Сцяг Панядзелак, 17 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 сакавіка 2023, 21:30

Забяспечыць эканоміку, чаго б гэта ні каштавала. Лукашэнка пра галоўную задачу ўрада

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны - прыярытэтная задача для ўрада ў бягучым годзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мінулы год, калі яго ацэньваць з улікам складанасцей і цяжкасцей, дзякуй богу, прайшлі. Не буду гаварыць, добра мы спрацавалі або дрэнна спрацавалі - прайшлі. Цярпіма, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы галаву ў руку ўзялі, разумеем, якім шляхам ісці, бачым, што трэба рабіць.Таму гэты год, я ўсіх вас, членаў урада, папярэджваю - за эканоміку. Вы павінны эканоміку зрабіць, чаго б гэта нам ні каштавала. Кожны ў сваёй сферы, на сваім месцы. Усе гэта павінны разумець і з гэтага зыходзіць".

Пасяджэнне Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Прэзідэнта прадаўжалася амаль чатыры гадзіны. Пасля аб'ёмнага ўступнага слова кіраўніка дзяржавы, у якім ён выказаўся па найбольш надзённых тэмах, адбылася фундаментальная размова аб перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў, што эканоміка - аснова ўсяго, уключаючы пытанні бяспекі дзяржавы.

УСТАНОЎКА НА РОСТ ВУП

У 2023 годзе трэба не проста кампенсаваць зніжэнне ВУП мінулага года, але і перайсці да росту. Такую задачу на пасяджэнні паставіў Аляксандр Лукашэнка.

З дакладам выступіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. Яна праінфармавала аб рабоце эканомікі ў 2022 годзе і выніковых паказчыках, а таксама падзялілася статыстыкай па актуальнай праблематыцы.

Рэагуючы на яе выступленне, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зніжэнне ВУП прыкладна на 4 працэнты - гэта шмат. "Калі б гэта быў 1-1,2 працэнта - і палітычна, і з усіх бакоў гэта было б больш-менш. 4 працэнты - гэта вы проста няправільна зразумелі тое, што я вам гаварыў: вы з Нацыянальным банкам спыніліся ў канцы трэцяга квартала - чацвёртым. Трэба ў бягучым годзе гэта ўсё аднаўляць і перасягаць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Не забывайце (на гэта мы звернем у бягучым годзе асаблівую ўвагу): у цэлым нібыта недзе добра, а колькі прадпрыемстваў, колькі тысяч людзей працуюць няважна? Тэмпература па шпіталі нядрэнная, а колькі там, у "падвале", людзей з нізкімі паказчыкамі мы маем у эканоміцы? Таму схавацца за агульныя, сярэднія лічбы не атрымаецца".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на перапоўненасць складоў вырабленай тэхнікай. "Міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў пераконваюць, што "мы вось тут, як звычайна, у пачатку года запас ствараем" і іншае. Гэты запас - гэта вымыванне абаротных сродкаў. Гэта застылыя грошы на складзе. І потым, што значыць запас? Мы ж да ўзроўню мінулага года і мінулых гадоў лічым. І ў дынаміцы гэта рост. Навошта гэты рост? Апраўдання быць не можа".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб адказнасці за падзеж жывёлы: "Мужыкі, губернатары, гэта вам цяжка абыдзецца. Ніхто вас угаворваць больш не будзе. Побач ці наперадзе будзе міністр стаяць. Ён у нас доктар, ветурач. Вы галавой адкажаце разам з губернатарамі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Раскрытыкаваў кіраўнік дзяржавы і работу па выбарцы крэдытаў, адзначыўшы, што грошы пад праекты выдзеліць гатовы, але саміх па сабе праектаў не прапануецца. "Я гэта ўбачыў па Расіі. Усё, з Прэзідэнтам дамовіліся, грошы выдзяляем. А калі расіяне гавораць: "Беларусы, дайце нам праекты. Паўтара мільярда долараў - дайце нам праекты" - дык цялёпкаліся некалькі месяцаў, і тое пад паўтара мільярда праектаў не набралі", - заўважыў Прэзідэнт.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў на пасяджэнні прааналізаваў выкананне задач па сацыяльна-эканамічным развіцці і даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Паводле яго слоў, па асобных напрамках ёсць шэраг недапрацовак.

"Галоўнае - гэта вынік. Трэба разумець (і гэта мэта нашай сённяшняй сустрэчы), што па выніках гэтага года будзе ўжо такое спагнанне, што далей няма куды. Там ужо не прыхарошыш", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікаў пасяджэння.

Прэзідэнт адзначыў, што недапрацоўваюць дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць. Сярод іншых тэм асаблівая ўвага была ўдзелена сітуацыі ў нафтахіміі, АПК, падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб сваім патрабаванні па арганізацыі рамонту тэхнікі. "Няма самартызаванай тэхнікі. Яна павінна быць адноўлена", - падкрэсліў ён.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, адпаведная работа вядзецца і цяпер практычна ўся тэхніка па краіне гатова да работ. Аднак гэта не выключае той факт, што ў шэрагу сельгасарганізацый у гэтым плане яшчэ могуць быць сур'ёзныя недапрацоўкі. Аляксандр Лукашэнка даручыў КДК у пачатку красавіка праехаць па краіне і даць аб'ектыўную ацэнку фактычным вынікам.

КЛЮЧАВЫЯ ЗАДАЧЫ ДЛЯ ЭКАНОМІКІ

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў назваў тры ключавыя задачы 2023 года для выканання ўстаноўленых параметраў эканамічнага развіцця. "Лічым, што ў гэтым годзе для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця трэба зыходзіць з тых жа задач, якія Прэзідэнт паставіў у Пасланні беларускаму народу 2022 года. Нагадаю, што гэта былі дзве ключавыя задачы. Першая - забяспечыць устойлівую работу прадпрыемстваў. Другое - зрабіць усё, каб просты чалавек не адчуў на сабе негатыўных наступстваў знешняга націску", - адзначыў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, у 2023 годзе давядзецца вырашыць тры ключавыя задачы для выканання ўстаноўленых параметраў эканамічнага развіцця. "Першая - устойлівая работа рэальнага сектара эканомікі. Другая - праактыўная інвестыцыйная палітыка дзяржавы. Трэцяя - вырашэнне найбольш важных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва: даходы, ЖКГ, дарогі, ахова здароўя і гэтак далей", - дапоўніў прэм'ер.

Паводле яго слоў, у рабоце рэальнага сектара захоўваецца мабілізацыйны падыход 2022 года. "Вынікі студзеня сведчаць, што ключавыя галіны эканомікі адаптаваліся да існуючых умоў. Мінпрам спрацаваў на ўзроўні 104,9 працэнта, "Беллегпрам" - 105,5 працэнта, "Белнафтахім" - 102,5 працэнта, "Белдзяржхарчпрам" - 124,9 працэнта. Паводле аператыўных даных, індэкс фізічнага аб'ёму прамысловай вытворчасці за 2 месяцы павялічыўся яшчэ на 2,3 працэнтнага пункта і склаў 98,2 працэнта. У цэлым па студзені зніжэнне ВУП тэхнічна абумоўлена высокай базай (студзеня. - Заўвага БЕЛТА) 2022 года па асобных галінах. Такая ж тэндэнцыя будзе назірацца па выніках лютага. У сакавіку выйдзем на тэмпы вышэйшыя за 100 працэнтаў", - сказаў Раман Галоўчанка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу ўрада, што варта арыентавацца ў тым ліку і на высокую базу мінулых перыядаў, а не на тое, што страцілі ў 2022 годзе. "Нам трэба дабаўляць, ды яшчэ і як дабаўляць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Урад працуе ў рэальных умовах і ведае, чым жыве сёння кожнае прадпрыемства, запэўніў прэм'ер-міністр.

"Год толькі пачаўся. Першы квартал мы будзем бачыць у красавіку. Таму, паглядзім, пройдзе першы квартал, даложыце", - сказаў Прэзідэнт.

Асобна Раман Галоўчанка далажыў аб рэалізацыі інвестпраектаў у рэгіёнах. Тут галоўныя патрабаванні - акупнасць і зваротнасць рэсурсаў. Увесь мінулы год урад адпрацоўваў даручэнне Прэзідэнта аб рэалізацыі ў бягучай пяцігодцы ў кожным раёне як мінімум аднаго інвестпраекта. Кожны раён мог самастойна распрацаваць і занесці праект для рэалізацыі на сваёй тэрыторыі.

САЦЫЯЛЬНАЯ СФЕРА

Блок даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі датычыўся пытанняў сацыяльнай сферы. "Я хачу вашу ўвагу звярнуць на сацыяльны складнік. Вось, кажуць, ахова здароўя, школы мы тут пабудуем і гэтак далей. Ведаеце, у нас няма нейкай крытычнай сітуацыі ў ахове здароўя і ў адукацыі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такіх сацыяльных аб'ектаў у краіне ўжо дастаткова пабудавана, і трэба ў асноўным завяршыць тыя, што пачаты. Але самае галоўнае - усюды навесці належны парадак. Адзін з прыкладаў - недахопы ў рабоце ўстаноў аховы здароўя, якія выяўляюцца створанай нядаўна міжведамаснай рабочай групай. "Бардак там сур'ёзны ў ахове здароўя. Я хацеў бы, каб міністр у гэтым плане працаваў з той групай, якая цяпер калясіць па ўсёй краіне", - заявіў беларускі лідар.

"Хопіць гэтых бальніц. Трэба ў гэтых парадак навесці. Пачалі недзе будаваць (у Гродне ці яшчэ) - давайце закончым і не будзем лезці ў новыя будоўлі. Тым больш па школах", - сказаў Прэзідэнт.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка далажыў, што адпаведныя даручэнні кіраўніка дзяржавы ўжо рэалізуюцца на практыцы: "Тое, што ёсць, трэба абавязкова дабудоўваць. Так, ёсць выключныя выпадкі па дзіцячых садах. Вось 12 дзіцячых садоў было пабудавана ў мінулым годзе. Гэта сапраўды вялікія мікрараёны ў буйных гарадах. Але ваша патрабаванне нам зразумела. Гэта абсалютна рэалістычна зрабіць".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым звярнуў увагу, што будаваць і развіваць школы ў населеных пунктах ніжэйшых за аграгарадкі не трэба. Больш мэтазгодна арганізаваць падвоз дзяцей з невялікіх навакольных вёсак ва ўстанову адукацыі ў аграгарадку, дзе ў поўнай меры будзе забяспечана ўся неабходная адукацыйная база. "Адзін настаўнік на ўроку вёў матэматыку, фізіку і гэтак далей для розных класаў. Што гэта за выкладанне? Чаму мы дзяцей навучым? Таму дзяцей лепш падвозіць. Збіраць у аўтобус і падвозіць па пэўных маршрутах. Там і дзіцячы сад, там і школа. Не траціць грошы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта - навесці парадак з бальніцамі, і не толькі ў пытанні рамонту, абслугоўвання, але і з кадрамі. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане звярнуў увагу на магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў і неабходнасць прыняцця дадатковых мер, каб замацоўваць гэтыя кадры на рабочых месцах у рэгіёнах.

Падводзячы вынікі дыскусіі па сацыяльнай тэматыцы, кіраўнік дзяржавы звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай і паставіў задачу сур'ёзна ацаніць стан спраў у гэтай сферы. "Вы ведаеце гэту сферу. Трэба нам гэту сацыялку і тое, што ў яе ўваходзіць, сур'ёзна паглядзець, аб'ектыўна. Не сам урад ацаніць павінен, а стварыць групу людзей", - сказаў беларускі лідар.

ДАРОГІ І ЖЫЛЛЁ

Вядома, рэгіянальнае развіццё немагчыма без падтрымання неабходнай інфраструктуры, у тым ліку дарог. "Для нас цяпер архіважная задача - гэта дарогі. Усе на аўтамабілях. Недзе там па ЖКГ нейкія пытанні трэба вырашыць. Віцэ-прэм'ер мне дакладваў: ён узяў на ўзбраенне ў кожнай вёсцы бетанаваць дарогу. Не асфальт, а бетон. Таму што яе парэжуць (у выпадку з асфальтавым пакрыццём. - Заўвага БЕЛТА), а бетон будзе ляжаць. І наогул мы дамовіліся больш цэменту выкарыстоўваць на гэта. Але не выконваецца ж", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Як і ў выпадку са школамі, Аляксандр Лукашэнка патрабуе гаспадарскага падыходу, з улікам тэндэнцый у развіцці рэгіёнаў: "Трэба рабіць там, дзе перш за ўсё трэба. Калі там нейкая вёсачка, дзе два чалавекі, - трэба шліфануць гэту дарогу. І не трэба там бетон выкладваць. У аграгарадках, раённых цэнтрах недзе гэтыя дарогі - там, дзе вельмі трэба і дзе заўтра будуць жыць людзі. Толькі такі павінен быць, гаспадарскі падыход".

Што датычыцца жылля, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз пацвердзіў, што дзяржава ў першую чаргу падтрымае сем'і ваенных і шматдзетных. "Па пяць, па трое, чацвёра дзяцей - давайце ім пабудуем жыллё. Яны ж галоўную праблему для нас вырашаюць. Таму так, трэба будаваць жыллё і не перабраць, каб людзі і свае грошы ўкладвалі. Абавязкова трэба не перабраць тут, - сказаў ён. - А то зноў усе будуць сядзець і чакаць: "Я ў чарзе стала ў выканкаме - мне дадуць танныя крэдыты пабудаваць хату". Не. Гэта тым людзям, якія не маюць права наогул бізнесам займацца і зарабляць недзе грошы. Гэта перш за ўсё ваенныя. Мы ж іх пазбавілі ўсяго: ідзіце, служыце. Дык дайце ім хоць кватэру. І гэта не такія вялікія грошы. За паўтара - два гады мы вырашым для ваенных праблему. Добра. Дык і запатрабаваць з іх тады можна".

ЭКАНОМІЯ І РУПЛІВАСЦЬ

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на рацыянальнае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў: "Трэба эканоміць грошы. Я не першы год працую і ў мяне ў гэтым плане інтуіцыя і чуццё".

Прэзідэнт упэўнены, што нельга самазаспакойвацца на фоне таго, што краіна ў цэлым нядрэнна спраўляецца з санкцыйнымі выклікамі. "Самае страшнае - заспакоіцца... Нельга заспакойвацца", - сказаў ён.

"Я вас прасіў - вы мне дайце эканоміку. Урад, губернатараў, старшынь, усю вертыкаль - дайце эканоміку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усе астатнія пытанні мы вырашым. Таму мабілізоўвайцеся ўсе і прадаўжайце рабіць тое, што мы рабілі ў мінулым годзе, калі нас аглушылі гэтымі санкцыямі".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожны павінен на сваім месцы працаваць максімальна эфектыўна. "Ведаем, куды ісці. Але трэба шліфаваць, - заявіў беларускі лідар. - Мы справімся з гэтай абстаноўкай".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба рацыянальна расходаваць сродкі ў сістэмах тых ці іншых міністэрстваў і ведамстваў. У якасці аднаго з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка прыгадаў наяўнасць вялікай колькасці арганізацый па павышэнні кваліфікацыі, якія існуюць пры ведамствах, у той час як адпаведную работу часам было б рацыянальней арганізаваць на базе асноўных дзеючых ВНУ.

"Калі мы хочам павысіць нейкую кваліфікацыю, ну давайце на базе дзеючых універсітэтаў гэта рабіць. Навошта асобна ствараць структуры і іх фінансаваць? Прачніцеся нарэшце і паглядзіце, куды вы траціце грошы. Зразумела, у вас не хопіць ні настаўнікаў, ні ўрачоў таму, што яны чорт ведае на што адцягнуты", - заўважыў беларускі лідар.

Блок сацыяльных пытанняў абмяркоўваўся ў час даклада намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі. Размова ішла аб рабоце ўстаноў сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры. У якасці прыкладу разглядаўся інстытут павышэння кваліфікацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Прэзідэнт спытаў кіраўніка міністэрства Ірыну Касцевіч, наколькі абгрунтавана і неабходна наяўнасць асобнага такога інстытута. "Галіна - 40 тысяч чалавек, яна шматпланавая і шматпрофільная, - адказала міністр. - У год мы павышаем кваліфікацыю работнікаў па ўсіх напрамках ад 1,5 тыс. да 1,8 тыс. чалавек". Гэта, напрыклад, спецыялісты па сацыяльнай рабоце, па рэабілітацыі, якія асвойваюць новыя падыходы ў сацыяльнай рэабілітацыі.

"Справа ў самой сутнасці, у сістэме: калі рэабілітацыя, то ў рэабілітацыйным цэнтры (правесці заняткі па павышэнні кваліфікацыі. - Заўвага БЕЛТА). А чаго выкладчыка клікаць у міністэрства на 5-ы паверх. Адвязі туды, дзе рэабілітацыю праводзяць", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

"Лішніх грошай няма. Добра ў цябе - 60 (колькасць работнікаў інстытута пры Мінпрацы. - Заўвага БЕЛТА). Але гэта ж у кожнага міністра гэтыя ўніверсітэты-інстытуты", - заўважыў Прэзідэнт.

Як растлумачыў па гэтай тэме старшыня КДК Васіль Герасімаў, часта работа, якая павінна ажыццяўляцца міністэрствамі, перакладаецца на гэтыя інстытуты. "Тым самым колькасць, якую мы вызначаем па дзяржапараце, раздута за кошт гэтых незразумелых структур, якія побач", - абазначыў праблему кіраўнік ведамства.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы аргументы за і супраць, даручыў да канца года разабрацца з пытаннем такіх інстытутаў ва ўсіх галінах. "Трэба ўшчыльняцца", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

У цэлым ён запатрабаваў наводзіць парадак у кожным пытанні, і гэта датычыцца ўсіх ведамстваў, у тым ліку сілавых структур.

"Мы павінны ўсё прывесці ў ідэальны стан", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

КАНТРОЛЬ У ЦЭНАЎТВАРЭННІ

Кантроль цэн у Беларусі не прадугледжвае планавую эканоміку, як у Савецкім Саюзе, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца кантролю цэн. Не мы павінны камандаваць. Вось першы крок зрабілі, па галаве надавалі (адказным за цэнаўтварэнне. - Заўвага БЕЛТА) - зразумелі палітыку дзяржавы: справядлівыя цэны. А далей яны самі павінны па вашых правілах, якія вы выпрацавалі, устанаўліваць цэны. Мы не адрэгулюем ім цэны. Няма планавай эканомікі, як у Савецкім Саюзе", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што неабходна даводзіць пэўную планку, знаходзіць аптымальны варыянт, каб, з аднаго боку, не завышаліся цэны, а з іншага - не стварыць дэфіцыту тавараў. "Трэба бачыць дакладны прагноз, а не бачыш - тады будзем чакаць па факце", - сказаў Прэзідэнт.

Ён лічыць правільным, калі самі вытворцы і гандаль будуць устанаўліваць цэны. Але пры гэтым павінна быць тая самая планка, устаноўленая правіламі дзяржаўнага рэгулятара, якую нельга пераступіць. "Таму трэба менавіта да гэтага прыйсці. А так яны прыбягуць і скажуць: "Вы нам абмежавалі!" А мы ж кожнаму сабекошт не палічым. Мы ж разумеем як эканамісты, што ўсё не палічыш. Таму павінен быць парадак нейкі, каб яны разумелі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пытанні цэнаўтварэння ён строга патрабаваў навесці парадак, аж да крымінальнай адказнасці. Ён таксама адзначыў, што не павінна быць перакосаў у сацыяльным плане і звышдаходаў у гандлі, калі месячныя зарплаты даходзяць да некалькіх дзясяткаў тысяч долараў: "Гэта што, нармальна? Што, лягчэй ва ўрадзе, чым яму, працаваць? Не. У сем разоў складаней. Але ў вас зарплата ў 10 разоў меншая. А то і больш, чым у 10 разоў. Але няўжо гэта справядліва? І людзі ж гэта бачаць. І думаюць: "А куды Прэзідэнт глядзіць?"

"Таму не трэба адступаць. Але трэба выпрацоўваць нармальныя метады, якія спрацуюць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

СТАЎКІ І КРЭДЫТЫ

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур на пасяджэнні Савета Міністраў, характарызуючы макраэканамічную сітуацыю ў 2022 годзе, адзначыў, што яна запатрабавала перамяшчэння акцэнтаў і прыняцця ўсебаковых мер па адаптацыі нацыянальнай эканомікі да змяненняў аперацыйнага асяроддзя. "Грашова-крэдытная палітыка была арыентавана на падтрыманне эканамічнай актыўнасці. У бягучым годзе выпрацаваныя сумесна з урадам падыходы захаваюцца. Разам з забеспячэннем цэнавай і фінансавай стабільнасці, аказаннем рэсурснай падтрымкі эканомікі і суправаджэннем знешнегандлёвай дзейнасці застануцца прыярытэтнымі задачамі на бягучы год. Гэта дасць магчымасць, не парушаючы макраэканамічнай збалансаванасці, сфарміраваць неабходныя ўмовы для эканамічнага развіцця краіны і павышэння якасці жыцця нашых грамадзян", - адзначыў ён.

Павел Калаур разлічвае, што працэнтная стаўка па новых рыначных крэдытах юрыдычным асобам у нацыянальнай валюце на канец года не перасягне 10 працэнтаў гадавых.

"Павел Уладзіміравіч, нам трэба 8-8,5 працэнта, - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка Нацбанка. - Вось гэта будзе абавязацельства! Гэта якраз укладваецца - не больш жа як 10 працэнтаў".

Павел Калаур таксама растлумачыў, што ёсць праграмы льготнага крэдытавання з больш нізкай, чым рыначная, крэдытнай стаўкай.

Размова таксама ішла аб тым, каб банкаўская сістэма па магчымасці забяспечвала больш доўгія тэрміны крэдытавання для прадпрыемстваў, каб яны маглі больш актыўна інвесціраваць у сваё развіццё.

Як паведамлялася БЕЛТА, на нарадзе Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу стварыць адзіны цэнтр садзейнічання прадпрыемствам у праходжанні плацяжоў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках маніторынгу прадпрыемствы, асабліва ў рэгіёнах, крытыкуюць работу банкаўскай сістэмы. Асноўных прэтэнзій дзве. Першая - недастатковая дапамога банкаў у пошуку маршрутаў плацяжоў (кульгае нават кансультацыйная падтрымка). Другая - зацягнутыя тэрміны разгляду крэдытных заявак. "Пры гэтым часта банкі нават не турбуюць сябе інфармаваннем саіскальніка аб выніку", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я папярэджваю вас, Павел Уладзіміравіч. У нас банкаўская сістэма - нібы дзяржава ў дзяржаве. Я каторы раз аб гэтым гавару. Гэтага быць не павінна", - прадоўжыў беларускі лідар.

"Дзе гэта рацыянальна, уважліва трэба перагледзець працэдуру фінансавання. Прадпрыемствы не могуць чакаць тыднямі і месяцамі, пакуль іх заяўку адобраць або завернуць, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Банкаўская сістэма павінна генерыраваць аптымальныя па тэрмінах і кошце рэсурсы для задавальнення попыту на крэдыты".

ПРАМЫСЛОВАСЦЬ І СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА

Прэзідэнт на пасяджэнні Савета Міністраў таксама падрабязна распытаў аб сітуацыі ў падведамных галінах профільных віцэ-прэм'ераў, у тым ліку Пятра Пархомчыка і Леаніда Зайца, якія адказваюць за прамысловасць і сельскую гаспадарку.

Адной з тэм, якая абмяркоўвалася з удзелам віцэ-прэм'ера Пятра Пархомчыка, стала работа прамысловасці і некаторы рост складскіх запасаў на асобных прадпрыемствах. "Я не бачу пакуль крытычнай заклапочанасці па запасах. Тым больш па выніках студзеня мы правялі вельмі сур'ёзную нараду з прысутнасцю ўсіх галіновых міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дапусцілі такую дынаміку", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Ён адзначыў, што ў некаторых выпадках наяўнасць складскіх запасаў залежыць ад сезоннасці, каб стварыць неабходную асартыментную базу для задавальнення сезоннага попыту.

Калі ж гаварыць пра работу галіны ў цэлым, то за студзень гэтага года тэмп росту індэкса прамысловай вытворчасці - 104,9 працэнта, люты - 108 працэнтаў, праінфармаваў Пётр Пархомчык. "Паглядзім, як спрацуеш, цябе вучыць няма чаго - учарашні дырэктар, ды яшчэ і міністр прамысловасці (раней Пётр Пархомчык узначальваў ААТ "БелАЗ" і займаў пасаду міністра прамысловасці. - Заўвага БЕЛТА). Прамысловасць, сельская гаспадарка - гэта ўсё", - адрэагаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся не толькі агульнай сітуацыяй па галіне, але і падрабязна распытаў віцэ-прэм'ера, ці ёсць прадпрыемствы або працэсы, якія выклікаюць асаблівую насцярожанасць. Размова ішла, у прыватнасці, аб сельгасмашынабудаванні, асаблівасцях паставак тэхнікі на замежныя рынкі.

У размове з віцэ-прэм'ерам Леанідам Зайцам Прэзідэнт зноў звярнуў увагу на праблему з падзяжом жывёлы ў асобных сельгаспрадпрыемствах і запатрабаваў неадкладнага прыняцця мер для яе вырашэння. Акрамя таго, размова ішла аб сітуацыі ў праблемных гаспадарках Віцебскай вобласці. На думку віцэ-прэм'ера, трэба ўзмацніць кіраўніцкую дысцыпліну і павысіць адказнасць кіраўнікоў мясцовай улады, старшынь райвыканкамаў за вынікі працы ў АПК.

Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні таксама цікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні адносна стабфондаў. Размова аб забеспячэнні захаванасці вырабленай сельгаспрадукцыі і рэалізацыі яе ў гандлі ў міжсезонне.

Традыцыйна нагадаў кіраўнік дзяржавы і аб надыходзячай пасяўной кампаніі. Яе неабходна правесці бездакорна, на самым высокім узроўні. "Паколькі прадукты харчавання цяпер - гэта залатая жыла. Цэны шалёныя, такіх ніколі не было і, магчыма, не будзе. Таму ўжо сёння думайце, дзе будзем захоўваць", - заўважыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі