Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 лістапада 2024, 09:51

За мір і парадак. Подпісаў за вылучэнне Лукашэнкі на новыя выбары ўжо ў 15 разоў больш

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада сустрэўся з кіраўніком і каардынатарамі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне дзеючага кіраўніка дзяржавы кандыдатам на маючых адбыцца ў студзені прэзідэнцкіх выбарах, паведамляе БЕЛТА.

За вылучэнне дзеючага кіраўніка дзяржавы па стане на раніцу 21 лістапада было сабрана ўжо больш за 1 млн 581 тыс. подпісаў, і гэта работа будзе прадоўжана.

Ініцыятыўныя групы патэнцыяльных кандыдатаў у Прэзідэнты збіраюць подпісы грамадзян на працягу месяца. Гэта кампанія стартавала 7 лістапада і завершыцца 6 снежня. Каб афіцыйна стаць кандыдатам, трэба выканаць шэраг заканадаўчых патрабаванняў. Адно з іх - прадставіць у ЦВК не менш за 100 тыс. подпісаў грамадзян. Гэта мінімальна патрабуемая колькасць, і звычайна патэнцыяльныя кандыдаты стараюцца набраць подпісы хаця б з невялікім запасам, бо ў ходзе праверкі нейкую частку могуць адбракаваць. Прычынай элементарна можа стаць, напрыклад, няправільна аформлены падпісны ліст. Ад памылак і хібнасцей жа ніхто не застрахаваны, тым больш калі ў камандзе працуюць сотні і нават тысячы чалавек.

Але што датычыцца дзеючага Прэзідэнта, то яго "залаты запас" подпісаў грамадзян ужо такі, што хапіла б не на адну электаральную кампанію.

Аб ініцыятыве ФПБ аказаць падтрымку Прэзідэнту

Кіраўнік дзяржавы ўдзячны Федэрацыі прафсаюзаў і асабіста Юрыю Сянько не толькі непасрэдна за збор подпісаў, але і за праяўленую ініцыятыву заняцца гэтай цяжкай работай.

"Для мяне гэта таксама была праблема. Шчыра кажучы, я і з Адміністрацыяй раіўся, як будзем рабіць, што будзем рабіць. І яны раптам уносяць прапанову, што прафсаюзы гатовы выканаць гэту работу. Ну, я перахрысціўся. Думаю, дзякуй богу, не трэба самому там ствараць і нешта думаць. Гэта вельмі важна. І я ўжо сказаў, што я вельмі ўдзячны ўсім вам - каардынатарам і тым групам, якія створаны ў рамках ініцыятыўнай групы", - адзначыў Прэзідэнт.

Аб удзячнасці шматтысячнаму калектыву і ўласным вопыце на пікетах

Дарэчы, у ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі больш за 17 тыс. чалавек. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што нават калі б і захацеў сустрэцца адразу з усімі, то гэта было б практычна немагчыма зрабіць - менавіта па прычыне іх шматлікасці. Тым не менш праз кіраўніка групы - старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько - і каардынатараў кіраўнік дзяржавы перадаў шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто ўключыўся ў гэту агульную справу. "Хачу вам шчыра падзякаваць за тую работу, якую вы правялі і праводзіце. Не ведаю, як гэта назваць. Дапамога, напэўна, дзеючаму Прэзідэнту. Я гэта вельмі цаню, - сказаў ён. - Цяпер такая напружаная сітуацыя! Але я папрасіў, каб усе мерапрыемствы адтэрмінавалі. І ўсё ж такі я павінен быў з вамі сустрэцца. Я вас вельмі прашу, наколькі гэта магчыма, па той структуры, якая вамі створана, каб вы мае словы ўдзячнасці перадалі тым людзям, якія працуюць на нашу карысць".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на сваім асабістым вопыце ведае, наколькі гэта цяжкая праца: "Я сам некалі гэтым займаўся ў першыя свае выбары. Таму што трэба было і самому хадзіць да людзей. Я не проста там кантраляваў нешта. Я браў падпісныя лісты, хадзіў да людзей, у пікетах стаяў, каб людзі ўбачылі на свае вочы маладога чалавека, які рызыкнуў кінуць выклік магутнай машыне і вылучыць сваю кандыдатуру кандыдатам у Прэзідэнты".

Аб рабоце ў рамках закону і нечаканым выніку

Аляксандр Лукашэнка вельмі красамоўна ацаніў прамежкавы вынік - паўтара мільёна сабраных подпісаў: "Гэта катастрафічная работа. Я нават не чакаў, што так будзе". Гэта значыць кіраўнік дзяржавы, вядома, задаволены вынікам, бо лічба, ды яшчэ за два тыдні да фінішу гэтай кампаніі, больш чым значная.

Галоўнае, патрабуе беларускі лідар, не павінна быць ніякага націску на людзей. Подпіс - справа добраахвотная. Ды і беларускае заканадаўства, дарэчы, дазваляе падтрымаць вылучэнне адразу некалькіх ці нават усіх патэнцыяльных кандыдатаў. А вось каму менавіта аддаць свой адзіны голас на выбарах, давядзецца ўжо вызначацца ў студзені непасрэдна ў працэсе галасавання.

"Вы, не лічачыся з часам, ведаю, што вельмі акуратна і асцярожна ўсё гэта робіце. Нікога не прымушаеце, не націскаеце. Гэта правільна. Правільна таму, што нам гэта не трэба. Гэта абсалютна не трэба. І каб не ствараць потым лішніх пытанняў, даводзіцца вельмі акуратна ў гэтым напрамку дзейнічаць", - сказаў Прэзідэнт. - Не трэба, каб, зноў жа, нас крытыкавалі: "А, вось Прэзідэнт, зразумела, мы тут ледзь ці не на кагосьці націснулі і кагосьці прымушаем...". Усё роўна скажуць. Але няхай гэта будуць фэйкі, але не праўда. Мы законы выконваем".

Аб добрым сацыялагічным зрэзе і акцэнце на меркаваннях людзей

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адзін з самых важных аспектаў у час збору подпісаў - гэта ўзаемадзеянне членаў ініцыятыўнай групы з людзьмі. "Я вас вельмі прасіў бы, каб у вас былі сканцэнтраваны ўсе тыя даныя (якія агучваюць грамадзяне ў час збору подпісаў. - Заўвага БЕЛТА), і вы мяне праінфармавалі, каб я ведаў, аб чым людзі гавораць, на што трэба звяртаць увагу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта добры сацыялагічны зрэз. Лепшага не бывае. Толькі сумленна мне напішыце, што добрага людзі сказалі, - двума радкамі - і ўсё астатняе, што патрабуюць людзі і што дрэннага, з іх пункту гледжання. Гэта вельмі важна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Праблемы, якія трывожаць людзей, для мяне вельмі важныя. І мы будзем, зразумела, у гэтым напрамку працаваць і выпраўляць тыя недахопы, якія людзі заўважаюць".

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў пратакольнай частцы мерапрыемства звярнуўся да СМІ, нагадаўшы ім аб наяўнасці і іншых патэнцыяльных кандыдатаў у Прэзідэнты, чые ініцыятыўныя групы таксама працуюць над зборам подпісаў. "Я прасіў бы журналістаў - перадайце сваім кіраўнікам: калі нехта з кандыдатаў у Прэзідэнты, якія збіраюць подпісы, захоча нешта расказаць вось у такім плане, як гэта цяпер адбываецца, гэта трэба зрабіць. Прапануйце. Калі яны хочуць. Не хочуць - гэта іх права", - паклапаціўся кіраўнік дзяржавы.

І трэба ж разумець, гэта не дзеля піяру. Прэзідэнта і тут у першую чаргу цікавіць меркаванне грамадзян па тых ці іншых праблемных пытаннях. Калі пакідаючы подпісы за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі грамадзяне ў асноўным падтрымліваюць цяперашнюю палітыку, то не выключана, што ў размове з прадстаўнікамі альтэрнатыўных кандыдатаў якраз можа гучаць канструктыўная крытыка.

"Для мяне важна, як ідзе гэты збор, што людзі гавораць. Для мяне гэта важна як Прэзідэнта. Што, можа, не важна для іншых кандыдатаў, але для мяне - важна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як расказаў журналістам Юрый Сянько, сёння ў месцах збору подпісаў ёсць уся неабходная інфармацыя. Але людзі цудоўна ведаюць Прэзідэнта і тую работу, якую ён праводзіў і праводзіць. "І, вядома ж, упэўнены, што гэта палітыка, гэтыя падыходы не будуць мяняцца. Менавіта з такім наказам і такімі пасыламі людзі падыходзяць і пакідаюць подпіс за Прэзідэнта нашай краіны. Што захаваецца той мір, парадак, падыходы ў пытаннях руху нашай краіны наперад і на будучае. З такім наказам, такой просьбай людзі прыходзяць. Таму адзінства духу ў нашай краіне, што мы разам, яно адчуваецца", - расказаў кіраўнік ініцыятыўнай групы.

Аб прадаўжэнні збору подпісаў

Здавалася б, 1,5 млн подпісаў - гэта больш чым дастаткова і можна спыніць збор. Але Аляксандр Лукашэнка іншага меркавання. І справа не ў жаданні сабраць як мага больш, а ў тым, каб кожны жадаючы ў адведзены законам тэрмін змог рэалізаваць сваё права. Калі хочаце, заявіць пра сваю грамадзянскую пазіцыю.

"Да 6 снежня ў нас збор подпісаў. Таму яшчэ раз хачу з вамі параіцца, як мы будзем дзейнічаць далей. Я ўжо гаварыў аб тым, што, напэўна, трэба спыніць збор, але гэта будзе няправільна, таму што людзі папракнуць. 6 снежня, значыць, да 6 снежня мы недзе павінны прысутнічаць, каб жадаючыя маглі прыйсці і распісацца", - даручыў беларускі лідар.

Ён папрасіў членаў ініцыятыўнай групы самім вызначыцца, як дзейнічаць далей, але нікога залішне не напружваць. "Не трэба напружваць членаў ініцыятыўнай групы, каб яны бегалі, перанапружваліся. Бегалі па дамах за людзьмі і чагосьці прасілі або стваралі лішнія пункты збору подпісаў. І так сабрана дастатковая колькасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Выбары Прэзідэнта Беларусі. Каляндарны план
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі