Сцяг Пятніца, 16 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 лютага 2025, 14:19

За які непарадак з цэнамі крытыкуе Прэзідэнт? Расказваем на прыкладзе простай бульбы

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя айчыннай прадукцыі на ўнутраным рынку не павінна быць больш стратная, чым пастаўкі імпартных тавараў. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу 28 лютага ў час нарады па новай сістэме рэгулявання цэн, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці выканана яго даручэнне па стварэнні стабілізацыйных фондаў і забеспячэнні насельніцтва ў зімова-веснавы перыяд айчыннай агароднінай і садавіной. "Не выканалі і за гэта адкажаце, - папярэдзіў ён. - Аказваецца, у нас бульбы няма. У нас бульба на колькі падаражэла? У міжсезонны перыяд рост цэн на бульбу які? Мы што, бульбы не можам вырасціць патрэбную колькасць, пакласці ў склеп і потым насельніцтву прадаць?"

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу КДК разабрацца ў гэтым пытанні і ўнесці свае прапановы. "Выгнаць трэба гэтых кіраўнікоў. Бульбу не можам вырасціць у дастатковай колькасці! Цэны за два месяцы на 10 працэнтаў падскочылі на бульбу", - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён заўважыў, што беларуская бульба не горшая за імпартныя сарты, галоўнае - забяспечыць яе належнае захоўванне. Прэзідэнт расказаў пра асабісты вопыт: вырашчаная на падворку бульба захоўваецца ў звычайным агароднінасховішчы, проста выконваюцца тэхналогіі, таму яна ніколькі не сапсавалася.

"Выбудавалі сістэму так, што імпарт, больш выгадна завозіць у гандаль, чым прадаваць сваё. Не так? Гэта ж непарадак! Якое гэта рэгуляванне, гэта карупцыя. Якому імпарцёру, які з Егіпта ці Расіі, Казахстана завозіць тавар, вы хацелі падыграць? Дакажыце мне, што ён вам не заплаціў нешта, у лапу не даў. Я, вядома, не збіраюся вас папракаць у тым, што вам давалі хабар за гэта, але, выбачайце, гэта падазрэнне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што агародніна павінна восенню закладвацца ў сховішчы, так званыя стабілізацыйныя фонды, каб зімой яе можна было прадаваць насельніцтву па звычайных цэнах.

Асобнае пытанне - будаўніцтва цяпліц, якія дадуць магчымасць вырошчваць агародніну нават не ў сезон. "Гавару гэта таму, што ў мяне кавалак гэтай цяпліцы ёсць. Я ў тыдзень тры разы бачу, як растуць памідоры і агуркі. Ужо месяц таму з'явіліся агуркі. Памідоры праз месяц-паўтара будуць. Але той, хто займаецца прафесійна гэтым, ужо сёння мае гэтыя памідоры. І мы можам такім чынам збіць цэны, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Кавалачак цяпліцы ўзяў, каб бачыць, магчыма гэта ці не. Аказваецца, магчыма. А чаму вы не робіце? Вы што, мужыкі, зажраліся?"-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі