садавіна, плады вакол павінны быць. Гэта значыць, прадпрыемства павінна быць у садзе".

"Таму сацыяльная сфера там, дзе людзі жывуць, і вытворчасць. Але вытворчасць на першым месцы. Людзі павінны разумець: ёсць вытворчасць - ёсць грошы. Няма вытворчасці - няма грошай і ніякай сацыяльнай інфраструктуры быць не можа", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі