Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 снежня 2020, 13:24

"За асаблівыя заслугі" - амапаўцы ўручылі Лукашэнку чорны берэт

30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання атрада міліцыі асобага прызначэння ГУУС Мінскага гарвыканкама быў удастоены чорнага берэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рашэнне ўручыць кіраўніку дзяржавы гэты знак узнагароды амапаўцаў (для атрымання чорнага берэта неабходна прайсці спецыяльныя выпрабаванні) прыняў савет камандзіраў атрада.

Аляксандр Лукашэнка пажартаваў, што наўрад ці здасць неабходныя выпрабаванні на права нашэння берэта. Але, як растлумачыў камандзір АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба, чорны берэт уручаны Прэзідэнту "за асаблівыя заслугі". Гэта прадугледжана адпаведным палажэннем. "Вы былі з намі ў баявых парадках, і цяпер вы паўнацэнны баец АМАПа", - сказаў Дзмітрый Балаба.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка сёння ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам праваахоўных органаў і ваеннаслужачым. Цырымонія адбылася ў мінскім атрадзе міліцыі асобага прызначэння.

"Хачу, каб вы разумелі маю пазіцыю. Яна нязменная: наш абавязак перад сучасным і будучымі пакаленнямі - захаваць краіну. Час выбраў проста нас. І мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала. Захаваем для ўсіх нас, нашых дзяцей і ўнукаў. У гэтым мая і ваша галоўная задача. Калі хочаце, гістарычная місія, - заявіў Прэзідэнт. - Шчыра і адкрыта вам гавару, і няхай яны (праціўнікі дзеючай улады. - Заўвага БЕЛТА) пачуюць: калі б людзі ў пагонах дарэмна елі хлеб, як яны кажуць, калі б у тыя жнівеньскія дні вы пахіснуліся, мы сёння жылі б у іншай краіне. І наогул, ці жылі б мы, і ці існавала б гэта краіна... Гавораць, вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе яшчэ крыху часу і тыя, хто сёння не разумеюць і процістаяць нам на чыстых мінскіх вуліцах, зразумеюць, што зрабілі вы ў гэтым годзе".

Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў размяшчэнне атрада, дзе азнаёміўся з рознымі варыянтамі экіпіроўкі праваахоўнікаў і бытавымі ўмовамі супрацоўнікаў груп хуткага рэагавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі