Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 ліпеня 2019, 00:54

Выступленне Прэзідэнта Беларусі на цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў

Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі на цырымоніі ўрачыстага закрыцця II Еўрапейскіх гульняў

Дарагія сябры!

Лічаныя мінуты засталіся да фінальных акордаў II Еўрапейскіх гульняў. Гэта было свята яркіх незабыўных уражанняў і моцных эмоцый. Было ўсё: радасць, шчасце і расчараванне. Такі яго вялікасць спорт.

Гэта было свята дружбы і яднання, гарачага запалу спаборніцтваў, якія з'ядналі мільёны жыхароў Еўропы ў адну вялікую сям'ю. Але перш за ўсё мы падарылі яго сабе, беларусам, як сведчанне нашых магчымасцей і таго, што мы горы можам звярнуць, але толькі тады, калі мы разам.

Для гасцей мы шырока расчынілі ўсе дзверы Беларусі - краіны сярэднееўрапейскіх памераў, што жыве і развіваецца па сваіх законах і традыцыях, якія ідуць з глыбокай даўніны стагоддзяў. Краіны, якая не стварае праблем і не выстаўляе прэтэнзій суседзям. Яны, гэтыя суседзі, у нас вельмі розныя, і ладзіць з імі часам няпроста.

На працягу дзесяці дзён на мінскіх арэнах панавала цёплая атмасфера ўзаемапавагі. Яе стваралі ўсе вы - жыхары і госці Беларусі. Усе, хто любіць спорт, верыць у сілу алімпійскай місіі, нацэленай на захаванне міру на зямлі.

Увасабленнем гэтай вялікай ідэі стала Полымя міру - сімвал II Еўрапейскіх гульняў. І перш чым пагасіць яго агонь, давайце падзякуем усім, хто ўнёс свой уклад у гісторыю гэтых спаборніцтваў.

Арганізатарам - за вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення спаборніцтваў і ўрачыстых мерапрыемстваў. Журналістам, якія па-спартыўнаму хутка і эфектыўна асвятлялі ўсе падзеі, своечасова знаёмілі гледачоў і чытачоў з самымі моцнымі эпізодамі гульняў. Арбітрам - за сумленную працу і непрадузятае судзейства. І, вядома, усім атлетам, якія самааддана адстойвалі спартыўны гонар сваёй краіны, увайшлі ў гісторыю II Еўрапейскіх гульняў гучнымі рэкордамі і яркімі перамогамі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці вам, валанцёры. Усім вам, хто стаіць тут. Гэта вы амаль кругласутачна працавалі, дапамагалі нашым гасцям, спартсменам адчуваць сябе ў Беларусі гэтак жа ўтульна і камфортна, як дома. Без вашай дапамогі нам было б немагчыма стварыць такую цёплую, шчырую і добразычлівую атмасферу. Я даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта стварыць банк даных валанцёрскага руху і выкарыстоўваць для развіцця краіны вашы веды і таленты. Мы не можам страціць восем тысяч чалавек, якія два гады рыхтаваліся да гэтай падзеі, якія навучыліся аказваць першую дапамогу і падтрымку, якія ведаюць шмат моў. Дзякуй вам вялікі!

Таксама вялікі дзякуй усім балельшчыкам, чыя гарачая падтрымка натхняла ўдзельнікаў спаборніцтваў, зараджала іх верай у поспех і вяла да запаветных вяршынь. Спартсмены прызналіся: дрэнна выступаць пры такой падтрымцы гледачоў было нельга. І спартсмены рабілі ўсё перш за ўсё ў імя вас, нашых балельшчыкаў.

Я звяртаюся да гасцей нашай краіны і горада-героя Мінска: вы наведалі краіну прыгожую і вельмі ўтульную для жыцця і адпачынку, пазнаёміліся з добрым і працавітым народам, які жыве без войнаў, узрушэнняў і канфліктаў. І, калі вы зноў захочаце пачуць цішыню, прыязджайце да нас у Беларусь.

Ну а табе, мілы Лесік, асаблівая ўдзячнасць. Твае сяброўскія абдымкі, непераўзыдзены артыстызм застануцца ў памяці мільёнаў назаўсёды. Ты пакарыў нашы сэрцы, і нам хочацца верыць, што, пайшоўшы ў свой казачны лес, ты не забудзеш нас і яшчэ не раз вернешся сюды.

Дарагія сябры!

Надышоў самы кранальны і сумны момант - мы закрываем ІІ Еўрапейскія гульні. Але не развітваемся, а гаворым: "Да новых сустрэч". Сустрэч у Беларусі. У любы час. Тут заўсёды будуць рады вам.

Вядома, усе мы з нецярпеннем будзем чакаць наступныя Еўрапейскія гульні. І няхай іх гісторыя будзе доўгай і слаўнай!-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі